Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«СБ. Беларусь сегодня» адрэагавала на заяву «Моладзі БНФ»


2 лютага выданьне апублікавала артыкул «Беларусы будуць прыяжджаць у Расею свабодна, як і раней», дзе Дзяржаўны памежны камітэт тлумачыць сытуацыю на мяжы.

У камэнтары афіцыйнага прадстаўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Антона Бычкоўскага гаворыцца, што «для грамадзян Расеі і Беларусі ўстанаўленьне памежнай зоны нічога не мяняе»:

«Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь 4 верасьня 2014 году быў прыняты Указ № 433, накіраваны на ўключэньне ў памежную тэрыторыю шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак на беларуска-расейскім участку мяжы. Гэты ўказ дазволіў органам памежнай службы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі арганізаваць больш цеснае супрацоўніцтва ў сумесным супрацьдзеяньні транзыту нелегальнай міграцыі, наркатрафіку, незаконнаму перамяшчэньню празь дзяржаўную мяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў. На гэты момант, на думку Дзяржпагранкамітэта, гэтага дастаткова для эфэктыўнага забесьпячэньня памежнай бясьпекі».

Аўтар артыкулу спадзяецца, што такое тлумачэньне «зьнізіць напал форумнага запалу і пазбавіць аргумэнтаў каляпалітычных спэкулянтаў рознай ступені вядомасьці».

У якасьці прыкладу «спэкулянтаў» прыводзяцца «нейкія актывісты „Моладзi БНФ“, якія дагаварыліся да таго, што патрабуюць „разгледзець пытаньне аб усталяваньні паўнавартаснай мяжы з РФ“».

«Пра „каляпалітычных спэкулянтаў рознай ступені вядомасьці“ ў галоўнай дзяржаўнай газэце не напішуць, а нас заўважылі. Заўважылі, бо баяцца. І гэта нездарма — мы набіраем папулярнасьць сярод беларускай моладзі, ладзім вялікую колькасьць культурніцкіх і палітычных акцыяў, актыўна рэагуем на палітычныя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, у тым ліку і на паведамленьне пра ўвядзеньне памежнага кантролю», — пракамэнтаваў Свабодзе старшыня «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч.

2 лютага актывісты «Моладзі БНФ» зь Берасьця і Гомелю зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі і Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем устанавіць памежную зону зь беларускага боку, а таксама выказаліся пра неабходнасьць увядзеньня паўнавартаснага кантролю на мяжы Беларусі і Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG