Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз РЭП сабраў 25 тысяч подпісаў за адмену дэкрэту аб дармаедах


Кіраўнік прафсаюзу Генадзь Фядыніч

1 лютага подпісы плянуюць перадаць у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Такое рашэньне прыняла рада Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Кіраўнік прафсаюзу Генадзь Фядыніч патлумачыў Свабодзе, што дата абраная невыпадкова:

«Справа ў тым, што ўлады маюць 15 дзён на тое, каб нам адказаць. Мы думаем, што яны скарыстаюцца такой магчымасьцю і паведамяць нам сваё рашэньне менавіта праз паўмесяца. А 20 лютага — апошні дзень, калі людзі, якія атрымалі так званыя „лісты шчасьця“, могуць сплаціць гэты падатак.

Таму нам патрэбная розьніца ў 5 дзён, каб вырашыць, як мы будзем дзейнічаць далей. Ёсьць розныя варыянты разьвіцьця падзеяў. Але ж першапачаткова нам трэба ведаць рэакцыю адміністрацыі кіраўніка дзяржавы».

Як было заяўлена на пасяджэньні, на сёньня прафсаюз мае каля 21,5 тысячы электронных подпісаў і каля 5 тысяч на паперы. Да канца дня іх сёньня правераць, каб не было паўтораў, і заўтра накіруюць па прызначэньні. Акрамя адміністрацыі прэзыдэнта, копіі лістоў пойдуць у Палату прадстаўнікоў і ў падатковую інспэкцыю.

Рада вырашыла спыніць збор подпісаў у электронным выглядзе, бо ў апошнія дні іх дадаецца ўсё менш. А вось «папяровыя» подпісы будуць зьбіраць па-ранейшаму. Як заявіў Генадзь Фядыніч, «у гэтым сэгмэнце назіраецца адваротны працэс — тут актыўнасьць людзей толькі нарастае».

XS
SM
MD
LG