Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9,5% «дармаедаў» сплацілі збор. Засталося 12 дзён


Паводле зьвестак Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, на 7 лютага 2017 году толькі 44,5 тысячы беларусаў сплацілі падатак на «дармаедаў». Пры гэтым «лістоў шчасьця» было накіравана 470 тысяч. Тэрмін выплаты збору сканчаецца 20 лютага.

Пры гэтым афіцыйных беспрацоўных у Беларусі у 10 разоў меней, чым дармаедаў, паводле статыстыкі 2015 году — 43,3 тысячы. Такое нізкае афіцыйнае беспрацоўе можа быць праз тое, што колькасьць беспрацоўных лічыцца ў Беларусі не па хатніх гаспадарках, а па колькасьці людзей, якія рэгіструюцца на біржы працы, тлумачыў Свабодзе эканаміст Леанід Заіка.

Ад «дармаедаў» дзяржава атрымала 13,4 млн беларускіх рублёў. Калі верыць мэтодыцы дэпутаткі ад АГП Ганны Канапацкай, толькі на адсылку лістоў дзяржава патраціла 1,36 млн рублёў. Намесьнік старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Валер Міцкевіч тлумачыў, што сэнс збору не ў атрыманьні грошай, а ў «скарачэньні ценявой эканомікі», «уцягненьні насельніцтва ў дазволеныя заканадаўствам віды дзейнасьці» і «вяртаньні да стваральнага жыцьця асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця».

Аляксандар Лукашэнка ў час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага заявіў, што даволі невялікая частка беларусаў абурылася дэкрэтам «пра дармаедаў»: «літаральна некалькі тысяч, але вельмі актыўных». Ды толькі пад адным пастом на «Аднаклясьніках» знайшлося больш як 150 тысяч абураных.

Беларусы зьбіраюцца выказваць абурэньне ня толькі ў сацсетках: у розных гарадах Беларусі прызначаныя акцыі пратэсту супраць дэкрэту, галоўныя заплянаваныя на 17 лютага і 15 сакавіка. «Гавары праўду» прапануе закідваць Лукашэнку зваротамі аб скасаваньні «дармаедзкага» дэкрэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG