31 студзеня судовая калегія ў крымінальных справах Менскага абласнога суду разгледзела апэляцыю Івана Барбашынскага, брата памерлага ў Жодзінскім СіЗА Ігара Барбашынскага, які рашэньнем суду Слуцкага раёну ад 22 лістапада 2016 году быў асуджаны на 2 гады «хатняй хіміі» — абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую установу.
Іван быў абвінавачаны ў супраціўленьні супрацоўнікам міліцыі і нанясеньні ім цялесных пашкоджаньняў.
І сам асуджаны, і ягоная адвакатка Юля Станкевіч у апэляцыйнай скарзе спрабавалі даказаць, што вырак несправядлівы, паколькі ў судзе не было прад’яўлена доказаў ягонай віны, а міліцыянты і сьведка далі занадта блытаныя паказаньні.
У судзе адвакатка прасіла ўдзельнікаў судовай калегіі зьвярнуць увагу на гэтыя супярэчнасьці, блытаныя паказаньні міліцыянтаў і сьведкі, які фактычна не прысутнічаў на месцы здарэньня і ўтойваў свае сяброўскія стасункі зь міліцыянтамі; на парушэньні судом Крымінальна — працэсуальнага кодэксу падчас допыту сьледчай Машко ў працэсе судовага пасяджэньня.
Выступаючы ў абласным судзе, Іван Барбашынскі яшчэ раз пераказаў абставіны ночы 20 сакавіка, калі міліцыянты ўчынілі гвалт над братамі:
Я не разумею, за што я пакараны, паколькі нічога такога, што прыпісалі мне міліцыянты, я не рабіў. Мяне пабілі і мяне ж пакаралі, — зазначыў асуджаны, які папрасіў у сваім выступе адмяніць судовы вырак і закрыць справу.
Адвакатка пацьвердзіла сваё бачаньне справы: асуджанага Івана і ўжо памерлага Ігара міліцыянты зьбівалі пры затрыманьні на вуліцы Магістральнай і там жа ім пусьцілі ў твар газ, а справу супраць іх міліцыя завяла толькі пасьля скаргі братоў на дзеяньні міліцыянтаў. Абапіраючыся на дадзеныя відэарэгістратара, вынікі судова-мэдыцынскай экспэртызы, яна заявіла пра абсурднасьць вэрсіі міліцыянтаў аб распыленьні газу ў аўтамабілі, паколькі ў закрытым памяшканьні пры распыленьні газу павінны былі пацярпець і самі міліцыянты. Ніякіх доказаў віны Івана Барбашынскага ў нанясеньні ім удараў міліцыянтам няма, а самі міліцыянты разыходзіліся ў сваіх паказаньнях, хто і калі ім нанёс цялесныя пашкоджаньні, заявіла адвакат.
Аднак судзьдзі судовай калегіі ў крымінальных справах Менскага абласнога суду больш паслухалі пракурора Цімафейчыка. Пасьля ягонай кароткай прамовы судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Гучка не задаволіла скаргу Івана Барбашынскага і пакінула прысуд суду Слуцкага раёну бязь зьменаў.
Аляксандр Шаравар, айчым Івана Барбашынскага, які падтрымліваў яго падчас пасяджэньня, пасьля вынясеньня судовага вэрдыкту зазначыў:
— Якія б слушныя і разумныя абгрунтаваньні адвакат не прыводзіў, суд не прыслухоўваецца да адваката, а слухае толькі пракурора і «пацярпелых» праваахоўнікаў, якія насамрэч былі гвалтаўнікамі ў гэтай справе. Дык навошта траціць грошы на судовыя пасяджэньні і адвакатаў, калі можна людзей накіроўваць адразу ў турмы па сьведчаньнях малаадукаваных супрацоўнікаў міліцыі?
Іван Барбашынскі зьбіраецца падаваць скаргу на несправядлівае асуджэньне ў вышэйшыя інстанцыі, каб прайсьці да канца ўсе судовыя прыступкі.