Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 лютага: Дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага і беларускі стэндап па-ангельску


Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

Падзеі 2 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Афіша

Першы ў Менску беларускі камэдзі-стэндап па-ангельску.

Беларус Міша Кэлін ужо шмат год жыве ў Кітаі, ён удзельнік Kung Fu Comedy Club. Выступаючы ў Кітаі, ён пачынае з жартаў пра Беларусь. Фрагмэнты свайго выступу Міша прадставіць у Менску на ангельскай мове.

Менск, клюб «Хуліган» (вул. Кастрычніцкая, 16).
Пачатак а 20-й гадзіне.
Уваход вольны.

Прэзэнтацыя зборніка ўспамінаў вязьняў Менскага гета

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна прэзэнтуе 2 лютага нямецкамоўны зборнік успамінаў вязьняў Менскага гета. У імпрэзе возьмуць удзел прадстаўнікі амбасадаў Беларусі, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны, гісторыкі і былыя вязьні Менскага гета.

Менск, Гістарычная майстэрня імя Левіна (Сухая вул., 25).
Пачатак а 15-й гадзіне.
Уваход вольны.

Дата дня

2 лютага 1838 году нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, лідэр паўстаньня 1863–1864 гадоў. Першы сярод беларускіх дзеячоў, хто адкрыта заявіў — Беларусь павінна быць самастойнай. Стваральнік першай беларускай газэты на роднай мове — «Мужыцкай праўды». У лютым 1864 году Каліноўскі быў арыштаваны расейскімі ўладамі і публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таксама ў гэты дзень

1348 — адбылася бітва на Стрэве паміж арміяй Тэўтонскага ордэну і злучанымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Смаленскага княства.

1886 — у ЗША ўпершыню афіцыйна сьвяткавалі Дзень сурка.

1993 — Вацлаў Гавэл стаў першым прэзыдэнтам незалежнай Чэхіі.

У гэты дзень нарадзіліся

1494 — каралева і вялікая княгіня Бона Сфорца, якая ўвайшла ў гісторыю Беларусі маштабнымі аграрнымі рэформамі.

1536 — Пётар Скарга, езуіт, адметная фігура Контрарэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, першы рэктар Віленскага ўнівэрсытэту.

1882 — Джэймс Джойс, ірляндзкі паэт і пісьменьнік. Знакаміты раман Джойса «Ўліс» на беларускую мову пераклаў журналіст Радыё Свабода Ян Максімюк.

1941 — Пятро Садоўскі, беларускі мовазнавец, палітык і дыплямат.

У памяці

1892 — памёр Люцыян Крашэўскі, беларускі і польскі мастак, фатограф.

1983 — памёр Мікола Прашковіч, беларускі дысыдэнт і літаратар.

1996 — памёр Алесь Звонак, пісьменьнік і перакладчык, вязень сталінскіх турмаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG