Невядомыя апаганілі помнік ахвярам нацыстаў на месцы масавага зьнішчэньня габрэяў, цыганоў, вязьняў пінскай турмы і партызанаў у Пінску, паведамляе «Медыя-Палессе». На шыльдзе помніка намалявалі свастыку.
На памятным валуне вісіць шыльда з паведамленьнем, што прычыненьне шкоды караецца па законе. Зрэшты, сама гэтая шыльда пашкоджаная, адзначае выданьне.
У час Другой усясьветнай вайны Пінск страціў 73% жыхароў — большасьць насельніцтва гораду складалі габрэі. На асабісты загад рэйхсфюрэра Гімлера 29 кастрычніка 1942 году пачалася ліквідацыя Пінскага гета. За чатыры дні нацысты зьнішчылі 26 тысяч чалавек, толькі адзінкі ўратаваліся.
У сярэдзіне лістапада ў Магілёве помнік забітым у вайну габрэям аблілі чорнай фарбай. Міліцыя сьцьвярджае, што гэта справа рук скінгэдаў — прадстаўнікоў ультраправага руху.