Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч аб прэзыдэнцкіх амбіцыях: «Я б працаваў і на другім, і на трэцім месцы»


Зьміцер Дашкевіч падчас акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга»
Зьміцер Дашкевіч падчас акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга»

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які ў рэйтынгу БелаПАН названы беларусам 2016 году, расказаў Свабодзе, як ставіцца да яго вулічнай дзейнасьці жонка Наста, а таксама на якой пасадзе малады палітык бачыць сябе ў незалежнай Беларусі.

— Зь невялікім адрывам другое месца дзеляць Сьвятлана Алексіевіч і Аляксандр Лукашэнка. Як вам такое суседзтва?

Сьвятлана Алексіевіч — гэта чалавек, зь імем якога сёньня асацыюецца Беларусь. І дзякуй Богу, што нарэшце Беларусь асацыюецца з сумленным чалавекам, а ня з тым, які дзеліць зь ёй другое месца ў апытаньні БелаПАН.

Зьміцер Дашкевіч, Сьвятлана Алексіевіч і Аляксандар Лукашэнка Фоты: Svaboda.org (зьлева і ў цэтры), Reuters (справа)
Зьміцер Дашкевіч, Сьвятлана Алексіевіч і Аляксандар Лукашэнка Фоты: Svaboda.org (зьлева і ў цэтры), Reuters (справа)

— Вы таксама ўдзельнічалі у апытаньні як экспэрт і назвалі беларусамі году блогера Эдуарда Пальчыса, кіраўніка беларускамоўнага кінапраекту «Кінаконг» Андрэя Кіма і свайго паплечніка ў «Маладым фронце» Сяргея Пальчэўскага. Чаму яны?

Эдуард Пальчыс, вядомы таксама як Джон Сільвер, — гэта чалавек, які без аніякай вонкавай падтрымкі, ніякіх праектаў паўстаў супраць «русского мира». Пры чым расейскія шавіністы пераконвалі нас, што Джон Сільвер — гэта цэлыя аддзелы ЦРУ. А гэта быў усяго толькі адзін шчыры, сумленны, таленавіты хлопец, які пісаў разгромныя тэксты. Ён годна пераадолеў выпрабаваньні турмой, у тым ліку расейскай. А сядзець у Расеі — гэта ня тое, самае, што ў Беларусі, дзе цябе могуць абараніць адвакаты, дзе табе прыходзяць лісты з падтрымкай. Нават я, які прайшоў шэраг беларускіх турмаў, не магу ўявіць, як гэта — сядзець у расейскай турме. Андрэй Кім — гэта чалавек, які гадамі карпатліва рабіў справу беларушчыны, перакладаў фільмы. І калі яшчэ некалькі гадоў таму яго выганялі з кінатэатраў, маўляў, няма попыту на беларускую агучку, цяпер ён зьбірае поўныя залі. Сяргей Пальчэўскі — мой сябар, які сабраў у пераходзе больш за 1700 подпісаў за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу гістарычнай каштоўнасьці, які ўдзельнічаў у большасьці нашых акцыяў, колы машыны якога нядаўна паказальна парэзалі, каб мы ня мелі магчымасьці прывезьці сьцягі на акцыю.

Зьміцер Дашкевіч на судзе над Эдуардам Пальчысам. 28 кастрычніка 2016 году
Зьміцер Дашкевіч на судзе над Эдуардам Пальчысам. 28 кастрычніка 2016 году

— Тыя экспэрты, які называлі вас беларусам году, згадвалі збор подпісаў за бела-чырвона-белы сьцяг, пратэст супраць адкрыцьця помніка Леніну на прахадной Менскага трактарнага заводу, пратэст падчас адкрыцьця муралу расейска-беларускай дружбе, капаньне акопу каля мяжы з Расеяй. Якая з гэтых акцыяў самая важная, на вашу думку?

— Цяжка параўноўваць. Таму што збор подпісаў — гэта была вялікая кампанія, якая складалася з шэрагу пікетаў, падчас якіх адбываліся ідэалягічныя сутычкі з нашымі апанэнтамі. Капаньне акопу — гэта пэрформанс, у якім бралі ўдзел усяго два чалавекі. Праводзячы ўсе свае акцыі, мы хацелі заклікаць да дзеяньняў беларусаў-пасіянарыяў, якія сядзяць у інтэрнэце і камэнтуюць навіны. Напрыклад, мы назіралі, як некалькі тыдняў тысячы людзей у інтэрнэце абураюцца муралам, прысьвечаным расейска-беларускаму сяброўству. Але аднаго абурэньня мала, я лічу. І нават ня трэба кідацца на амбразуру. Можна проста прыйсьці на афіцыйнае адкрыцьцё, узьняць сьцягі — каб ворагі беларушчыны бачылі, што людзі выступаюць супраць. Калі шчыра, я сам не чакаў, што пяць-сем чалавек, якія прыйшлі са сьцягамі на тое адкрыцьцё, прымусяць афіцыйныя ўлады згарнуць усе сьвяточныя мерапрыемствы. Я спадзяюся, што нашы акцыі і на адкрыцьці помніка Леніна, і падчас выступу Салаўёва будуць натхненьнем для іншых патрыётаў.

Зьміцер Дашкевіч пратэстуе супраць усталяваньня помніка Леніну ля МТЗ. 7 лістапада 2016 году
Зьміцер Дашкевіч пратэстуе супраць усталяваньня помніка Леніну ля МТЗ. 7 лістапада 2016 году

— А якая акцыя паказала, што вашы ідэі, ідэі «Маладога фронту» падтрымліваюцца грамадзтвам?

— Самай выніковай у нейкім адчувальным вымярэньні была кампанія за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу гістарычнай каштоўнасьці. Гэта быў шэраг пікетаў, у выніку якіх мы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў і перадалі іх у Міністэрства культуры, адкуль цяпер чакаем адказу. У падтрымку гэтай кампаніі былі акцыі, зьвязаныя зь бела-чырвона-белым сьцягам, — гэта і 14 траўня, і 27 ліпеня, і 25 жніўня, і 19 верасьня. Кампанія збору подпісаў разам з гэтымі акцыямі паказала, што можна нават у беларускіх умовах можна выходзіць да грамадзтва са сваімі ідэямі і каштоўнасьцямі, не чакаючы вялікіх электаральных кампаніяў, якія бываюць раз на некалькі гадоў. Мы бачым, што ёсьць падтрымка. Я гэта сам бачыў, бо раздаў каля 50 пустых блянкаў розным людзям. І што атрымалася? Нехта вяртаў блянк з адным подпісам. А нехта — зь пяцьцюдзесяцьцю. Напрыклад, прыйшоў інжынэр і сказаў, што падпісаліся ўсе яго калегі, ён іх пераканаў. Ці прыходзілі студэнты і расказвалі, як ім пагражалі за збор подпісаў. Усё гэта прыклады таго, што нашы ідэі маюць падтрымку ў грамадзтве. Проста трэба выходзіць і змагацца за іх.

Зьміцер Дашкевіч зьбірае подпісы за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурный каштоўнасьці. 23 верасьня 2016 году
Зьміцер Дашкевіч зьбірае подпісы за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурный каштоўнасьці. 23 верасьня 2016 году

— На ўсіх пералічаных акцыях вы былі цэнтральнай фігурай. І гэта зразумела, бо інакш перамог бы ня Зьміцер Дашкевіч, а нейкі абстрактны маладафронтавец. Наколькі важны калектыўны складнік у прыдумваньні і правядзеньні гэтых вулічных дзеяньняў?

— Мы плянуем дзейнасьць «Маладога фронту», і акцыі, прывязаныя да гістарычных падзеяў, зацьвярджае наш сойм. Зразумела, што дэталёва мы агучваем пляны загадзя, бо ёсьць момант супрацьстаяньня са спэцслужбамі. Іншыя акцыі, такія як адкрыцьцё муралу ці паход расейскіх шавіністаў на «Экспабел», — яны намі не плянаваліся, адбываліся стыхійна. Я разумеў, што трэба выходзіць, паплечнікі далучаліся.

Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі на менскім рынку «Экспабел»
Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі на менскім рынку «Экспабел»

— Як ставіцца ваша жонка Наста да гэтых акцыяў? З аднаго боку, яна мусіць разумець вас, — сама ж актывістка. З другога — цяпер у вас сям’я, двое дзяцей, а любая акцыя — гэта пагроза калі ня арышту, дык штрафу.

— Тут ужо Наста ня кажа мне: «Так, каханы мужанёк, ідзі на акцыю, пасядзі ў міліцыі». Натуральна, яна пераймаецца, а празь нешта засмучаецца. Асабліва, калі мяне білі, як тое было на акцыі 7 лістапада. Калі казаць пра час, то большая частка акцыяў яго асабліва шмат не вымагае. Я багата працую, стараюся паболей часу праводзіць і зь дзецьмі, і з жонкай. Але, напрыклад, збор подпісаў вымагаў, каб я штодзень некалькі гадзінаў аддаваў гэтай справе. Гэта было заплянавана, і Наста паставілася з разуменьнем. У нас жа і сям’я склалася на глебе вулічна-турэмных выпрабаваньняў. Я вельмі ўдзячны Насьце за разуменьне і падтрымку. А ўвогуле, я імкнуся сябе стрымліваць што да грамадзкай дзейнасьці, бо правільнай лічу герархію каштоўнасьцяў «Бог-сям’я-Бацькаўшчына». На жаль, часта бывае, калі людзі, якія аддаюць сябе на справу Бацькаўшчыны, зусім не займаюцца сям’ёй. А пасьля ў патрыёта вырастаюць дзеці, якія па-беларуску не размаўляюць. Паўстае пытаньне — а для чаго ты гэтым займаўся, калі твае ўласныя дзеці не працягваюць твае ж ідэі? Таму я імкнуся прытрымлівацца герархіі, якую для сябе выбраў. Але не заўсёды атрымліваецца. Бывае, грашу. Таму я рады, што ў «Маладым фронце» ёсьць каманда, якая цяпер бярэ на сябе больш адказнасьці, і шмат працы можа рабіцца і безь мяне.

Зьміцер і Наста Дашкевічы
Зьміцер і Наста Дашкевічы

— Зьміцер, вам 35 гадоў. Палітык у Беларусі ў гэтым узросьце павінен адказаць грамадзтву на важнае пытаньне. Ці хацелі б вы стаць прэзыдэнтам? Тым больш што кажаце пра падтрымку сваіх ідэяў з боку грамадзкасьці і наяўнасьць каманды, шэрагу паплечнікаў.

— У нашай краіне якога ні вазьмі палітыка ці актывіста — усе прэзыдэнты Беларусі. Я думаю, што трэба правільна рабіць сваю працу і імкнуцца быць пасьлядоўным. Прыйдзе час — Бог вызначыць, хто на якім месцы павінен быць. Для мяне ня ёсьць самай важнай мэтай у жыцьці стаць прэзыдэнтам. Я рэалізую тыя ідэі, якія баляць майму сэрцу. Я малюся і прашу Бога, каб я мог іх правільна рэалізаваць. А прыйдзе дзень — Бог вызначыць, хто на якім месцы павінен быць. У свабоднай дэмакратычнай незалежнай Беларусі я з радасьцю б працаваў і на другім, і на трэцім месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG