Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША назваў Асанджа «паслугачом Расеі»


Пол Раян заступае на пасаду сьпікера Палаты прадстаўнікоў, 3 студзеня 2017 году
Пол Раян заступае на пасаду сьпікера Палаты прадстаўнікоў, 3 студзеня 2017 году

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША рэспубліканец Пол Раян назваў заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанджа «паслугачом Расеі», вядомым крадзяжамі сакрэтнай інфармацыі і імкненьнем нанесьці шкоду бясьпецы Злучаных Штатаў.

Заяве Пола Райана папярэднічаў запіс у «Твітэры» абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, у якім той прывёў словы Джуліяна Асанджа з інтэрвію, дадзенага ў аўторак, што «любы 14-гадовы падлетак мог узламаць электронную пошту кіраўніка выбарчага штаба Гілары Клінтан Джона Падэсты». «Чаму Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі быў настолькі бестурботны? — напісаў Трамп. — Больш за тое, Асандж запэўнівае, што не атрымліваў ад расейцаў ніякай інфармацыі. Нашы выведнікі ня могуць быць стоадсоткава ўпэўненыя, што ва ўзломах вінаватая Расея».

У адказ Пол Раян выказаў надзею на тое, што прызначаная на пятніцу сустрэча прадстаўнікоў амэрыканскай выведсупольнасьці з Дональдам Трампам дазволіць абранаму прэзыдэнту скласьці больш выразнае меркаваньне пра апэрацыі расейскіх хакераў.

У сераду ўвечары газэта The Wall Street Journal паведаміла пра тое, што адміністрацыя Дональда Трампа плянуе рэарганізацыю амэрыканскіх выведслужбаў, у тым ліку, упраўленьня Дырэктара нацыянальнай выведкі і ЦРУ. Абраны прэзыдэнт і людзі зь ягонага атачэньня, паводле дадзеных газэты, лічаць, што амэрыканская выведка залішне палітызаваная, што розныя агенцтвы дрэнна каардынуюць сваю дзейнасьць. Суразмоўцы газэты выказваюць зьбянтэжанасьць і трывогу адносна публічнай крытыкі Трампа на адрас амэрыканскай выведкі і недаверу да яе высноваў адносна расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкую кампанію, выказанага абраным прэзыдэнтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG