Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сайт знайшоў Джона Сільвэра ў бранскай турме


Новыя падрабязнасьці пра арышт стваральніка сайта http://1863x.com, які працаваў пад псэўданімам Jhon Silver, апублікаваў расейскі прапагандысцкі рэсурс «Спутник и погром», які назваў яго як Эдуарда Пальчыса.

Расейскі сайт паведамляе, што Джон Сільвэр быў затрыманы 23 студзеня ў Бранскай вобласьці пры перасячэньні расейска-ўкраінскай мяжы:

«25-гадовы ўраджэнец заходнебеларускага горада Ліда, практыкуючы каталік, этнічны паляк Эдуард Аляксандравіч Пальчыс».

У Расею Пальчыс паехаў нібыта ў пошуках працы, бо ня змог атрымаць ва Ўкраіне палітычны прытулак, піша расейскі прапагандысцкі рэсурс са спасылкай на ўправу МУС Расеі па Бранскай вобласьці:

«Цяпер у Джона Пальчыса ёсьць два варыянты. Першы — яго экстрадуюць у Беларусь матаць тэрмін за распальваньне варожасьці і распаўсюд парнаграфіі. Другі — няўдачлівага гастарбайтэра будуць судзіць у Расеі па 282-ым артыкуле КК РФ. Падставай для крымінальнага перасьледу Пальчыса ў РФ зьяўляюцца дзьве ягоныя публікацыі: «Крэмль павінен быць разбураны» і «Як забіць рускі мір» (абедзьве ўжо выдаленыя з сайта). У адной зь іх рускія названыя «неданацыяй», якая жыве «па прынцыпах качэўнікаў — разбойныя напады на чужую тэрыторыю з мэтай выпампоўваньня рэсурсаў».

Свабода будзе імкнуцца праверыць гэтую інфармацыю, карэспандэнт Свабоды, які гутарыў зь Джонам Сільвэрам летась у Кіеве, апазнаў яго па фатаздымку з бранскай турмы, які публікуе расейскі чарнасоценны рэсурс.

Стваральнік сайту http://1863x.com/ хаваўся пад псэўданімам Jhon Silver, вёў сайт-блог, матэрыялы якога папулярызаваў праз сацыяльныя сеткі. Тэматыка сайта — "выкрыцьцё мітаў, на якіх трымаецца пракрамлёўская ідэалёгія ў Беларусі".

Раней яго затрымлівалі беларускія спэцслужбы, завялі дзьве крымінальныя справы і на месяц пасадзілі ў псыхлякарню. Пасьля гэтага ён пакінуў Беларусь і знаходзіўся ва Ўкраіне. «Джон Сільвэр» даў Свабодзе інтэрвію, у якім паведаміў, што супраць яго распачалі дзьве крымінальныя справы: гэта артыкул 130 ч. 1 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці) і артыкул 343 ч.2 (распаўсюд парнаграфіі).

25 студзеня 2016 году на сайце 1863x.com была апублікаваная інфармацыя, што John Silver «затрыманы спэцслужбамі Расейскай Фэдэрацыі некалькі дзён таму». Пасьля гэтага сайт не абнаўляўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG