Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртыза: На борце Ту-154 з ансамблем імя Аляксандрава не было тэракту

На месцы катастрофы. Ратавальнікі дастаюць з мора абломкі самалёта Ту-154, які ўпаў у Чорнае мора 25 сьнежня 2016 году
На месцы катастрофы. Ратавальнікі дастаюць з мора абломкі самалёта Ту-154, які ўпаў у Чорнае мора 25 сьнежня 2016 году

Пасьля экспэртызы абломкаў самалёта Ту-154, які ўпаў у Чорнае мора 25 сьнежня 2016 году, сьледзтва выключыла вэрсію тэракту або баявой паразы ракетай са сьпісу магчымых прычын катастрофы.

Пра гэта паведамляе «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцу, блізкую да сьледзтва.

Экспэрты-піратэхнікі ФСБ праверылі на наяўнасьць сьлядоў выбухоўкі абломкі самалёта, асабістыя рэчы пасажыраў, багаж, гуманітарны груз, крэслы і кавалкі ўнутранай абшыўкі фюзэляжа. Яны таксама ацанілі пашкоджаньні канструкцыяў самалёта. У выніку не было знойдзена ніводнага фактару, які паказваў бы на тэракт ці абстрэл самалёта ракетай зь зямлі.

Раней кіраўнік службы бясьпекі палётаў авіяцыі Ўзброеных сіл Расеі Сяргей Байнетаў заяўляў, што вэрсія пра тэракт на борце самалёта ня выключаная, але гэта мог быць ня выбух, а нейкае мэханічнае ўзьдзеяньне. Ён таксама расказаў, што камандзір экіпажу пасьпеў паведаміць пра няштатную сытуацыю на борце.

Самалёт Ту-154 Міністэрства абароны, які накіроўваўся з Сочы ў Сырыю, упаў у Чорнае мора 25 сьнежня. На яго борце знаходзіліся 92 чалавекі — артысты ансамбля імя Аляксандрава, вайскоўцы, журналісты і кіраўнік фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка. Усе яны загінулі.

XS
SM
MD
LG