Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе хуліганства, а дзе крымінал: у Зэмана — яйкам, у Лукашэнку — памідорам


Ахоўнікі трымалі парасоны, калі людзі кідалі яйкі і памідоры ў прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана 17 лістапада 2014 году.
Ахоўнікі трымалі парасоны, калі людзі кідалі яйкі і памідоры ў прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана 17 лістапада 2014 году.

Акруговы суд у Празе палічыў кідок яйкам у прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана падчас мітынгу адміністрацыйным правапарушэньнем, а не крымінальным злачынствам, і спыніў разгляд крымінальнай справы, паведамляе чэскі тэлеканал ČT24.

Інцыдэнт адбыўся больш за два гады таму падчас сьвяткаваньня 25-годзьдзя падзеньня камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне. Першапачаткова двух мужчын, якія кідалі ў Мілаша Зэмана розныя прадметы, у тым ліку яйкі, абвінавачвалі паводле артыкулу адміністрацыйнага кодэксу, але пазьней мясцовыя ўлады вырашылі, што справу варта перадаць паліцыі. Пасьля гэтага двух фігурантаў справы абвінавацілі ў хуліганстве. Аднаго зь іх пазьней вызвалілі ад адказнасьці, для іншага абвінавачанага пракурор запрасіў два гады пазбаўленьня волі. Цяпер жа справа перададзеная назад мясцовым уладам, паколькі справа ідзе пра адміністрацыйнае правапарушэньне.

Падчас згаданага мітынгу ў лістападзе 2014 году людзі асьвісталі прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана за яго выказваньні на адрас Украіны і супраць «Pussy Riot»: ён назваў групу «парнаграфічнай», а яе ўдзельніц — «дэвіянтнымі дамамі». Адно з кінутых тады яек трапіла ў прэзыдэнта Нямеччыны Яўхіма Гаўка, які стаяў побач з Зэманам. Сам Гаўк пазьней казаў, што не заўважыў гэтага кідка.

Падобныя інцыдэнты час ад часу здараюцца ў палітычным жыцьці і іншых дзяржаўных і ўрадавых кіраўнікоў.



У 2008 годзе ірацкі журналіст кінуў двума чаравікамі ў прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага, які даваў прэс-канфэрэнцыю падчас свайго візыту ў Іраку. Прэзыдэнт Буш здолеў ухіліцца ад кідкоў. Нападніка асудзілі на 3 гады зьняволеньня, але выйшаў ён на волю праз 9 месяцаў.


Для прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі ў 2009 годзе падобны інцыдэнт скончыўся крывавай траўмай: падчас мітынгу, на якім прэм’ер раздаваў аўтографы, адзін з удзельнікаў кінуў у яго сувэнірным мэталёвым макетам Мілянскага сабору. Кідок пашкодзіў прэм’еру два зубы і зламаў нос. Нападнік, які раней лячыўся ў псыхіятраў, пазьбег судовага разьбіральніцтва і крымінальнай адказнасьці.

Здарылася падобнае і ў Беларусі. У Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2001 году падчас эстафэты на цэнтральным праспэкце ў Менску з натоўпу паляцеў памідор у лідэра спаборніцтваў Аляксандра Лукашэнку. Па гарачых сьлядах спэцслужбы затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку і менчука Сяргея Лапцева. Менавіта ён узяў на сябе адказнасьць за інцыдэнт, заявіўшы пра палітычныя матывы свайго ўчынку.



«Ні пра што не шкадую, бо мая грамадзянская пазыцыя засталася нязьменнай. Вядома, усё магло скончыцца ня так добра, як скончылася. Шчыра скажу: спужаўся я ўжо пазьней, калі прыкінуў, што, прыкладам, на дахах маглі быць снайпэры. Яны, натуральна, ня бачылі, што я канкрэтна кідаў — можа, гранату — таму маглі дзейнічаць адпаведна. Усё гэта я асэнсаваў толькі потым, а да гэтага ніякага страху не было» — сказаў Сяргей Лапцеў нашаму карэспандэнту тры гады таму.

Сяргею Лапцеву далі 7 сутак адміністрацыйнага арышту за хуліганскі ўчынак. Артыкул «зьнявага прэзыдэнта» не ўжываўся. У сувязі са сьвяточным днём «памідорнага тэрарыста» адразу амніставалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG