Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду!» стане партыяй. Але праз 1,5 — 2 гады


12 лістапада ў Менску прайшоў форум грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

З усіх рэгіёнаў на форум прыехала каля 400 дэлегатаў. Бальшыня прагаласавала за пачатак стварэньня партыі «Гавары праўду!» пры захаваньні грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Вызначаны тэрмін: паўтара — два гады.

На парадку дня форуму стаяла 3 пытаньні:

— Стратэгія — 2020.

— Задачы «Гавары праўду!» у 2017 годзе.

— Мэтазгоднасьць пераўтварэньня кампаніі «Гавары праўду!» у палітычную партыю.



Стратэгія-2020: падрыхтоўка да ўдзелу ў парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах


Праз 3 гады ў 2020-м, так супадае, у Беларусі маюць адбыцца прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары.

Кіраўніца Віцебскай абласной філіі «Гавары праўду!» Лідзія Сагідуліна агучыла амбіцыйныя пляны кампаніі: плянуецца стварыць арганізацыі «Гавары праўду!» у 50 гарадах; сфармаваць ініцыятыўную групу па вылучэньні кандыдата ў прэзыдэнты зь пяці тысяч чалавек (на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах у складзе ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч было дзьве тысячы чалавек); вылучыць на парлямэнцкія выбары ня менш за 50 кандыдатаў.



«У 2020 годзе нам патрэбная як мага большая колькасьць кандыдатаў у парлямэнт, альбо ўсё ж павінна быць якасьць?» — прагучала пытаньне з залі.

«Канечне, якасныя кандыдаты», — адказала Лідзія Сагідуліна.

Разгарнулася дыскусія, дэлегаты актыўна задавалі пытаньні. Многія пытаньні былі рытарычнымі.

Дэлегат форуму Валер Матросаў заўважыў, што асабліва ў рэгіёнах людзі запалоханыя: скажаш праўду — страціш працу. «У краіне пераважна кантрактная сыстэма, людзі баяцца страціць працу. Як абараніць людзей?» — запытаўся дэлегат.

«Трэба мяняць працоўнае заканадаўства, патрабаваць доўгія кантракты», — адказала Тацяна Караткевіч.

Сяргей зь Віцебска пытаецца: «Няма працы для моладзі. Моладзь сьпіваецца. Як вырашаць праблемы?»

Тамара Шчарбатых з Бабруйску: «Я скончыла ВНУ, усе працоўныя месцы занятыя, прычым многія — пэнсіянэрамі. Дайце дарогу маладым!»

«Форум ня можа вырашыць пытаньні, таму што мы не ва ўладзе. Мы сабраліся не для таго, каб задаваць невырашальныя пытаньні, а для таго, каб выпрацаваць стратэгію на будучыню» — падсумоўвалі мадэратары.

2017-ты — год падрыхтоўкі да мясцовых выбараў


На другой панэлі мадэратарам выступіў Андрэй Дзьмітрыеў, якому давялося адказваць на дзясятак вострых пытаньняў, а таксама пачуць столькі ж канструктыўных прапаноў:

«2017 год будзе нялёгкім. Гэта будзе год падзеньня прыбыткаў, многія страцяць працу. Разам з тым, гэта год вялікіх магчымасьцяў, калі дзяржава складае абавязкі па сацыяльнай абароне грамадзянаў. А калі сыходзіць дзяржава, павінны прыйсьці мы і самі дамагацца пераменаў. 2017 будзе годам, калі давядзецца адстойваць інтарэсы грамадзян. 2017-ы будзе годам падрыхтоўкі да мясцовых выбараў, у якіх кампанія „Гавары праўду!“ павінна браць удзел, каб быць пачутай уладамі. Людзі павінны зразумець, што ня страшна быць часьцінай палітыкі. Палітыка 2017 году — гэта палітыка інтарэсаў грамадзтва. Мы павінны паказаць, што ўжо ня меншасьць за перамены, што за перамены ўжо большасьць».

Каля дзясятка чалавек выстраіліся ў чаргу да мікрафона, каб выступіць з канкрэтнымі прапановамі.



Аляксандар Старавойтаў: «Трэба шукаць магчымасьць узаемадзеяньня з уладай. З уладай не заўсёды трэба змагацца. Трэба шукаць людзей ва ўладзе, якія могуць лабіраваць нашы інтарэсы. Трэба сфармуляваць ідэі для ўлады. Вось нядаўна Лукашэнка казаў: „прыносьце мне непрычасаныя ідэі“ Ці можа кампанія „Гавары праўду“ сфармаваць, для прыкладу, 12 прапановаў для ўлады? Дакладна, можа, мяркуючы нават на сёньняшняй гарачай і вострай дыскусіі».

Ці варта грамадзянскай кампаніі «ГП» ператварацца ў партыю?


Мадэратар трэцяй панэлі форуму Сяргей Вазьняк адзначыў, што зараз адбываецца карэкцыя палітычнай сыстэмы, але гэта яшчэ ня зьмены:

«Улада хацела б захаваць гэту палітычную сыстэму, якая існуе з 1996 году, але ўжо ня можа. Да таго ж, ідзе ціск звонку. Так што сытуацыя вымушана мяняецца. У парлямэнт сёлета трапіла больш партыйцаў, улада дапусьціла гэта. Роля палітычных партый будзе павышацца. Канечне, рыхтуецца пляцоўка найперш для праўладных партый, кшталту „Белай Русі“, а не для апазыцыйных. Але так не атрымаецца».

Разгарэлася дыскусія.



«Нас недастаткова для партыі. Да таго ж, усе нішы ў краіне занятыя іншымі партыямі» — пярэчыць Дзьмітры Бандарчук. — Пытаньне партыйнага будаўніцтва заўчаснае. Нам трэба вызначыцца, хто мы такія, а потым ужо вырашаць, куды ісьці далей».

«У такія сьціслыя тэрміны — за пару гадоў (да мясцовых выбараў 2018 года, нават да 2020 году) — стварыць партыю немагчыма. Ідэалёгія людзей, якія сядзяць сёньня ў залі, розная».

«Партыя патрэбна, але ў яе павінна быць праграма, за якую прагаласуюць людзі. А праграмы няма. Стварэньне партыі пакуль заўчаснае».

«Беларусы ў бальшыні сваёй апалітычныя. Многія людзі наагул ставяцца да партый нэгатыўна, прычым, да любых партый».


«Вакол „Гавары праўду!“ можна стварыць некалькі партый. Партыі не абавязкова павінны быць вялікія».

«Трэба вызначыцца, чые інтарэсы партыя будзе прадстаўляць. Наконт ідэалёгіі: хто нам перашкаджае гаварыць праўду, ня будучы членамі партыі?»

«Патрэбна канстытуцыйная партыя, якая будзе змагацца за праўду. У нас была Канстытуцыя, якую ў нас адабралі, і нам трэба вярнуцца да гэтай Канстытуцыі».

«Мы сваю грамадзкую арганізацыю спрабавалі зарэгістраваць 6 разоў — і безвынікова. Мы не гатовы яшчэ стаць партыяй».


Такія аргумэнты прагучалі супраць ператварэньня грамадзянская кампаніі «Гавары праўду!» у палітычную партыю.

Тацяна Караткевіч, Сяргей Вазьняк, Юры Варонежцаў
Тацяна Караткевіч, Сяргей Вазьняк, Юры Варонежцаў



Выслухаўшы ўсе аргумэнты супраць, Андрэй Дзьмітрыеў падсумаваў:
«Мы павінны пабудаваць цэнтрысцкую партыю, партыю інтарэсаў мільёнаў. Партыю, зацыкленую не на процістаяньні, а партыю, якая адстойвае інтарэсы людзей. Мы сёньня будзем галасаваць за доўгі працэс стварэньня партыі»

Сяргей Вазьняк выказаўся за тое, каб захаваць грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!»:

«Неабходна захаваць грамадзкую арганізацыю для людзей, якія не захочуць пакінуць іншыя партыі ці наагул не гатовы стаць сябрамі партыі».



Адбылося галасаваньне: 10 дэлегатаў супраць стварэньня партыі, 14 устрымалася. Больш за 300 дэлегатаў прагаласавалі за пачатак будаўніцтва партыі «Гавары праўду!» пры захаваньні грамадзкай кампаніі «Гавары праўду!» Вызначаны і тэрмін стварэньня палітычнай структуры: паўтара — два гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG