Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імя «сэнатаркі» Шарэйкі было гандлёвым брэндам. Але гэта яе ня выратавала


Ганна Шарэйка

Ганна Шарэйка

У Віцебску імя «сэнатаркі» Ганны Шарэйкі, якую на пазачарговай сэсіі Савета Рэспублікі пазбавілі недатыкальнасьці, ведае бадай што кожны. Бо гандлёвая марка птушкафабрыкі, дзе яна працавала дырэктарам, так і называецца — «Ганна».

Імя кіраўніцы стала ня толькі гандлёвым брэндам: пад назовам «У Ганны» у Віцебску працуюць дзьве кавярні, рэстарацыя ў абласным цэнтры і ўстанова прыдарожнага сэрвісу «Прыазёрны двор «У Ганны» каля мястэчка Должа па дарозе зь Віцебска на Гарадок.

Праўда, прызначаны для «дальнабойшчыкаў» аб’ект карыстаецца попытам не столькі ў кіроўцаў, колькі ў аматараў адпачынку на прыродзе, гаворыць актывіст з Гарадка Леанід Гаравы:

«Гэта будавалася па праграме „500“, згодна зь якой трэба было ўзьвесьці 500 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Стаіць кавярня пры дарозе Р115 Віцебск —Гарадок, але кіроўцы тут мала спыняюцца. Тут гуляюць вясельлі ды іншыя сьвяты адзначаюць, пераважна прыежджыя зь Віцебска». «Сэнатарка» Ганна Шарэйка ў Савеце Рэспублікі была ў камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы, а таксама прадстаўляла Віцебскі, Дубровенскі, Лёзненскі і Гарадоцкі раёны.

Ці адчуваўся яе сэнатарскі клопат у Гарадку?

Адказвае Леанід Гаравы: «Ганна Шарэйка часта згадвалася ў нашай раённай газэце. Пісалі пра дзейнасьць Шарэйкі ў камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. Пра нацыянальную бясьпеку асабліва не вялося, толькі пра наладжваньні гандлёвых сувязяў Беларусі з рознымі краінамі. Прыяжджала сюды Ганна Шарэйка, мабыць, толькі аднойчы — сустракалася з жыхарамі вёскі Бычыха, абяцала вырашыць іхныя праблемы... Нічога асабліва з таго, што яна сэнатарка, не адчувалася. Хіба толькі тое, што ў нас ёсьць крама „Ганна“ — фірмовая крама птушкафабрыкі. Памяшканьне выкупілі ў „Райгазу“, і гэтая крама заўжды рабіла вялікі таваразварот, параўнальны хіба з „Эўраоптам“. Там дзейнічае і сыстэма зьніжак, і прадукты заўжды сьвежыя. Гэта ж цэлая сетка крамаў тут, на Віцебшчыне».

Па ўсіх зьнешніх прыкметах, птушкафабрыка «Ганна» зьяўляецца пасьпяховым прадпрыемствам. А яго кіраўніцтва — схільным да навацыяў у пошуку новых шляхоў збыту. Прыкладам, з 2013 году ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» пачала вытворчасьць прадукцыі з маркіроўкай «Халяль»: як сказана на інтэрнэт-сайце прадпрыемства, гэта прадукты «не толькі чыстыя з пункту гледжаньня духоўнасьці, але й чыстыя з пункту гледжаньня экалёгіі, правільнага дыетычнага харчаваньня».

Прадукцыя з эмблемай у форме яйка і вясёлай курачкай усярэдзіне неаднаразова займала першыя месцы ў розных намінацыях міжнародных выставак харчовых тавараў. А дырэктарка птушкафабрыкі Ганна Шарэйка была ўзнагароджана ордэнам Пашаны, мэдалём «За працоўныя заслугі», была прызнана пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2008» у намінацыі «За высокі прафэсіяналізм».

Птушкафабрыку неаднаразова наведваў Аляксандар Лукашэнка. Апошні раз, у 2006 годзе, ён вельмі ўхвальна паставіўся да дзейнасьці прадпрыемства, а Ганна Шарэйка падзялілася зь ім плянамі наконт рэканструкцыі вытворчасьці, на якую на той час былі патрэбны 65 мільярдаў рублёў.

А ў 2012 годзе дырэктарка птушкафабрыкі стала гераіняй вялікага скандалу: падчас абмеркаваньня бюджэту на наступны год у Савеце Рэспублікі яна заявіла, што беларускія дзяржбанкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаваньне дзяржпраграм і павысілі маржу да стаўкі рэфінансаваньня (30%) да 12-15 адсоткавых пунктаў. Прынамсі, такая сытуацыя склалася з крэдытамі ў беларускіх рублях па праграме разьвіцьця птушкагадоўлі, і «пад такія стаўкі не можа крэдытавацца ні адно, нават пасьпяховае прадпрыемства», — сказала тады Ганна Шарэйка.

«Беларусбанк» тут жа выпусьціў прэс-рэліз, у якім фактычна абвінаваціў сябра Савета рэспублікі Ганну Шарэйку ў хлусьні. На тым усе размовы пра скандальны выступ сэнатаркі сьціхлі.

Новы скандал вакол віцебскай бройлернай птушкафабрыкі разгарэўся ўжо сёлета: у ліпені Сьледчы камітэт распачаў расьсьледваньне справы пра карупцыю ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў зь ліку адміністрацыі птушкафабрыкі. Некалькі чалавек былі затрыманыя паводле падазрэньня ў злоўжываньні паўнамоцтвамі. Затрыманьне самой Ганны Шарэйкі тады было немагчымым — з-за недатыкальнасьці, якой яе пазбавілі 14 жніўня.

Ганна Шарэйка нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Антопальле Чашніцкага раёна Віцебскай вобласьці. Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут, Усерасійскі навукова-дасьледчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Працавала ў саўгасе «Слідчаны» Чашніцкага раёна, у аб’яднаньні «Белсельгастэхніка». Кар’еру на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы пачала з пасады апэратара.

XS
SM
MD
LG