Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катэдж, за які арыштавалі сэнатарку Ганну Шарэйку


Паводле афіцыйнага паведамленьня Генэральнай пракуратуры, былая дырэктарка віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, пазбаўленая сэнатарскай недатыкальнасьці, Ганна Шарэйка нанесла прадпрыемству матэрыяльную шкоду ў асабліва буйным памеры — больш за 4 млрд рублёў, «у сьціслыя тэрміны збудаваўшы катэдж плошчай 240 квадратных мэтраў і забясьпечыўшы сабе дабрабыт на будучыню».

Але знайсьці той самы катэдж аказалася няпроста: адкрытыя крыніцы падаюць у якасьці адрасу Ганны Шарэйкі вёску Вярхоўе, дзе месьціцца птушкафабрыка, якой яна кіравала.

Зьнешні выгляд прадпрыемства адразу зьвяртае на сябе ўвагу: адчуваецца, што доўгія гады пра яго клапаціліся па-гаспадарску. Тэрыторыя прыбраная, дэкаратыўныя кусты пастрыжаныя раўнютка, будынкі чысьцюткага белага колеру, побач уробленыя палі... Сталоўка для працаўнікоў пад назваю «Ў Ганны» — у гонар вядомага гандлёвага брэнду птушкафабрыкі — выглядае ня горш за гарадзкую кавярню. На вонкавым баку шыльды над прахадной — надпіс «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», а на ўнутраным, які бачаць працаўнікі, ідучы са зьмены, — «Дзякуй за працу!».

Так выглядае рабочая сталоўка

Так выглядае рабочая сталоўка

Пра былую дырэктарку тутэйшыя працаўнікі гаварыць ня хочуць — відавочна, пабойваюцца. Кажуць, што апошнія два працоўныя тыдні Ганна Шарэйка была, па сутнасьці, пад хатнім арыштам: яе паўсюль суправаджалі невядомыя — ці то ахоўнікі, ці то канваіры... Але хаты ў Вярхоўі ў яе няма. Па вялікім сакрэце пажылая спадарыня раіць, як знайсьці ў Віцебску той самы катэдж, які фігураваў у паведамленьні пракуратуры.

Выгляд зь «непараднага боку»

Выгляд зь «непараднага боку»

У параўнаньні з бліжэйшымі суседзямі

У параўнаньні з бліжэйшымі суседзямі

Трохпавярховы дамок сучаснага архітэктурнага дызайну хаваецца ў самым канцы вуліцы за высокімі дрэвамі і не нашмат ніжэйшым плотам. Ён выразна адрозьніваецца і ад суседніх «палацыкаў», і тым больш ад хатак, якія стаяць побач. Бліжэйшая суседка тут жа хаваецца за дзьвярыма свайго дому, не пажадаўшы размаўляць, і паказвае на відэакамэры — іх на катэджы Ганны Шарэйкі некалькі штук.

Трапіць у двор можна дваяка: або прайшоўшы да брамкі сьцежкаю, якая забрукаваная тратуарнай пліткай, або пад’ехаўшы на машыне да «параднага» ўваходу. Тут ёсьць невялікая паркоўка, дзе могуць зьмясьціцца 6–7 машын, уваходная брама, таксама з сыстэмай відэаназіраньня. А плот ужо не суцэльны, а з тонкага жалезнага дроту. Празь яго відаць і летні дамок, і двары, і штучная сажалка, і кусты ружаў на газонах, і іншыя дэкаратыўныя расьліны, якія дадаюць утульнасьці гэтаму кутку на высокім беразе Віцьбы.

Разгледзець нешта больш падрабязна не ўдаецца — замінаюць і плот, і ня дужа прыемныя адчуваньні ў фокусе відэакамэраў. Яшчэ адзін сусед, якога давялося сустрэць на вуліцы, гаворыць на разьвітаньне: «Яна ж цяпер пад сьледзтвам? І што, гэты дом канфіскуюць? Яна ж яго толькі-толькі збудавала, нават толкам у ім і не пажыла».

XS
SM
MD
LG