Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле зьвестак крыніцы, якая брала ўдзел у закрытай сэсіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу 14 жніўня, сябры Савету пазбавілі дэпутаткай недатыкальнасьці «сэнатара» Ганну Шарэйку, якая працавала дырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, і далі згоду на яе крымінальны перасьлед.

Гэтыя зьвесткі пацьвердзіў і Сьледчы камітэт Беларусі. Прозьвішча «сэнатара» ў паведамленьні Сьледчага камітэту не названае, але паведамляецца, што ідзе гаворка пра карупцыю на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы.

«Сьледчымі атрыманыя доказы датычнасьці кіраўніка названага прадпрыемства да зьдзяйсьненьня злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.424 (Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) КК Рэспублікі Беларусь. У сувязі з тым, што дадзеная службовая асоба зьяўляецца членам Савета Рэспублікі і карыстаецца дэпутацкай недатыкальнасьцю, матэрыялы, якія даказваюць яе дачыненьне да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў, былі прадстаўленыя ва ўстаноўленым парадку на пазачарговую сэсію Савета Рэспублікі. У адпаведнасьці са арт.47 Закону Рэспублікі Беларусь ад 4 лiстапада 1998 году „Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь“ атрымана згода на ажыцьцяўленьне крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да члена Савета Рэспублікі. Сьледчым камітэтам вынесена пастанова аб затрыманьні службовай асобы», — напісаў у Фэйсбуку прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.

Якраз Ганна Шарэйка зьяўляецца Генэральным дырэктарам адкрытага акцыянэрнага таварыства «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» і членам Савету Рэспублікі.

Яна нарадзілася ў 1960 г. у вёсцы Антопаль Чашніцкага раёну Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут (вэтэрынарны лекар); Усерасейскі навукова-даследчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі, (навуковая заатэхнія). Кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Зьвестак пра дзейнасьць Ганны Шарэйкі як сябра Савету Рэспублікі няшмат. Паводле інтэрнэту, час ад часу яе прозьвішча фігуравала ў справаздачах аб паседжаньнях. Так, у кастрычніку 2012 году Ганна Шарэйка падчас абмеркаваньня бюджэту паскардзілася на тое, што дзяржаўныя банкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаваньне дзяржаўных праграмаў і падвысілі маржу да стаўкі рэфінансаваньня.

Алег Волчак

Алег Волчак

Камэнтуючы справу, былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак зьвярнуў увагу найперш на закрытасьць паседжаньня Савету Рэспублікі.

«Найперш зьвярну ўвагу на тое, што сябры Савету Рэспублікі не абіраюцца выбарцамі, а прызначаюцца на сэсіях абласных саветаў ды Аляксандрам Лукашэнкам. І ўсе гэтыя кандыдатуры раней праходзілі праверку. А цяпер атрымліваецца, што Лукашэнка іх прызначыў, і ён жа кажа пра карупцыю. Дык што, раней ён ня ведаў пра іх карупцыю? Яны ўжо былі карупцыянэры ці пасьля такімі сталі?

І другі момант: чаму зноў закрытасьць інфармацыі, чаму закрытае паседжаньне? Мяркую, трэба па тэлебачаньні паказваць такія паседжаньні, каб выкрываць гэтыя схемы. Мы ж нічога ня ведаем, чым яны займаліся і за што іх арыштоўваюць».

Артыкул, які інкрымінуецца Ганьне Шарэйцы, прадугледжвае да 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй.

XS
SM
MD
LG