Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу Вэльман: «Цяпер ня час жорсткіх нотак. Эўропа павінна даць Беларусі шанец»


Карл-Георг Вэльман
Карл-Георг Вэльман

Карл-Георг Вэльман, дэпутат нямецкага Бундэстагу з фракцыі ХДС-ХСС, бярэ ўдзел у працы XIV Менскага Форуму. Ён даўно цікавіцца Беларусьсю, ня раз наведваў краіну. На сёлетнім Форуме ўдзельнічаў у дыскусіях «Пэрспэктывы эўрапейскага суседзтва і бясьпекі», «Беларусь і рэгіянальнае супрацоўніцтва ў Эўропе». Уплывовы нямецкі палітык даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

— Спадар Вэльман, 6 гадоў не праводзіліся Менскія Форумы. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і жорсткага разгону Плошчы, зьяўленьня палітзьняволеных, калі Захад увёў санкцыі, нямецкі бок фактычна згарнуў і вось такія традыцыйныя беларуска-нямецкія дзелавыя сустрэчы. І вось сёлета Форум зноў праводзіцца ў ранейшым фармаце — з удзелам уплывовых нямецкіх палітыкаў, прадстаўнікоў Эўразьвязу, амбасадараў, грамадзкай супольнасьці. Ці азначае гэта, што Эўразьвяз, Нямеччына прызналі — сытуацыя ў Беларусі істотна палепшылася?

І Нямеччына, і Эўразьвяз гатовыя разгледзець новыя падыходы ў сваёй палітыцы ў дачыненьні Беларусі.

— Так, мы да гэтага гатовыя, сытуацыя ў Беларусі паступова зьмяняецца ў лепшы бок. Аднаўленьне гэтага фармату азначае, у прынцыпе, абнадзейлівы знак — і Нямеччына, і Эўразьвяз гатовыя разгледзець новыя падыходы ў сваёй палітыцы ў дачыненьні Беларусі.

— Але літаральна два дні таму зьявілася новая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, у якой прагучалі даволі жорсткія ноткі крытыкі, і беларускі МЗС адразу ж даволі рэзка адрэагаваў на гэту рэзалюцыю, назваўшы яе «адштампаванай», якая шкодзіць нармалізацыі адносінаў паміж Менскам і Брусэлем.

— Цяпер — ня час для жорсткіх нотак. І асабліва пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША надышоў час пераасэнсаваць Эўропу. Беларусь — эўрапейская краіна, яна павінна адыгрываць сваю годную ролю, а мы павінны ўлічваць асаблівасьці Беларусі, даць ёй шанец.

— І ўсё такі, у рэзалюцыі Эўрапарлямэнту адзначаецца, што правы чалавека па-ранейшаму парушаюцца. Так, ужо амаль няма палітзьняволеных, людзей ўжо не саджаюць на суткі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, а штрафуюць, хаця штрафы гэтая непад’ёмныя; ёсьць шмат заўвагаў да парлямэнцкіх выбараў, праблемы з дэмакратыяй застаюцца. Як вы ставіцеся да гэтага?

У вашай краіне ёсьць багатыя тэхналягічныя, багатыя прамысловыя традыцыі, і толькі разьвіваючы свабодныя стасункі, дэмакратыю, ствараючы адкрытыя адносіны, пэрспэктыву для маладых людзей гэта краіна будзе мець будучыню.

— Мы, у прынцыпе, павінныя станоўча рэагаваць на тыя пазытыўныя знакі, сыгналы, якія падае Беларусь, якія носяць станоўчы характар. Тыя сапраўды дэмакратычныя сілы, якія існуюць у беларускім грамадзтве, тыя інтэлектуальныя сілы, якімі так багатая краіна, могуць разьвівацца толькі ў адкрытым сьвету грамадзтве. Калі маладыя людзі будуць шукаць свае пэрспэктывы ў Эўропе ці ЗША і будуць пакідаць краіну, гэта ніяк не дапаможа Беларусі. У вашай краіне ёсьць багатыя тэхналягічныя, багатыя прамысловыя традыцыі, і толькі разьвіваючы свабодныя стасункі, дэмакратыю, ствараючы адкрытыя адносіны, пэрспэктыву для маладых людзей гэта краіна будзе мець будучыню.

— Спадар Вэльман, вы — дэпутат Нямецкага Бундэстагу, прадстаўляеце шматлікую і ўплывовую фракцыю ХДС-ХСС. Падчас палітычнай дыскусіі на Менскім Форуме шмат гаварылі пра далейшае разьвіцьцё стасункаў паміж Нямеччынай і Беларусьсю. У прыватнасьці, былы амбасадар Беларусі ў Аўстрыі, а цяпер старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі казаў пра неабходнасьць аднаўленьня парлямэнцкіх сувязяў. Пакуль няма канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЭ па выніках парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. У выпадку калі зноў беларускія выбары ня будуць прызнаныя дэмакратычнымі, адкрытымі, ці будзе Бундэстаг, Эўрапарлямэнт супрацоўнічаць зь беларускім парлямэнтам?

— Безумоўна, парлямэнцкія кантакты вельмі важныя. Што да ацэнкі выбараў, давайце дачакаемся ацэнкі, пра якую вы ўзгадалі. У нямецкім Бундэстагу існуе парлямэнцкая група дружбы «Нямеччына — Беларусь». І кантакты павінны разьвівацца, мы зьбіраемся запрашаць да сябе беларукіх калег. І тут вялікую ролю могуць адыграць Фонд Конрада Адэнаўэра, у якога ёсьць усе і арганізацыйныя, і фінансавыя магчымасьці, каб аб’ядноўваць людзей. Так што, спадзяюся, будзем кантактаваць зь беларускімі калегамі-парлямэнтарамі.

— Спадар Вэльман, а як вы асабіста зацікавіліся Беларусьсю? Чаму ў вас такі інтарэс на краіны? І я бачу тут, на Менскім Форуме, вельмі шмат уплывовых нямецкіх палітыкаў, бізнэсоўцаў, моладзі. У Беларусі і Нямеччыны асаблівыя адносіны? Сьведчаньне таму — і правядзеньне Менскіх Форумаў, і нават гэты Міжнародны адукацыйны цэнтар імя Раў, дзе мы з вамі знаходзімся...

— Па-першае, гэты інтарэс узьнік, сыходзячы з гісторыі, сыходзячы з памяці пра тыя зьверствы, якія ўчынілі тут немцы ў часы нацызму. Па-другое, Беларусь зьяўляецца цэнтральнай эўрапейскай дзяржавай, дзе жывуць цудоўныя, адукаваныя людзі, тут чароўныя ляндшафты, тут парадак (у параўнаньні зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы).

Мы — Эўропа, Нямеччына — нясем адказнасьць перад дзяржавамі, перад грамадзтвамі, якія ў тым ліку і па віне Нямеччыны не маглі дзесяцігодзьдзямі свабодна разьвівацца.

Ну і мэнтальна беларусы і немцы — вельмі падобныя, падыходзяць адзін да аднаго, могуць адзін аднаго добра разумець. Але, самае галоўнае, мы — Эўропа, Нямеччына — нясем адказнасьць перад дзяржавамі, перад грамадзтвамі, якія ў тым ліку і па віне Нямеччыны не маглі дзесяцігодзьдзямі свабодна разьвівацца.

Заўтра я абавязкова наведаю мэмарыяльны комплекс «Трасьцянец» і помнік на месцы менскага гета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG