Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна жыла дзеля фабрыкі», — сястра зьняволенай сэнатаркі Ганны Шарэйкі


Сястра сэнатаркі Ганны Шарэйкі Ніна Васільеўна з вёскі Антапольле Чашніцкага раёна пагутарыла з карэспандэнтам Свабоды. Яна лічыць, што Ганна Шарэйка паклала жыцьцё дзеля Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Яе арышт для сваякоў быў нечаканым:

«Я не магу ў гэта паверыць,такога не магло здарыцца. Яна ўсё сваё жыцьцё аддала для фабрыкі, здароўе паклала. Яна разьвялася з мужам, сям’і няма, няма дзяцей. Яна ўсё рабіла дзеля людзей, дзеля фабрыкі. Мы не можам паверыць таму, што здарылася. Яна жыла дзеля гэтай фабрыкі, у яе ўсё па хвілінах было расьпісана. Я ляжала ў лякарні ў Віцебску, у яе нават часу не было прыйсьці, бо ўсё па хвілінках расьпісана. Яна пакарылася гэтай фабрыцы і паклала сваё здароўе, у яе здароўя няма. У мяне дачка працуе рабочай на фабрыцы, яна кажа, што ўся фабрыка плача. Усе абураюцца. Па тэлебачаньні паказвалі, што яна купляла корм і з-за гэтага карма. А што купляла камбікорм, то яна ж не сама яго ела, яна ж карміла курэй. Пабачце, колькі фабрыка прыбытку давала, квітнела. Усе ж ведаюць, што гэта фабрыка была па нулях, а яна ж яе вывела з прарыву. А колькі яна для гэтай фабрыкі пабудавала, колькі адкрыла кафэ і крамаў. Гэта ж усё яе заслуга. Нібыта яна купляла камбікорм за мяжой, а ня тут. А там даражэй. Але справа ў тым, што там камбікорм з дабаўкамі. А наш таньней, але без дабавак».

Карэспандэнт: «Паведамляецца, што яна збудавала дарагі катэдж...»

Ніна: «Няўжо яна не заслужыла катэдж за ўсё сваё жыцьцё?! У нас была вялікая сям’я, мы жылі бедна, яна паехала вучыцца, паступіла, вучылася і працавала. Бацька рана памёр. Нас васьмёх гадавала маці. Яна скончыла вучобу, паступіла ў маскоўскую асьпірантуру. І няўжо яна не заслужыла гэты катэдж? У Віцебску шмат катэджаў яшчэ лепшых, чым у яе. Можна ж зьезьдзіць і паглядзець, якія там катэджы. Яна ў нас у сясьцёр у 2011 годзе пазычыла грошы. У майго сына, які ў Маскве працуе, пазычыла на гэтую будоўлю. У яе няма дзяцей і яна працавала дзеля гэтага дома. Не такія дамы ў Віцебску пабудавалі. І цяпер для нас гэта такое ўзрушэньне».

Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу адносна шэрагу службовых асобаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі па фактах злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганну Шарэйку пазбавілі недатыкальнасьці і ўзялі 15 жніўня пад варту.

Паводле праваахоўнікаў, кіраўнікі птушкафабрыкі цягам некалькіх гадоў у складзе конкурснай камісіі прымалі рашэньні аб закупах кармоў і кармавых дабавак у замежнай камэрцыйнай структуры па завышаных цэнах. Гэта нанесла птушкафабрыцы шкоду ў асабліва буйным памеры — больш за 4 млрд рублёў. Паводле Генпракуратуры, гендырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка давала сябрам конкурснай камісіі незаконныя ўказаньні, каб тыя прызнавалі пераможцам конкурсу адну з замежных кампаніяў, з уладальнікам якой яна сябравала. Таксама было ўстаноўлена, што ў выніку незаконных дзеяньняў Шарэйка ў кароткія тэрміны пабудавала дарагі катэдж плошчай 240 кв. м, набыла дарагую бытавую і электронную тэхніку, «забясьпечыла сабе матэрыяльны дабрабыт у будучыні».

14 жніўня Ганну Шарэйку прызналі падазраванай у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства — злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Па гэтым артыкуле ёй пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Папярэдняе расьсьледаваньне па гэтай крымінальнай справе вядзе група сьледчых цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту. У 2012 годзе дырэктарка птушкафабрыкі стала гераіняй вялікага скандалу: падчас абмеркаваньня бюджэту на наступны год у Савеце Рэспублікі яна заявіла, што беларускія дзяржбанкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаваньне дзяржпраграм і павысілі маржу да стаўкі рэфінансаваньня (30%) да 12-15 адсоткавых пунктаў. Прынамсі, такая сытуацыя склалася з крэдытамі ў беларускіх рублях па праграме разьвіцьця птушкагадоўлі, і «пад такія стаўкі не можа крэдытавацца ні адно, нават пасьпяховае прадпрыемства», — сказала тады Ганна Шарэйка. «Беларусбанк» тут жа выпусьціў прэс-рэліз, у якім фактычна абвінаваціў сябра Савета рэспублікі Ганну Шарэйку ў хлусьні. На тым усе размовы пра скандальны выступ сэнатаркі сьціхлі. Новы скандал вакол віцебскай бройлернай птушкафабрыкі разгарэўся ўжо сёлета: у ліпені Сьледчы камітэт распачаў расьсьледваньне справы пра карупцыю ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў зь ліку адміністрацыі птушкафабрыкі. Некалькі чалавек былі затрыманыя паводле падазрэньня ў злоўжываньні паўнамоцтвамі. Затрыманьне самой Ганны Шарэйкі тады было немагчымым — з-за недатыкальнасьці, якой яе пазбавілі 14 жніўня. Ганна Шарэйка нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Антопальле Чашніцкага раёна Віцебскай вобласьці. Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут, Усерасійскі навукова-дасьледчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук. Працавала ў саўгасе «Сьлідчаны» Чашніцкага раёна, у аб’яднаньні «Белсельгастэхніка». Кар’еру на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы пачала з пасады апэратара.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG