Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада вельмі ўважліва ставіцца да фанацкага руху, бо бачыць у ім пагрозу для сябе»


Чаму праваахоўныя органы Беларусі не спыняюць «вайну» з футбольнымі фанатамі?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод

Глод: Cуд Цэнтральнага раёну беларускай сталіцы прызнаў экстрэмісцкім тэкст песьні футбольных фанатаў «Разам весела крочыць». Яе сьпявалі на трыбунах фанаты менскага «Дынама» і некаторых іншых клюбаў.

Гэты выпадак называюць беспрэцэдэнтным у барацьбе з каляфутбольным хуліганствам у Беларусі. Рашэньне суду заснаванае на Законе «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» і экспэртным заключэньні Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) у ёй прыкмет экстрэмізму. Паведамляецца, што бліжэйшым часам песьню «Разам весела крочыць па балотах з кулямётам..» унясуць у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які друкуецца на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі. Парушальнікі будуць пакараныя. На першы раз ім пагражае грашовы штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў. Зрэшты, рашэньне суду актуальнае ня толькі для фанатаў менскага «Дынама».

Футбол ужо даўно выйшаў за межы выключна спартовай гульні

Песеньку «Разам весела крочыць» напісаў вядомы савецкі кампазытар Уладзімер Шаінскі. Гэта такая слаўная дзіцячая песенька, якую пачыналі выконваць яшчэ ў дзіцячых садках, а пасьля працягвалі ў школах. Ды і дарослыя нярэдка сьпявалі яе, асабліва падчас застольляў. Аднак хтосьці зрабіў на аснове бесклапотнай дзіцячай песенькі пераробку, ці, як цяпер кажуць, рэмікс. У тэксьце зьявіліся зусім не дзіцячыя выразы пра «фанатаў-карнікаў» з кулямётам, якія «падпальвалі вёскі» і «зьнішчалі карэннае насельніцтва». Яе пачалі сьпяваць на стадыёнах яшчэ ў часы СССР. І дагэтуль яна ў фаворы фанатаў з постсавецкай прасторы. Заўзятары адаптуюць тэкст твора ў залежнасьці ад клюбнай прыналежнасьці. Існуе, напрыклад, вэрсія дынамаўская. А ёсьць і адапатаваная пад густ заўзятараў маскоўскага клюбу — ЦСКА.

Менавіта за фанацкі рэмікс дзіцячай песьні радыкальных заўзятараў папракаў галоўны трэнэр менскага «Дынама» Сяргей Бароўскі. Ён назваў крычалкі пра карнікаў у вёсках агіднымі. У адказ фанаты заявілі, што яны абражаныя да глыбіні душы, і запатрабавалі адстаўкі трэнэра. Фанацкая дэлегацыя ў некалькі дзясяткаў чалавек нават езьдзіла на базу каманды ў спартовым лягеры «Стайкі». Паводле дынамаўскай прэсавай службы, яны сарвалі трэніроўку. «Трэнэру выразна далі зразумець, што наша шыза і нашы песьні — асабістая наша справа, і лезьці яму ў яе мы не раім», — такі запіс з’явіўся на фанацкім сайце.

Футбол ужо даўно выйшаў за межы выключна спартовай гульні. Жарсьці вакол яго прымаюць і палітычны, і маральны, і судовы аспэкты.

Дастаткова згадаць суды над беларускімі і ўкраінскімі заўзятарамі, затрыманымі два гады таму перад матчам нацыянальных зборных Беларусі і Ўкраіны на «Барысаў Арэне» і па яго заканчэньні. Усяго тады слухаліся справы 24 падазраваных у «дробным хуліганстве» — па 12 ад кожнай краіны. Беларусаў каралі выключна штрафамі, украінцы ў масе сваёй атрымалі адміністрацыйныя арышты. Практычна ўсе ўкраінцы былі затрыманыя яшчэ да матчу. Перад допускам на трыбуны міліцыянты прымушалі расшпільвацца да апошняй кашулі, і калі на нейкай майцы фігураваў праўкраінскі надпіс, заўзятара адразу вялі ў аўтазак. А стыкеры з кельцкім крыжам судзьдзя назвала «фашыстоўскай сымболікай». І як казалі ўкраінцы (суды былі закрытымі), іх асудзілі за нібыта прапаганду і дэманстраваньне фашыстоўскай сымболікі. А беларускіх заўзятараў хапалі і за бел-чырвона-белы сьцяг і за майкі з выявай «Пагоні».

Жарсьці вакол яго прымаюць і палітычны, і маральны, і судовы аспэкты

Праз год нацыянальныя каманды Беларусі і Ўкраіны гулялі ўжо ў Львове. Напярэдадні гульні заўзятары дзьвюх краін правялі некалькі супольных акцыяў. Каля 100 беларусаў пад лёзунгам «Мы з табой адной крыві» здавалі кроў для параненых ўкраінскіх вайскоўцаў. Ім беларускія заўзятары перадалі чатыры скрыні «згушчонкі». Ніякіх затрыманьняў, а тым болей судоў там не было. Такім чынам, атрымліваецца, што ў Беларусі існуе барацьба праваахоўных структураў з заўзятарамі — і з патрыётамі, і з экстрэмістамі. Ці можна, на ваш погляд, калегі, паставіць справу так, каб ад гэтага цярпелі толькі экстрэмісты?

Карбалевіч: Тут некалькі аспэктаў. Найперш той, пра які казаў Лукашэнка ўчора на прэсавай канфэрэнцыі. Там кіраўнік Беларусі асабліва падкрэсьліваў, што ў Беларусі, у адрозьненьні ад Расеі і іншых краін, дзяржава кантралюе ўсе сфэры жыцьця. І гэта маўляў, ёсьць перавага Беларусі. Тут дзяржаве да ўсяго ёсьць справа. Напрыклад, ёй важна, што сьпяваюць заўзятары на стадыёнах Па-другое, беларускія ўлады, найперш, спэцслужбы даўно вядуць вайна з заўзятарамі. Шмат прыкладаў, калі іх рэпрэсавалі, кляймілі ганьбай у «Советской Белоруссіі» і на БТ. Асабліва, калі падчас футбольнага матчу Беларусь-Украіна скандзіравалі антырасейскія лёзунгі. А паняцьце «экстрэмізм» у Беларусі трактуецца вельмі шырока. Можна ўзгадаць, што нават фотаздымкі былі прызнаны судом экстрэмісцкімі.

Цыганкоў: Сапраўды ўлада вельмі ўважліва ставіцца да фанацкага руху, бо бачыць у ім пагрозу для сябе, як у кожнай арганізаванай групе і непадпарадкаванай дзяржаўнай ідэалёгіі. Яна зьяўляецца terra incognita, невядома, што ад іх чакаць. У гэтым сэнсе арганізаваныя апазыцыйныя суполкі ці грамадзянскія зарэгістраваныя, іх дзейнасьць вядомая, і яны больш прадказальныя.

улада вельмі ўважліва ставіцца да фанацкага руху, бо бачыць у ім пагрозу для сябе

Яшчэ ў красавіку на хвалях Свабоды было інтэрвію з журналістам Зьмітром Галко, які вывучаў тэму вось менавіта гэтага прэсінгу дзяржавы на беларускіх футбольных фанатаў і казаў нават, што органы спэцслужбаў наўмысна палююць на патрыётаў у гэтым руху. Варта сказаць, што футбольныя фанаты ёсьць розныя. Сярод іх ёсьць як праварадыкальныя, гэтак і леварадыкальныя, блізкія да анархізму антыфа. У пэўныя момант і тыя, і тыя павярнуліся да нацыянальных каштоўнасьцяў. Некаторыя пасьля падзей ва Ўкраіне пачалі выкарыстоўваць нацыянальную сымболіку, беларускую мову. Гэта адбывалася ў двух накірунках — як афіцыйна, так і не. Нават клюбы пераходзяць на беларускую мову пад пэўным маральным ціскам ці прапановай з боку грамадзкасьці. На трыбунах часта бачым і плякаты, і крычалкі менавіта на беларускай мове.

Так што што б ні казалі пра лібэралізацыю, такі паварот усё-такі выклікае павышаную ўвагу ў спэцслужбаў, якія прывыклі 20 гадоў змагацца з такімі каштоўнасьцямі і гэтую звычку ніяк у сабе адмяніць не могуць. Тут ёсьць патэнцыял для яшчэ неаднаразовых нашых аналітычных тэмаў, бо тут ёсьць кропка сутыкненьня, прычына канфлікту і вось гэтая супярэчнасьць будзе па ўсёй верагоднасьці толькі павялічвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG