Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест арыштаванай Ганны Шарэйкі прызначаны былы дырэктар стратнага прадпрыемства


Пазбаўленьне сэнатарскай недатыкальнасьці і арышт былой дырэктаркі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганны Шарэйкі, а таксама чатырох прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства і двух супрацоўнікаў расейскай кампаніі застаюцца ў цэнтры ўвагі жыхароў Віцебску. Прычым шмат хто не асуджае Шарэйку, а толькі наракае, што мала інфармацыі пра яе лёс ды пра тыя карупцыйныя ўчынкі, якія ёй інкрымінуюцца.

У свае 55 год Ганна Шарэйка ня мае ні сям’і, ні дзяцей — што адпавядае ўяўленьню пра жанчыну-кіраўніка, якая «ахвяравала ўсім у імя кар’еры». Таму распытацца пра яе лёс няма ў каго.

На афіцыйным сайце птушкафабрыкі Ганна Шарэйка дагэтуль значыцца генэральным дырэктарам. Але ў прыёмнай патлумачылі, што на дадзены момант абавязкі кіраўніка выконвае Віктар Міраш, старшыня Гарадоцкага райсавету.

Размаўляць пра сваю папярэдніцу ён адмаўляецца. А што да яго самога, то да абраньня ў райсавет ён быў дырэктарам Гарадоцкай птушкафабрыкі — вядомага ў раёне стратнага прадпрыемства. У нумары газэты «Гарадоцкі весьнік» ад 29 сакавіка, дзе паведамлялася пра вынікі выбараў, была апублікаваная справаздача ААТ «Птушкафабрыка Гарадок». Згодна зь ёй, птушкафабрыка мела больш за 4 мільярды рублёў стратаў ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў ды паслугаў, а агульная сума стратаў дасягнула амаль 18 мільярдаў рублёў.

Паводле Генэральнай пракуратуры Беларусі, Ганна Шарэйка падазраецца ў тым, што бройлерная птушкафабрыка пад яе кіраўніцтвам страціла 4 мільярды рублёў празь незаконныя зьдзелкі, зьвязаныя з пастаўкамі камбікармоў.

Згодна з вэрсіяй Сьледчага камітэту і Генэральнай пракуратуры, у арыштаванай быў «сябар» — «уласьнік замежнай кампаніі», адносна якой Ганна Шарэйка нібыта «давала незаконныя ўказаньні, каб прызнаць яго пераможцам конкурсу» ў тэндэры на набыцьцё камбікармоў.

Беларускія вытворцы кармоў для птушкі таксама зьвярталіся да яе, ды атрымалі адмову. Ня выканаўшы загаду «купляй беларускае», Ганна Шарэйка дапусьціла яшчэ адзін «пралік»: прадпрыемства мела невялікія прыбыткі, бо амаль усе заробленыя сродкі ішлі на пашырэньне вытворчасьці.

Усё гэта стала нагодай для праверкі прадпрыемства, якая скончылася арыштамі. У ліпені затрымалі чатырох працаўнікоў, прозьвішчы якіх не агучваюцца. Таксама па беларускім тэлебачаньні было заяўлена, што затрымалі і дваіх расейскіх камэрсантаў, якія займаліся пастаўкамі камбікармоў. Паводле некаторых зьвестак, гэта супрацоўнікі ААТ «Русскам-Р», якое выступае прадстаўніком ААТ «Рыскі камбікормавы завод».

240 квадратаў — хіба шмат? Ды ў мяне свая хата — больш за 70 квадратаў, калі надбудову на гарышчы зрабіць — дык і набярэцца пад 200.

Агучана была і сума матэрыяльнай шкоды, нанесенай прадпрыемству, — каля 4 мільярдаў беларускіх рублёў. Аднак далейшыя падрабязнасьці з афіцыйнага паведамленьня Генпракуратуры выклікалі ў землякоў Ганны Шарэйкі вялікія сумневы ў справядлівасьці абвінавачаньня. Прыкладам, тое, што Шарэйка мела «катэдж плошчай 240 квадратных мэтраў». Жыхар недалёкай ад птушкафабрыкі вёскі Лужасна спадар Генадзь лічыць такія аргумэнты проста сьмешнымі:

«240 квадратаў — хіба шмат? Я сваяку дапамагаў будаваць, ён камэрсант, дык у яго 280 квадратаў. Што там? Гараж, кухня, два пакоі, спальня, ванная, дый усё, здаецца. І нічога лішняга няма. Ды ў мяне свая хата — больш за 70 квадратаў, калі надбудову на гарышчы зрабіць — дык і набярэцца пад 200. Ды ў нас тут і не такія палацы ёсьць, толькі што не навідавоку!»

Дарэчы, катэдж Ганны Шарэйкі па тэлебачаньні не паказалі — мабыць, гэта ня самы пераканаўчы аргумэнт. І дзе ён — ніхто ня ведае. Прынамсі, не ў так званым «царскім сяле» ў прыгарадным пасёлку Тулава, дзе пасяліліся рознага кшталту начальнікі ды заможныя людзі.

Мясцовыя жыхары кажуць, што ў вёсцы Кузьміно Гарадоцкага раёну ў Ганны Шарэйкі ёсьць лецішча. І многія жыхары райцэнтру адзначаюць, што па дарозе туды яна заўжды закупляла прадукты ў фірмовай краме свайго ж прадпрыемства. Пры гэтым стаяла ў чарзе, як усе, падкрэсьлівае Леанід Аўтухоў, актывіст партыі БНФ з Гарадка:

«Яна зайшла, паўсьміхалася, запыталася, як справы. Была ў спартовым гарнітуры, вельмі сьціпла. Гэта потым мне дзяўчаты сказалі: „Гэта ж наша дырэктарка!“ Чыноўнік такога рангу — і так сьціпла сябе паводзіць, купляе ўсё ўласнай вытворчасьці... А што ў яе там мільярды знайшлі, дык, можа, і наркотыкі цяпер знойдуць. А як яна ня замужам, дык рознай брыдотай абальюць... У гэта ў нас ня вераць. Катэдж у 240 квадратных мэтраў — гэта драбяза ў параўнаньні з нашымі іншымі чыноўнікамі! Я думаю, адбываецца рэйдэрскі захоп! Бо прадпрыемства моцнае, прадпрыемства працуе, яна — чалавек на сваім месцы, так што — рэйдэрскі захоп, і ўсё тут».

Абвінавачаньні ў тым, што Ганна Шарэйка набывала «дарагую бытавую і электронную тэхніку» ды «забясьпечыла сабе матэрыяльны дабрабыт на будучыню», таксама выглядаюць несур’ёзна, пакуль не названыя нейкія канкрэтныя лічбы. І пакуль ніякай канкрэтыкі няма, Ганну Шарэйку на Віцебшчыне лічаць хутчэй ахвярай «разборак» у вышэйшых колах, чымсьці злачынцай-карупцыянэркай.

Справа супраць работнікаў Віцебскай бройлернай фабрыкі была распачатая напрыканцы чэрвеня, першыя затрыманьні адбыліся ў ліпені. З таго часу яна знаходзілася пад наглядам супрацоўнікаў міліцыі, якія суправаджалі яе нават у краму «Ганна». А 14 жніўня Ганну Шарэйку пазбавілі сэнатарскай недатыкальнасьці, і ўжо 15 жніўня арыштавалі.

Ганна Шарэйка ўладкавалася на бройлерную птушкафабрыку яшчэ ў маладыя гады, працавала апэратарам, тэхнолягам, начальнікам цэху, намесьнікам дырэктара па вытворчасьці. А ў 1998 годзе ўзначаліла птушкафабрыку, якой сёньня належаць і сетка крамаў «Ганна», і кавярні ды рэстарацыі пад той жа назвай.

XS
SM
MD
LG