Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня варта чакаць рамантычнага пэрыяду ў дачыненьнях Эўразьвязу і Беларусі», — літоўскі палітоляг


Віціс Юрконіс

Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс у інтэрвію Свабодзе назваў указ Аляксандра Лукашэнкі пра пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краін «нечаканым» і «пазытыўным», але падкрэсьліў, што значнасьці гэтага рашэньня перабольшваць ня трэба.

«Гэты крок у Літве ўспрымаецца як пазытыўны, але гэта ўсё ж такі толькі адзін аспэкт ва ўсім ланцужку пытаньняў, якія ёсьць у стасунках з Беларусьсю. Вядома, гэтае рашэньне дазваляе грамадзянам ЭЗ ды іншых краін кароткатэрмінова падарожнічаць па Беларусі, але ўсе разумеюць, што гэта даволі абмежаваная мера — напрыклад, на аўтамабілі або цягніку зь Вільні ў Менск не паедзеш. Так што гэтае рашэньне даволі абмежаванае, хоць і пазытыўнае, асабліва на ўзроўні турызму і чалавечых стасункаў. Магчыма таксама, гэта палегчыць кантакты ў сфэры бізнэсу і акадэмічнай сфэры.

Але ня варта перабольшваць ягоную значнасьць, ня варта чакаць, што гэтае рашэньне прывядзе да вялікага павароту або зруху на міждзяржаўным узроўні. Застаюцца праблемныя пытаньні: гэта АЭС, малы памежны рух (рашэньне пра які дагэтуль не прынятае — мяч застаецца на баку Беларусі), справа 13 студзеня (маецца на ўвазе крымінальная справа аб штурме тэлецэнтру ў Вільні 13 студзеня 1991 году. — РС)... Усё гэта застаецца на парадку дня», — падкрэсьлівае літоўскі экспэрт.

Указ Лукашэнкі істотна не паскорыць і падпісаньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і ЭЗ, лічыць Юрконіс.

«Я думаю, гэтае рашэньне ўнясе свой уклад у перамовы. Аднак ня варта гэта ўспрымаць так: вось мы зрабілі крок і цяпер чакаем адказу. Павінны быць выкананыя пэўныя тэхнічныя моманты, патрабаваньні і г.д. То бок, несурʼёзна бачыць гэты працэс як нейкі гандаль. Рашэньне аб 5-дзённых бязьвізавых падарожжах — гэта выгадна як для грамадзян ЭЗ, якія могуць убачыць Беларусь, так і для індустрыі турызму Беларусі (а да таго ж гэта нагода для піяру). Крок добры, але варта пазьбягаць эўфарыі, ня варта чакаць нейкага рамантычнага пэрыяду ў дачыненьнях Эўразьвязу і Беларусі», — падсумоўвае палітоляг.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG