Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваная Ганна Шарэйка стала Чалавекам году Віцебску-2014


Ганна Шарэйка

Ганна Шарэйка

Званьне даецца паводле вынікаў галасаваньня чытачоў. За кандыдатуру арыштаванай дырэктаркі віцебскай бройлернай птушкафабрыкі і былой сэнатаркі, пазбаўленай недатыкальнасьці, прагаласавалі 47 адсоткаў ад усіх удзельнікаў апытаньня.

Паводле ўмоваў конкурсу на званьне «Чалавека году Віцебску» рэдакцыя вызначае некалькі кандыдатаў, пра якіх цягам году пісалі «Народныя Навіны Віцебску». Яшчэ адна галоўная ўмова: гэтыя людзі зрабілі або робяць нешта такое, што спрыяе пашырэньню вядомасьці Віцебску ў сьвеце.

Сёлета на галасаваньне чытачоў «ННВ» былі прадстаўленыя 6 кандыдатур, і за Ганну Шарэйку, былую дырэктарку птушкафабрыкі, вядомай сваім гандлёвым брэндам «Ганна», прагаласавалі 466 чалавек з 990, якія ўзялі ўдзел у апытаньні.

Другое месца заняла намесьніца генэральнага дырэктара па спэцыяльных праектах Цэнтру культуры «Віцебск» Марына Раманоўская, за якую прагаласавалі 290 чалавек, або 29%. Іншыя кандыдаты, паводле вынікаў галасаваньня, не пераадолелі дзесяціадсоткавай мяжы.

Ганна Шарэйка, якой чытачы «ННВ» надалі званьне «Чалавека году Віцебску-2014», з 15 жніўня мінулага году пад арыштам. Яшчэ ў чэрвені Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу адносна шэрагу службовых асобаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі па фактах злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганну Шарэйку пазбавілі недатыкальнасьці і ўзялі пад варту. Апошнія два тыдні перад затрыманьнем дырэктарка птушкафабрыкі была, па сутнасьці, пад хатнім арыштам — прынамсі, яе заўжды бачылі ў суправаджэньні невядомых, ці то ахоўнікаў, ці то канваіраў.

Паводле афіцыйнага паведамленьня Генэральнай пракуратуры, былая дырэктарка віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, пазбаўленая сэнатарскай недатыкальнасьці, Ганна Шарэйка нанесла прадпрыемству матэрыяльную шкоду ў асабліва буйным памеры — больш за 4 млрд рублёў, «у сьціслыя тэрміны збудаваўшы катэдж плошчай 240 квадратных мэтраў і забясьпечыўшы сабе дабрабыт на будучыню». Паводле апошніх зьвестак, агучаных афіцыйнымі крыніцамі, Ганна Шарэйка нібыта атрымала «адкат» за тое, што заключыла кантракт на пастаўку дарагіх камбікармоў з Латвіі, хоць магла купляць таньнейшыя ў Беларусі і на гэтым зэканоміць для фабрыкі шмат грошай. Дасьведчаныя людзі кажуць, праўда, што якасьць беларускіх кармоў горшая, і такая эканомія выглядала неапраўданай.

Так ці інакш, але практычна зь лета мінулага году пра лёс арыштаванай Ганны Шарэйкі анічога не чуваць. Прайшло амаль паўгода, але няма зьвестак ні пра ход сьледзтва, ні пра суд па гэтай справе. Хоць, паводле БелТА, 30 студзеня старшыня Сьледчага камітэту Валянцін Шаеў паведаміў журналістам http://www.belta.by/ru/all_news/society/Informatsija-po-ugolovnomu-delu-eks-senatora-Sharejko-budet-obnarodovana-v-blizhajshee-vremja_i_693695.html, што «інфармацыя па крымінальнай справе ў дачыненьні да былога чальца Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ганны Шарэйкі... будзе агучана бліжэйшым часам».

На афіцыйным сайце Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі яна дагэтуль значыцца дырэктарам прадпрыемства http://www.ganna.by/ru/about/director, хоць на самой справе даўно прызначаны іншы кіраўнік. Прадукцыя пад маркай «Ганна» па-ранейшаму шырока прадстаўленая ў крамах — як у фірмовых, так і ў звычайных, дзейнічаюць і іншыя аб’екты, якія зьявіліся падчас кіраваньня спадарыні Шарэйкі — дзьве кавярні і рэстарацыя.

У Віцебску да былой дырэктаркі і сэнатаркі ставяцца са спачуваньнем. Асабліва супрацоўнікі птушкафабрыкі, якія паважаюць Ганну Шарэйку за працавітасьць і адданасьць прадпрыемству. Вядома, што Ганна Шарэйка ня мае ні сям’і, ні дзяцей — і гэта адпавядае ўяўленьню пра жанчыну-кіраўніка, якая «ахвяравала ўсім у імя кар’еры». Няма зайздрасьці і асуджэньня нават за катэдж, збудаваны нібыта за «нарабаваныя» грошы. Затое памятаюць, што ў часы свайго сэнатарства яна не бянтэжылася на самым высокім узроўні задаваць «нязручныя пытаньні».

XS
SM
MD
LG