Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брэнд «Беларусам» хоча судзіцца са слонімскай фабрыкай RomGil


Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil, справа — пад брэндам «Беларусам»
Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil, справа — пад брэндам «Беларусам»

Прадпрымальнік Уладзімер Рамановіч, уладальнік брэнду «Беларусам», пад якім прадаюцца рэчы зь беларускім арнамэнтам, абвясьціў збор сродкаў на судовыя выдаткі. Бо заплаціць з уласных грошай цяпер цяжка: слонімская фабрыка трыкатажу RomGil сплаціла зь ягонага рахунку свае падаткі.

Індывідуальны прадпрымальнік Уладзімер Рамановіч кажа: праблемы пачаліся з таго, што ў лістападзе мінулага году спажыўцы заўважылі вырабленыя на фабрыцы RomGil рэчы, якія паўтараюць дызайн брэнду «Беларусам». Прадпрымальнік цьвердзіць, што ў 2014 годзе прадставіў фабрыцы малюнкі адзеньня і прапанаваў іх да вытворчасьці — каб прадпрыемства вырабляла іх пад ягоным брэндам. Або плаціла нейкі адсотак ад прыбыткаў, калі будзе выпускаць такія самыя рэчы пад уласнай маркай, удакладняе Ўладзімер Рамановіч:

Уладзімер Рамановіч
Уладзімер Рамановіч

«Пагадненьня пра пералічэньне нейкіх адсоткаў за выкарыстаньне нашага дызайну адзеньня заключана не было. Але ж фабрыка фактычна пачала яго рэалізоўваць. Таму я выставіў фабрыцы прэтэнзію — каб бухгальтэрыя ўсё падлічыла і прадпрыемства кампэнсавала выкарыстаньне ідэі адзеньня ў памеры 15%. Замест дамовы я атрымаў зваротную прэтэнзію — пра тое, што завінаваціўся за аплату вырабленых рэчаў. Я тлумачыў, што гатовы заплаціць! Але сьпярша няхай бухгальтэрыя ўдакладніць, якая частка майго доўгу мае быць сьпісаная за выкарыстаньне дызайну. Гэтая прапанова таксама „павісла ў паветры“. Затое прыйшло паведамленьне з падатковай інспэкцыі. Маўляў, з вашага рахунку сьпісаная пэўная сума паводле заявы фабрыкі RomGil».

Паводле спадара Рамановіча, падобныя рэчы практыкуюцца: калі нехта завінаваціўся, то з даўжніка сапраўды могуць сьпісаць падаткі за таго, каму ня сплочаны доўг. Аднак дадзеную сытуацыю ўладальнік брэнду «Беларусам» лічыць несправядлівай. Бо стаіць на сваім: слонімская фабрыка выкарыстоўвае ягоны дызайн і арнамэнт незаконна.

Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil у ЦУМе, справа — пад брэндам «Беларусам»
Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil у ЦУМе, справа — пад брэндам «Беларусам»

У сваю чаргу, дырэктарка фабрыкі RomGil Раіса Мышыцкая тлумачыла Свабодзе пазыцыю прадпрыемства, абвяргаючы прэтэнзіі Ўладзімера Рамановіча. Яна казала, што спадар Рамановіч не ствараў дызайну, а замовіў швэдры і камізэлькі з малюнкамі, распрацаванымі на вытворчасьці. Да тае пары такі дызайн выкарыстоўваўся рэдка, а цяпер ён карыстаецца попытам, і таму было вырашана выпускаць адзеньне з арнамэнтам больш масава.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Ўладзімер Рамановіч разьмясьціў паведамленьне, што рыхтуе заяву ў суд, каб абараніць права на сваю інтэлектуальную ўласнасьць. Што ён мае дастатковую базу доказаў, але ня мае грошай на судовыя пошліны — пасьля сьпісаньня падаткаў ён трапіў у цяжкае матэрыяльнае становішча.

У сям’і Рамановіча гадуюцца двое малых сыноў, а таксама сродкаў вымагае разьвіцьцё вытворчасьці: апроч адзеньня з арнамэнтам, пад брэндам «Беларусам» выпускаюцца канцылярскія тавары, цацкі і сувэніры.

Уладальнік брэнду піша, што просіць матэрыяльнай падтрымкі, і абяцае вярнуць грошы тым, хто яму пазычыць — бо перакананы, што суд ён выйграе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG