Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: у расейскіх плянах дэстабілізацыі Ўкраіны задзейнічаны грамадзянін Армэніі, празь якога вярнулі самалёт «Белавія»


Служба бясьпекі і Служба вонкавай выведкі Ўкраіны на падставе апэратыўных матэрыялаў заявілі пра распрацаваныя Расеяй пляны маштабнай дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне. У ім нібыта задзейнічаны і грамадзянін Армэніі Армэн Мартырасьян, дзеля праверкі якога 21 кастрычніка ўкраінскія авіядыспэтчары вярнулі самалёт «Белавія» ў кіеўскі аэрапорт Жуляны.

Паводле ўкраінскіх спэцслужбаў, старт актыўных дзеяньняў заплянаваны на 15 лістапада — з усеўкраінскай акцыі пратэсту банкаўскіх укладнікаў. «Зь 17 лістапада асноўны акцэнт акцыяў пратэсту плянуецца перамясьціць на пытаньне падвышэньня тарыфаў. „Пратэст“ мае перарасьці ў блякаваньне ўрадавых структураў, пашырэньне прэтэнзіяў і патрабаваньняў да ўлады», — адзначаецца ў супольнай заяве СБУ і вонкавай выведкі.

Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што непасрэднае кіраўніцтва плянамі, распрацаванымі дарадцам прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіславам Сурковым, ажыцьцяўляе яго першы намесьнік Інал Ардзінба. «Кантакт з палітычнымі рухамі і грамадзкімі арганізацыямі ва Ўкраіне, задзейнічанымі ў акцыях наўпрост або ўсьляпую, ажыцьцяўляе грамадзянін Армэніі Армэн Мартырасьян», — перакананыя ў СБУ.

Украінскія спэцслужбы зафіксавалі выезды асобных арганізатараў акцыяў у Расею для атрыманьня фінансаваньня і інструкцыяў для правядзеньня акцыяў. «Пры гэтым вораг разьлічвае і на эфэктыўнасьць выкарыстаньня ўсьляпую актыўнасьці шэрагу грамадзкіх і палітычных рухаў. Мэтай пляну зьяўляецца ўнутраная дэстабілізацыя, арганізацыя датэрміновых выбараў ва Ўкраіне, узмацненьне пазыцыяў прарасейскіх сілаў у новым парлямэнце з пэрспэктывай рэвізіі эўрапейскага курсу і зьмены замежнапалітычнага вэктару дзяржавы», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Пры гэтым спэцслужбы ўдакладняюць, што атрыманыя зьвесткі сьведчаць пра намер арганізаваць масавыя беспарадкі і нават гібель шэрагу ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.

«Першай кантрольна-прамежкавай датай вызначана 24 лістапада, калі павінен адбыцца саміт Украіна–Эўразьвяз, прысьвечаны фіналізацыі пытаньня аб прадстаўленьні Ўкраіне бязьвізавага рэжыму», — адзначаюць спэцслужбы.

Паводле іхных апэратыўных зьвестак, на працягу другой паловы лістапада — пачатку сьнежня таксама плянуецца правядзеньне сэсіяў некалькіх абласных радаў, на якіх прадугледжваецца пад лёзунгамі дэцэнтралізацыі патрабаваць практыкі дамоўных адносінаў паміж Кабінэтам міністраў Украіны і мясцовымі радамі. Апроч таго, у рэгіёнах плянуецца правядзеньне сходаў, каб потым арганізаваць Усеўкраінскі форум мясцовых радаў. «Наўпроставых патрабаваньняў фэдэралізацыі не прадугледжваецца, паколькі абралі стратэгію „паўзучай эрозіі“ цэнтральнай улады», — пераконваюць спэцслужбы.

«Заклікаем грамадзян ня даць выкарыстаць сябе расейскім спэцслужбам, якія ня грэбуюць любымі мэтадамі для дэстабілізацыі сытуацыі і зьнішчэньня Ўкраіны. Заклікаем да ўзважанасьці і асьцярожнасьці ўсе палітычныя сілы, якія не жадаюць стаць удзельнікамі чужой гульні, варожай нацыянальным інтарэсам Украіны», — адзначаецца ў заяве СБУ і Службы вонкавай выведкі Ўкраіны.

21 кастрычніка самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 маршрутам Жуляны (Кіеў) — Менск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету на патрабаваньне ўкраінскіх дыспэтчараў. «Белавія» заявіла, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку невыкананьня іхнага распараджэньня. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.

Самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян увечары таго ж дня, пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), вылецеў іншым рэйсам «Белавія» ў Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.

Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў. Менск сьцьвярджаў, што ўкраінскі бок пагражаў ужыць зьнішчальнікі супраць пасажырскага судна — надзвычайная рэч у міжнароднай практыцы.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла 10 лістапада, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў часе тэлефоннай размовы выбачыўся за вяртаньне беларускага самалёта ў аэрапорт вылету. У той жа час прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта гэтага не пацьвердзіла.

Некалькі дзён таму прадстаўнік прадпрыемства «Украэрарух» паведаміў, што пытаньне пра кампэнсацыю беларускаму боку за вяртаньне ў Кіеў самалёту «Белавія» будзе вырашана станоўча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG