Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя назвала свастыку на помніку Пінскаму гета — «абстрактным малюнкам»


Як паведамляе УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, свастыку на помніку ахвярам Пінскага гета расцанілі як «зьдзек з гісторыка-культурнай каштоўнасьці пры адсутнасьці прыкметы зьнішчэньня ці пашкоджаньня», крымінальную справу распачалі паводле ч.1 арт. 346 Крымінальнага кодэксу.

«29 лістапада з 08.00 да 16:00 невядомы нанёс чорнай фарбай малюнак абстрактнага зьместу на пярэднюю частку помніка, што ўсталяваны на месцы забойства ахвяраў фашызму — вязьняў Пінскага гета па вул. Пушкіна, 27, і зьяўляецца помнікам, уключаным у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь», — піша міліцыя, не ўдакладняючы, што «малюнак абстрактнага зьместу» — гэта свастыка.

Хуліганаў можа чакаць штраф, грамадзкія работы ці арышт на тэрмін да 6 месяцаў.

***

У час Другой усясьветнай вайны Пінск страціў 73% жыхароў — большасьць насельніцтва гораду складалі габрэі. На асабісты загад рэйхсфюрэра Гімлера 29 кастрычніка 1942 году пачалася ліквідацыя Пінскага гета. За чатыры дні нацысты зьнішчылі 26 тысяч чалавек, толькі адзінкі ўратаваліся.

У сярэдзіне лістапада ў Магілёве помнік забітым у вайну габрэям аблілі чорнай фарбай. Міліцыя сьцьвярджае, што гэта справа рук скінгэдаў — прадстаўнікоў ультраправага руху.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG