Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі вырастуць


Савет міністраў зацьвердзіў тарыфы на некаторыя віды жыльлёва-камунальных паслугаў, якія пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2017 году.

Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага ўраду.

Паводле дакумэнту, цана цеплавой энэргіі будзе павялічаная на 17% — да 15,6098 рублёў за 1 Гкал.

Гэтак жа вырасьце для насельніцтва цана на прыродны газ у ацяпляльны пэрыяд.

Вырасьце таксама тарыф электраэнэргіі на працу ліфтаў да 47капеек з аднаго жыхара (цяпер 26 капеек).

Падаражэе і тэхнічнае абслугоўваньне ліфта: налета тарыф складзе ня больш за 1,33 рубля з аднаго жыхара ў месяц (сёлета — 1,2 рубля).

Цана электраэнергіі не павялічыцца.

«Выплаты насельніцтва, разьлічаныя паводле тарыфаў (цэнаў), якія субсыдуюцца дзяржаваю, гранічныя памеры выдаткаў і памеры кампэнсацыі жыльлёва-камунальных паслугаў насельніцтвам, прадугледжаныя пастановаю, будуць падвышаныя ў памеры, эквівалентным 5 далярам у разьліку на сямʼю з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 м², пры нарматыўным спажываньні ЖКП», — паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

На пачатку 2016 году міністар эканомікі Беларусі заявіў, што пакрыцьцё тарыфаў на ЖКП насельніцтвам плянуецца ажыцьцявіць у тры этапы: канец 2016 году — выхад на 50% кампэнсацыі выдаткаў, канец 2017 году — на 75%, да канца 2018 году — на 100%.

Сярод іншага Міністэрству антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю даручана ўзгадніць з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам тарыфы на водазабесьпячэньне, якія субсыдуюцца дзяржавай — ня больш за 0,5301 рубля за 1 м³ (цяпер 0,279 рубля).

XS
SM
MD
LG