Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь разьлічвае на крокі ў адказ


Будынак МЗС Беларусі
Будынак МЗС Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі разьлічвае на крокі ў адказ пасьля ўвядзеньня бязьвізавага ўезду.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 8 «Аб устанаўленьні бязьвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян».

Указ вызначае бязьвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін ня больш за 5 сутак пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт Менск для грамадзянаў 80 дзяржаваў, у тым ліку ўсіх, якія ўваходзяць у ЭЗ.

Пра гэта сказаў журналістам начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Беларусі Ігар Фісенка.

«Візавыя правілы ЭЗ вызначаныя рашэньнем 28 дзяржаў, і даволі складана разьлічваць на тое, што яны зазнаюць нейкія зьмены ў залежнасьці ад рашэньня Беларусі — аднаго з суседзяў ЭЗ. У той жа час мы спадзяёмся, што Эўрапейскім Зьвязам гэтае рашэньне будзе прынята да ведама і будуць зроблены нейкія сустрэчныя крокі ў напрамку разьвіцьця кантактаў паміж Беларусьсю і ЭЗ», — цытуе БелТА Ігара Фісенку.

Паводле Фісенкі, бязьвізавае знаходжаньне ў Беларусі цягам пяці сутак не запатрабуе ад замежнікаў выконваньня дадатковых фармальнасьцяў.

«Сьпіс краін, натуральна, не выпадковы, і гаворка ідзе пра тое, каб адкрыць нашу краіну фактычна для ўсяго сьвету», — сказаў Ігар Фісенка.

Ён таксама патлумачыў, чаму бязьвізавы ўезд дазволены на пяць сутак.

«Гэта менавіта той тэрмін, на працягу якога замежніку няма неабходнасьці рэгістравацца ў органах унутраных спраў. Такім чынам, у тых замежнікаў, якія будуць прыбываць бязь віз праз Нацыянальны аэрапорт „Менск“, ня будзе неабходнасьці наагул выконваць нейкія фармальнасьці: ні атрымліваць візу, ні рэгістравацца», — сказаў Ігар Фісенка.

«У пляне афіцыйных кантактаў мы лічым, што неабходна прытрымлівацца правілаў узаемнасьці. Гэта значыць, мы будзем адкрывацца для афіцыйных кантактаў роўна настолькі, наколькі да гэтага будуць гатовыя нашы партнэры. Такія прапановы намі накіраваныя. Спадзяёмся, што бліжэйшым часам мы атрымаем рэакцыю», — сказаў начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG