Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біце ў званы!


У часы Сярэднявечча, калі надыходзіла эпідэмія чумы, каб справіцца з ёй, народ не перастаючы біў у званы. Людзі лічылі, што гук званоў праганяе хваробу, абясшкоджвае вірусы. Што казаць, я перакананая, што і зараз шмат хто так думае.

Ня ведаю, ці лечыць музыка ад чумы ў мэдычным разуменьні. А вось ад чумы духоўнай — лечыць, упэўненая. Няхай сабе гэтая чума — чужы асяродак, нямы народ, пустыня, дзе толькі-толькі нясьмела праклёўваюцца зялёныя парасткі нацыянальнай ідэі.

Мы ашчадна іх аберагаем, паліваем і, як той маленькі прынц у Экзюперы, накрываем сваю ружу шкляным каўпаком. Слухаем сваё і сваіх у закрытых клюбах, на паўтаемных імпрэзах, пакідаем сваю ружу для сябе, каб натхняцца, напаўняцца, адным словам — жыць.

А так хочацца разьбіць гэтыя шкляныя каўпакі ды рассадзіць кветкі па ўсёй краіне, каб і астатніх напаўняў іх водар, хараство, натхняла прыгажосьць... Зрэшты, пакінем Экзюперы ў спакоі.

Што нам патрэбна? Свабода музыкаў. Нам трэба, каб кожны горад напоўніўся музыкай, якая лечыць душы, кранае даўно забытыя струны ў кожным з нас, робіць чалавека — чалавекам: жывым, не каменным і не плястыкавым.

Пакуль вы будзеце пісаць гадавыя пляны дзеля «патрыятызацыі» моладзі — музыкам дастаткова сыграць канцэрт

На праваслаўнае Раство нам пашчасьціла ўсёй сям’ёй разам зь сябрамі адведаць «Дом Карцін», дзе гралі альбом «Сьвяты вечар». Вольскі, Памідораў, Вайцюшкевіч, Круглова... Пра што яшчэ можна марыць? Так, заля была ў захапленьні. Людзі прыйшлі паслухаць любімых выканаўцаў, дакрануцца да каляднага цуду: агульнага на ўсіх і адначасна глыбока асабістага для кожнага з прысутных.

Шкада, што колькасьць месцаў была абмежаваная. Шкада, што «Дом Карцін», а не «Менск Арэна». Шкада...

У нашай краіне, дзе каваным ботам энэргічна адбівае такт па брукаванцы «мяккая беларусізацыя» ня можа быць чорных сьпісаў і забароненых музыкаў. Тым больш, што гэтыя музыкі ня толькі ўдзельнічаюць у працэсе нацыябудаўніцтва (так, у нас даўгабуд, што паробіш), але адначасна зьяўляюцца і ягонымі сааўтарамі.

Пакуль вы выдумляеце свае чынушніцкія вышыфэсты-вышымаршы, у якіх няма душы і любові, дзе за вярсту пахне бутафорыяй і каньюнктурай, музыкам варта толькі расчахліць гітары, і яны зробяць больш, чым увесь ваш ідэалягічны аддзел пры Менгарвыканкаме.

Ня верыце? Варта толькі згадаць мінулагодні канцэрт Вольскага ў адным са спальных раёнаў падчас выбарчай кампаніі. Прыйшлі ж людзі. Без нагнанай масоўкі з ВНУ, без гнеўных пагрозаў выкладчыкаў ды камсамольскіх важакоў, без дурной «абавязалаўкі». Прыйшлі, бо ведаюць і любяць, бо ён — свой.

Пакуль вы будзеце пісаць гадавыя пляны дзеля «патрыятызацыі» моладзі — музыкам дастаткова сыграць канцэрт, каб тысячы ў адным парыве гукалі: «Жыве Беларусь!» ды чаплялі вышываныя стужкі.

Вы не навучыце сваімі загадамі, указамі, пастановамі, пэдантычнымі справаздачамі любіць Беларусь так, як могуць яны — адным дотыкам да струнаў. Музыка — тое, што аб’ядноўвае, натхняе, дапамагае расправіць крылы. Хіба ня гэта зараз патрэбна нашай краіне?

Зараз самы час для гэтых музыкаў, каб зайграць. Граюць яны, а выйграюць усе

Хіба зараз ня той момант, каб разам засьпявалі тыя, хто раней і ў мэтро побач ня сеў бы? Каб апазыцыянэр і чалец «Белай Русі», маладафронтавец і БРСМ-вец, пасьпяховы бізнэсмэн і ня менш пасьпяховы інжынэр з МТЗ у абдымках, у адзін голас зацягнулі: «Зразумееш тады, што тры чарапахі...» Нас не аб’яднае ані лідэр, ані партыя, ані палітычная праграма, будзем рэалістамі. Але ў музыкі — ёсьць шанец.

Я не хачу паўтараць у стотысячны раз ужо набіўшае аскоміну: «...забароненых музыкаў ня мусіць быць апрыёры». Так склалася, што мы маем дзяржаву, у якой мядзьведзь добра па вушах патаптаўся (у геапалітычным сэнсе — таксама). Але калі вы не ўмееце чуць музыку — адчуйце хаця б карысьць ад палітычнага выбару, прыслухайцеся да трывожных павеваў часу, у якім мы жывем.

Зараз самы час для гэтых музыкаў, каб зайграць. Граюць яны, а выйграюць усе. І чыноўніцкія апараты з іхнымі ідэалягічнымі аддзеламі, і палітычныя вярхі з праграмай здаровага нацыяналізму, і публіка разам з музыкамі, чыё пакліканьне — Беларусь.

Час біць у званы. І лячыць краіну ад духоўнай чумы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG