Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцябляне галасуюць за абаронцаў парку ад будаўніцтва копіі Сафійскага сабору


Набліжаецца да фіналу традыцыйнае штогадовае галасаваньне, абвешчанае рэдакцыяй сайту «Народныя Навіны Віцебска». У конкурсе на званьне «Чалавек году-2016» першае месца трымае абвешчаны ўпершыню калектыўны намінант — «Жыхары вуліцы Чэхава».

Гэтых людзей аб’яднала агульная справа — абарона віцебскага парку, які меркавалі зьнішчыць дзеля будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабору ўзору 11-га стагодзьдзя.

Парк партызанскай славы ўзімку
Парк партызанскай славы ўзімку

Менавіта жыхары найбліжэйшай вуліцы першымі ўзьнялі хвалю пратэсту, напісалі некалькі калектыўных лістоў, зьвярнуліся ў незалежныя СМІ. Пратэст падтрымала вялікая частка гараджан, абураных тым, што ўлады далі дазвол на ўзьвядзеньне аб’екту сумнеўнай мастацкай вартасьці, дзеля якога трэба зьнішчыць знаную частку Парка партызанскай славы. Канфлікт атрымаў шырокі грамадзкі рэзананс: апанэнты галоўнага ініцыятара будоўлі — Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы — прыводзілі шмат аргумэнтаў супраць гэтай ідэі. Згадвалі, што ў гістарычным цэнтры і без таго хапае праваслаўных храмаў, але іх бракуе ва ўскраінных раёнах — як, зрэшты і паліклінік, школ, дзіцячых садкоў. Абуральным віцябляне палічылі й тое, што ў горадзе і без таго мала зялёных зон, а парк зьяўляецца папулярным месцам адпачынку дзяцей і дарослых.

Парк партызанскай славы — месца адпачынку для дзяцей і дарослых
Парк партызанскай славы — месца адпачынку для дзяцей і дарослых

Жыхары бліжэйшых вуліц хочуць захаваць магчымасьць весела бавіць час у парку
Жыхары бліжэйшых вуліц хочуць захаваць магчымасьць весела бавіць час у парку

Улады мусілі рэагаваць на канфліктную сытуацыю. Была праведзена праверка, у часе якой высьветлілася, што замоўнік ня мае грошай на ўвасабленьне праекту, і што замест парку Віцебск атрымае чарговы беспэрспэктыўны «даўгабуд». У выніку будаўніцтва было спынена: давялося зьнесьці плот, якім замоўнікі ўзьвядзеньня копіі Сафійскага сабору ўжо пасьпелі адгарадзіць частку парка, адданую на зьнішчэньне.

Вуліца Чэхава — гістарычны раён Віцебску
Вуліца Чэхава — гістарычны раён Віцебску

Падчас абмеркаваньняў сытуацыі з саборам жыхары вуліцы Чэхава згадвалі і іншыя праблемы, якія могуць паўстаць у сувязі з праектаваньнем новых аб’ектаў у гэтай гістарычнай зоне. На вуліцы Чэхава месьціцца шмат будынкаў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзяў, якія маюць гістарычную каштоўнасьць, у тым ліку музэй, разьмешчаны ў помніку архітэктуры. Аднак ужо колькі год мова ідзе пра будаўніцтва Паўночнага мосту цераз Дзьвіну, якое запатрабуе пашырэньня транспартнай магістралі, і гістарычныя будынкі апынуцца перад пагрозай зьнішчэньня ці разбурэньня. Невядомы лёс ў такім выпадку чакае і помнік Уладзімеру Караткевічу: яго абяцаюць перанесьці ў іншае месца, але куды — дакладна не вядома...

Помнік Уладзімеру Караткевічу
Помнік Уладзімеру Караткевічу

Каля помніка ўзімку весела
Каля помніка ўзімку весела

Насельнікі вуліцы Чэхава добра ўсьведамляюць, што яны жывуць у гістарычнай частцы гораду, і таму змагаюцца за захаваньне гэтага кутка.

Кармушкі ў парку — таксама ініцыятыва мясцовых жыхароў
Кармушкі ў парку — таксама ініцыятыва мясцовых жыхароў

Паводле вынікаў галасаваньня http://news.vitebsk.cc на сайце «Народныя Навіны Віцебска», калектыўнага намінанта лічыць вартым званьня «Чалавек году» 33% удзельнікаў апытанкі. Другое месца (29%) сярод 7-мі прэтэндэнтаў займае жыхар Віцебску Артур Яраш. У лютым 2016 году ён затрымаў былога начальніка Першамайскага РАУС Сяргея Сарокіна, які кіраваў аўтамабілем у нецьвярозым стане. За гэты ўчынак хлопец атрымаў павагу віцяблян, і пэўны час быў лідэрам спаборніцтва за галасы землякоў.

Жыхары Віцебска ставяцца да вылучэньня на ганаровае званьне вельмі адказна, актыўна галасуюць, і некалькі разоў абіралі пераможцамі асобаў, вядомых праз свае перакананьні і грамадзянскую пазыцыю. Так, у 2013-м годзе «Чалавекам году» віцябляне назвалі Любоў Кавалёву, якая змагаецца за добрае імя свайго сына Ўладзіслава, абвінавачанага ў арганізацыі выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году і расстралянага паводле рашэньня Вярхоўнага суду. Яна пратэстуе супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і патрабуе, каб урад вярнуў ёй цела расстралянага сына, якога лічыць несправядліва асуджаным і бязьвінна пакараным. У 2014-м годзе пераможцай стала Ганна Шарэйка, дырэктарка птушкафабрыкі «Ганна», якая на той час знаходзілася за кратамі паводле абвінавачаньня ў злоўжываньнях на сваім прадпрыемстве. Работнікі птушкафабрыкі цьвердзілі адваротнае і прасілі вярнуць дырэктарку на працоўнае месца. Так і здарылася: летась яна была асуджаная на 2,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і выплату штрафу — але потым вызваленая ў залі суду на падставе амністыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG