Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майк Пэнс выказаў занепакоенасьць у сувязі з эскаляцыяй гвалту ва Ўкраіне


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Па словах віцэ-прэзыдэнта, пытаньне аб працягу або адмене санкцыяў будзе вырашацца ў залежнасьці таго, «ці ўбачым мы зьмены ў пазыцыі Расеі».

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс у інтэрвію АВС News пракамэнтаваў аднаўленьне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, заявіўшы: «Мы назіраем за эскаляцыяй гвалту і вельмі занепакоеныя гэтым». Пэнс устрымаўся ад адказу на пытаньне вядучага Джорджа Стэфанопуласа пра тое, ці агучыў прэзыдэнт Дональд Трамп гэтыя асьцярогі ў тэлефоннай размове з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у мінулыя выходныя. Аднак ён распавёў, што двое лідэраў абмеркавалі крызіс ва Ўкраіне, што ня згадваецца ў афіцыйным паведамленьні Белага дома аб гэтай гаворцы. «Гэтыя абмеркаваньні будуць працягвацца», — сказаў віцэ-прэзыдэнт.

Аднак, нягледзячы на сур’ёзныя асьцярогі з нагоды канфлікту ва Ўкраіне, Пэнс пакінуў адкрытым пытаньне пра магчымасьць адмены санкцыяў супраць Расеі. Калі Стэфанопулас спытаў, ці застануцца санкцыі ў сіле да той пары, пакуль Расея парушае ўмовы перамір’я ва Ўкраіне, Пэнс сказаў: «Гэта пытаньне, на якое трэба будзе адказаць у бліжэйшыя месяцы».

«Усё гэта залежыць ад таго, ці ўбачым мы зьмены ў пазыцыі Расеі і магчымасьці для працы па пытаньнях, што ўяўляюць узаемную цікавасьць», — дадаў Пэнс, удакладніўшы, што гаворка ідзе пра барацьбу з «Ісламскай дзяржавай». Паводле яго слоў, рашэньне будзе прынятае «ў бліжэйшыя месяцы». ЭЗ і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі пасьля таго, як яна анэксавала Крым і пачала ўмешвацца ў канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. Прадстаўнікі адміністрацыі Трампа, у тым ліку сам прэзыдэнт, заяўляюць, што адкрытыя магчымасьці зьняцьця санкцыяў.

Кіраўнікі рэспубліканцаў, у тым ліку сьпікер Палаты прадстаўнікоў Пол Раян і лідэр сэнацкай большасьці Мітч Макконэл, перасьцераглі прэзыдэнта Трампа супраць зьмякчэньня санкцыяў. Макконэл на мінулым тыдні заявіў у інтэрвію АВС: «Калі ўжо на тое пайшло, варта было б падумаць пра ўзмацненьне іх жорсткасьці».

Аднак Пэнс падкрэсьліў вобласьці патэнцыйнага супрацоўніцтва: «У нас з Расеяй ёсьць агульныя інтарэсы ў барацьбе з радыкальным ісламскім тэрарызмам, асабліва з „Ісламскай дзяржавай“, а калі ў нас ёсьць магчымасьці для сумеснай працы, то, я думаю, што прэзыдэнт шукае магчымасьць пачаць гэтыя адносіны з чыстага ліста».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG