Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» увайшла ў тройку лідэраў па колькасьці палётаў ва Ўкраіну


Беларуская дзяржаўная кампанія «Белавія» у 2016 годзе зьдзейсьніла каля 13 тысяч рэйсаў ва Ўкраіну і, такім чынам, па выніках 2016 году ўвайшла ў тройку лідэраў сярод перавозчыкаў па колькасьці палётаў, выкананых ва ўкраінскай паветранай прасторы.

Як паведамілі радыё Свабода ў Дзяржаўным прадпрыемстве абслугоўваньня паветранага руху Ўкраіны («Украэрарух»), беларуская кампанія «Белавія» летась павялічыла колькасьць рэйсаў на 21,6 % да ўзроўню 2015 году.

Днямі «Украэрарух» ды «Белавія» падпісалі пагадненьне аб узроўні якасьці (Service level agreement), якое дазволіць павысіць эфэктыўнасьць выкарыстаньня паветранай прасторы Ўкраіны пры ўмове забесьпячэньня належнага узроўню бясьпекі палётаў.

«Паляпшэньне каардынацыі ў супрацоўніцтве „Украэраруху“ дыі „Белавія“ прадугледжвае сумесныя рашэньні ў кантэксьце разьвіцьця сеткі маршрутаў, прымяненьне аптымальных для авіякампаніі траекторый палёту з улікам патрабаваньняў ІКАО і ўкраінскага заканадаўства, а таксама будзе спрыяць двухбаковаму абмену важнай для выкананьня палётаў інфармацыяй», — удакладнілі ва ўкраінскай кампаніі.

Апроч таго, бакі заявілі пра намер павялічыць колькасьць рэгулярных і чартэрных рэйсаў «Белавія» у паветранай прасторы Ўкраіны.

«Мы задаволеныя ўзроўнем узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж «Украэрарухам» і авіякампаніяй «Белавія», — сказаў дырэктар «Украэраруху» Дзмітры Бабэйчук.

У той жа час, ва ўкраінскай кампаніі не ўдакладнілі, ці вырашанае пытаньне кампэнсацыі беларускаму авіяперавозчыку за тое, што ўкраінскія дыспетчары 21 кастрычніка 2016 вярнулі назад у Кіеў яго самалёт «Боінг 737-800», які ляцеў у Менск.

Тады «Белавія» заявіла, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку невыкананьня іхнага распараджэньня. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.

Самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян увечары таго ж дня, пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), вылецеў іншым рэйсам «Белавія» у Менск і паабяцаў зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.

Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў. Менск сьцьвярджаў, што ўкраінскі бок пагражаў ужыць зьнішчальнікі супраць пасажырскага судна — надзвычайная рэч у міжнароднай практыцы.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла 10 лістапада, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў часе тэлефоннай размовы выбачыўся за вяртаньне беларускага самалёта ў аэрапорт вылету і паведаміў пра пакараньне вінаватых у гэтым інцыдэнце. У той жа час прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта гэтага не пацьвердзіла.

Пазьней Дзяржаўнае прадпрыемства «Украэрарух» і Служба бясьпекі Ўкраіны зьняпраўдзілі інфармацыю пра прыцягненьне да дысцыплінарнай адказнасьці дыспэтчараў, якія аддалі загад экіпажу беларускага самалёта вярнуцца ў аэрапорт вылету.

У той жа час прадстаўнік прадпрыемства «Украэрарух» паведаміў, што пытаньне пра кампэнсацыю беларускаму боку за вяртаньне ў Кіеў самалёту «Белавія» будзе вырашана станоўча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG