Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы фактычна знаходзімся на этапе сярэднявечча, Англіі да Хартыі вольнасьцяў»


Belarus - sad (merry) pictures, prices, economy, crisis, money, privatization, capitalism, ship, oars, sea

Як паўплываюць на бізнэс-клімат у Беларусі апошнія гучныя арышты і прысуды прадпрымальнікам? Ці можна сказаць, што на спробах эканамічнай лібэралізацыі ў Беларусі варта ставіць крыж? Як адсутнасьць недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці і незалежнай судовай сыстэмы ўплывае на разьвіцьцё бізнэсу?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы і палітык і прадпрымальнік Леў Марголін. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: У гэтыя дні адбыліся дзьве падзеі, якія маюць вельмі істотнае дачыненьне да тэмы бізнэс-клімату ў Беларусі. 26 студзеня быў арыштаваны заснавальнік і дырэктар кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандар Кныровіч, а разам зь ім яшчэ 11 чалавек. Кныровіч быў вядомы ня толькі як прадпрымальнік, але і як вельмі актыўны і сьмелы публіцыст. Другі факт — 30 студзеня абвясьцілі прысуд (11 гадоў калёніі і канфіскацыя маёмасьці) былому ўладальніку «Мотавела» Аляксандру Мураўёву.

Ці мяняюць гэтыя падзеі «бізнэс-клімат» у Беларусі, ці тут нічога новага для адмыслоўцаў не адбылося?

Чалы: Наўрад ці гэта нешта мяняе, у сфэры «бізнэс-клімату» і так усё было вядома. Усё больш становіцца выпадкаў, якія паказваюць стаўленьне ўладаў да інвэстараў. Грошы прывозіць можна, а выводзіць назад нельга.

Таксама вельмі спэцыфічнае разуменьне нашымі кантрольнымі органамі бізнэс-рызыкаў. У справе Мураўёва невыкананьне бізнэс-пляну лічылася злачынствам, што само па сабе абсурдна. Бо ў момант прыняцьця рашэньняў ніхто ня можа быць упэўнены, як складзецца бізнэс-каньюнктура. Суадносіны патэнцыйнай даходнасьці і патэнцыйнай рызыкі — гэта якраз аснова для прыняцьця рашэньняў аб інвэставаньні.

А ў Беларусі атрымліваецца, што рызыка падвойная. Ня толькі магчымасьць страціць грошы ў выніку хібных рашэньняў, але яшчэ адпаведныя органы могуць прыйсьці і сказаць — «Калі б вы тады зрабілі па-іншаму, то зарабілі б, а ня страцілі». А калі вы страцілі, то, значыць, нанесьлі страту дзяржаве.

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Цыганкоў: Апошнія гады шмат казалі пра лібэралізацыю бізнэс-клімату, праводзілі розныя канфэрэнцыі з замежнымі інвэстарамі. Усё гэта спарадзіла ў грамадзтве спадзяваньні, што дзяржава будзе цяпер ставіцца да прадпрымальнікаў больш абачліва і далікатна. Гэтыя чаканьні аказаліся неапраўданымі?

Чалы: Яны адпачатку былі завышаныя. Было відавочна, што тое, што робяць улады — гэта паслабленьні і паляпшэньні ў тых галінах, якія ўсурʼёз не мяняюць сытуацыі. Асабліва добра гэта было відаць у паляпшэньні рэйтынгу «Doing business». Каб, карыстаючыся мэтадалёгіяй, пайсьці на такія нязначныя крокі, якія тут рэзка павялічылі б наш рэйтынг, але б нічога не мянялі па сутнасьці.

Тым болей што збольшага гэта былі абмеркаваньні зьменаў у заканадаўства. А ў нас, як вы ведаеце, значна большую ролю грае правапрымяняльная практыка. І калі ўзьнікае рашэньне, што «злодзей павінен сядзець у турме» — то артыкул знойдзецца.

Марголін: У мяне і чаканьняў ніякіх не было. Той самы рэйтынг паказвае, што ўсе тыя крытэрыі, якія прымяняюцца ў іншых краінах з рынкавай эканомікай — не працуюць у нашым выпадку. Тут я параўнаў бы Беларусь з двухгаловым арлом. Адна галава вялікая — Лукашэнка і ягонае сілавое атачэньне. Другая, меншая, — эканамічныя міністэрствы, Нацбанк. Яны нешта намагаюцца рабіць. Там працуюць някепскія адмыслоўцы, якія разумеюць сытуацыю.

Але ўся іхняя праца адразу разбураецца такімі выпадкамі, як з Мураўёвым і Кныровічам. Таму і чаканьняў вялікіх ані ў кога не было. І ніякага росту інвэстыцыяў не назіралася, бо ўсе, хто займаецца бізнэсам, добра разумеюць, што сытуацыя ў Беларусі не спрыяе вядзеньню бізнэсу. Бо няма галоўнага — эканамічнай бясьпекі і павагі да правоў уласнасьці. А гэта залежыць не ад міністэрства, а ад палітычнага ладу ў краіне. І бяз гэтага ніводнага сурʼёзнага інвэстара ў краіне ня будзе.

Леў Марголін
Леў Марголін

Цыганкоў: Калі Лукашэнка даволі рэзка пракамэнтаваў затрыманьне Кныровіча — ці ня склалася ўражаньня, што ён хоча менавіта гэтага прадпрымальніка абвінаваціць у падвышэньні платы за камунальныя паслугі?

Чалы: Там не адзін Кныровіч, а яшчэ 11 чалавек дзяржаўных службоўцаў, і ўсе яны пералічваліся па чарзе. Вядома, развагі, што празь іхныя дзеяньні падвысіліся тарыфы на ЖКГ — гэта такое самаапраўданьне. Відаць, сам Лукашэнка адчувае, што затрыманьне такога даволі прыкметнага чалавека выклікае даволі шмат пытаньняў у публікі — таму адразу паспрабаваў аднесьці яго ў разрад «ворагаў народу», ад якіх церпяць простыя людзі. Тут нічога новага. Кампанія па тарыфах ЖКГ была і раней, мы памятаем «Разьбярыцеся з тарыфамі» і «Дзе пасадкі?».

Але пытаньне ў тым, як можна дапускаць такія выказваньні да суду — гэта ж фактычна ціск на суд. І як суд цяпер можа прыняць нейкае іншае рашэньне?

Цыганкоў: Гэта якраз традыцыйна для Лукашэнкі і ўсёй беларускай палітычнай сыстэмы.

Чалы: Так, і гэта якраз адзін з элемэнтаў, зь якіх і складаецца бізнэс-клімат. У нас не хапае настолькі важных базавых рэчаў, што мы фактычна знаходзімся на этапе сярэднявечча, Англіі да Хартыі вольнасьцяў. Недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці, устойлівасьць падатковай сыстэмы, забарона на выкарыстаньне сілавых органаў і суду як інструмэнтаў рэйдэрскага захопу — нічога гэтага няма.

Цыганкоў: А можа, проста ў беларускіх прадпрымальнікаў чамусьці ёсьць масавая схільнасьць да парушэньня законаў? Ці беларускія законы ў сфэры бізнэсу такія, што іх цяжка не парушаць?

Марголін: Па-першае, мы ня можам давяраць беларускім судам. Па-другое — так, такія ў нас законы. Бо ў справе Кныровіча, калі б у нас было празрыстае канкурэнтнае асяродзьдзе, не было б пытаньня, што ён кагосьці падкупляў ці даваў хабар.

Што да справы Мураўёва, то тут таксама ўсё проста. Калі інвэстар атрымаў прадпрыемства па конкурсе і ня можа выканаць узятыя на сябе абавязаньні — то самае вялікае наступства павінна быць, што ў яго адбіраюць маёмасьць, якую яму далі пад нейкія ўмовы.

У нас правая рука ня ведае, што робіць левая. Некалькі дзён таму былі слуханьні ў Палаце прадстаўнікоў, і там стаяла пытаньне пра дэкрыміналізацыю эканамічных рызыкаў. Гэта азначае, што кожны прадпрымальнік павінен мець права на памылку. І самае цікавае, што галоўнымі дакладчыкамі на гэтых слуханьнях былі прадстаўнікі сілавых структураў. То бок пыталіся не ў эканамістаў, прадпрымальнікаў — а ў сілавікоў. І вядома, што яны адказалі. Што ніякіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу адмяняць нельга, і больш за тое, трэба прыняць некалькі новых. Вось і рабіце адсюль высновы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG