Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абдымкі да зялёнавалосай русалкі, альбо 5 колераў беларускіх азёраў


Колькі Чорных азёраў у Беларусі? А ў якім рэгіёне краіны найбольш Белых азёраў? Што хаваецца на дне Сіняга возера? Ваду якога возера ачысьцілі напалеонаўскія скарбы? Угледзецца ў палітру беларускіх азёраў, пакуль іх яшчэ ня скуў мароз, запрашае наша сталая аўтарка Яна Шыдлоўская.

1. Чорныя азёры

Чорны колер у сьветаўспрыманьні беларусаў найчасьцей асацыяваўся са змрокам, смуткам і сьмерцю. Азёры, што носяць назоў Чорных, да гэтай пары ахутаныя таямніцамі і жудаснымі паданьнямі. Да прыкладу, Чорнае возера на Мядзельшчыне — лясное і надзвычай глыбокае, з багністым глеістым дном, ад чаго даволі чыстая вада падаецца чорнаю. Кажуць, у возеры і цяпер жывуць зялёнавалосыя азярніцы са ступнямі-плаўнікамі і з халоднай на дотык скурай, пад якой замест крыві цячэ вада. Верагодна, у Чорных азёрах сяліліся і размаітыя пачвары.

У пошуках беларускага цмока варта зьдзейсьніць падарожжа па Чорных азёрах. Калі іх злучыць на мапе між сабою, атрымаецца цікавы і таямнічы маршрут, дарэчы — у выглядзе сымпатычнага цмока. Больш за тое, вандроўка абяцае быць даволі працяглай, бо Чорных азёраў у розных рэгіёнах краіны налічваецца 27. Калі ж нанесьці на маршрут азёры Чорнае Балота ў Шумілінскім раёне, Чорная Ўрада на Вушаччыне, чатыры Чорненькія возеры пад Расонамі і Гарадком, восем Чорных рэк і пяць Чорных ручаёў, падарожжа давядзецца разводзіць іншымі фарбамі, каб не атрымалася занадта чорным.

У азёрах чорнага колеру абавязкова знойдуцца і чортавыя сьляды, таму яны часта маюць сынанімічную назву — Мёртвае, альбо Чортава. Чортава возера ў ваколіцах Горадні называюць мёртвым — на ім не гнязьдзяцца птушкі, не вядзецца рыба, а берагі парослыя падступным мохам, што робіць падыход да вады небясьпечным. Затое вада ў возеры надзвычай чыстая. Мясцовыя жыхары перакананыя, што чысьціні вадзе надае срэбра з напалеонаўскага скарбу, што ляжыць на дне возера ад пачатку ХІХ стагодзьдзя. Адным з загадкавых і глыбокіх азёраў краіны лічыцца Балдук з групы Блакітных азёраў. Яго балцкая назва перакладаецца як «нячысьцік». Аматары таямніцаў шукаюць у ім беларускую Нэсі.

Вада ў Чорных азёрах лічыцца мёртвай, купаньня ў ёй пазьбягаюць. Аднак, не заўсёды. Так, на возеры Чорным на Берасьцейшчыне, што ўваходзіць у дваццатку найбуйнейшых азёраў краіны, пасьпяхова разьвіваецца турызм. Назву возера займела, відавочна, ад сапрапэлю, што чорнай коўдрай высьцілае яго плоскае дно. Дарэчы, гразкую бузу, здабытую са дна вадаёмаў і належным чынам высушаную, выкарыстоўваюць у лекавых мэтах.

2. Белыя азёры

Вельмі часта побач з Чорным возерам знаходзіцца Белае. І гэтае суседзтва невыпадковае. Калі ў мёртвай і чорнай вадзе жывуць злыя сілы, то пазбавіцца-адмыцца ад іх чараў можна ў вадзе белай, альбо сьвятой. Звычайна легенды кажуць, што вада ў Чорным возеры была цёмнаю, нібы смала, а побач у Белым — чыстая, сьветлая і празрыстая. Нездарма белы колер сымбалізуе чысьціню, жыцьцёвую сілу, сьвятло і свабоду.

Колькасьць Белых азёраў нават большая, чым Чорных, быццам паказчык таго, што дабро ўсё ж такі перамагае зло. Безумоўным лідэрам па колькасьці Белых азёраў выступае Віцебшчына — у розных раёнах вобласьці іх налічваецца 37. Агульная ж лічба Белых азёраў па краіне — звыш сарака. Прычым, сюды не ўваходзяць вытворныя ад белага назвы — Белагаловае возера, Белы Бераг, Белькі, Беланожка, Белянец і Белянок і зь дзясятак Белых рэк і канаваў.

Звычайна, белыя азёры залічаюць да карставых — з чыстай і празрыстай вадой. Прыдатная для піцьця, яна нярэдка мела лекавыя ўласьцівасьці. Так, вада возера Белага, яго яшчэ называюць Юхаўскім, на Расоншчыне смакам падобная да крынічнай. Чыстай і лекавай яе зрабілі іён срэбра, што выявілі ў возеры ў вялікай колькасьці. Возера Белае знаходзіцца на тэрыторыі заказьніка «Чырвоны бор» і ўключанае ў «зялёнае кола» Расонаў. Эталённае па чысьціні возера Белае ў басэйне ракі Шоша на Глыбоччыне стала прычынай стварэньня ў 1979 годзе гідралягічнага заказьніка. Пад аховай знаходзіцца вадаём, яго насельнікі, водная флёра, сярод якой — рэдкі для Беларусі мох фантыналіс, што ўтварае плаваючыя дзярнінкі. Заказьнік носіць імя Белае. Белыя азёры на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне даволі вялікія па плошчы, парослыя хваёвым лесам. Прыродныя ўмовы зрабілі тутэйшыя мясьціны прыдатнымі для адпачынку, лячэньня і рэабілітацыі пасьля захворваньняў. У навакольлі Белых азёраў збудаваныя дамы і базы адпачынку, санаторыі, абсталяваныя турыстычныя стаянкі.

На берагах белых азёраў здараліся цуды, што прыраўноўвала іх да ліку сьвятых і нараджала паданьні пра затанулыя храмы і цэлыя паселішчы. Прага дзівосаў і вера ў іх прывяла да зьяўленьня Сьвятых азёраў у многіх раёнах Беларусі. Сакральную назву ў нейкім сэнсе можна лічыць сынанімічнай беламу.

3. Чырвоныя азёры

У жыцьці і міталёгіі беларусаў чырвоны колер займае асобнае месца. Ён адначасова сымбалізуе жыцьцё, сьмерць і яе пераадоленьне, кроў, узнаўленьне, мужнасьць, бясстрашнасьць і адвагу. Чырвоны — адзін з асноўных колераў беларускай вопраткі. Ён сустракаецца ў назвах вёсак, лясоў, рэк і азёраў.

Імя Чырвонага носіць невялікае возера ў 24 кілямэтрах на паўднёвы захад ад Полацка. Трэцяе па плошчы возера Беларусі таксама называецца Чырвоным. Праўда, гэтую назву яму далі бальшавікі, не задаволеныя ранейшымі імёнамі. Князь-возера было занадта велічным, а ў назьве Жыд-возера тагачасная ўлада ўвогуле пачула антысэміцкія матывы. Праўда, легенда распавядае, што прыстаўка Жыд зьявілася пасьля гісторыі каханьня князя да прыгожай дачкі габрэя-карчмара, які трымаў аўстэрыю ў мястэчку Жыткавічы — цяпер Гомельскай вобласьці. Возера зь пяцьцю невялікімі астравамі, якое яшчэ называюць Чырвоным Палесьсем, ляжыць у басэйне ракі Прыпяць. Дарэчы, возера надзвычай папулярнае ў летнюю пару сярод турыстаў.

Чырвонай ракой называюць Цну, што нясе свае воды па Лагойскім, Барысаўскім і Смалявіцкім раёнах Меншчыны. Чырвона-буры колер вады мае і Чырвонаслабодзкае вадасховішча на Меншчыне, бо яго дно высланае торфам і пяском, прычым плошча тарфянікаў у донных грунтах увесь час пашыраецца. Сярод іншых рыб тут водзяцца, вядома, краснапёрка, сом, акунь і шчупак.

4. Сінія азёры

У сіні колер назваў азёраў і рэк нашы продкі ўкладалі ўяўленьні пра замагільны сьвет. Глыбокі сіні атаясамліваўся зь веліччу, прыгажосьцю і адначасова з чужароднасьцю, аддаленасьцю ад усяго зямнога. Менавіта сінія азёры выбіралі месцам збору злыя духі. Таму і над самою вадою нярэдка лунаў праклён.

Так, Сіняе возера каля вёскі Крынкі Сьвіслацкага раёну ўтварылася апоўначы, як толькі маці пракляла сваю дачку, якая зьбягала з каханым ад волі бацькоў. На месцы іх дома ўтварылася возера, на якім да гэтай пары ўначы зьяўляюцца два чорныя лебедзі, плаваючы па крузе і не набліжаючыся адзін да аднаго з-за матчынага праклёну. На дне Сіняга, або Мёртвага возера каля вёскі Паганцы Сьветлагорскага раёну нібыта спачывае цэлая вёска, якая правалілася разам з хатамі, гаспадарчымі пабудовамі і царквой. Крыж зь вежы сьвятыні, кажуць, можна ўбачыць у вадзе і цяпер. Паводле іншай вэрсіі, у возера ад людзкога праклёну праваліўся княскі замак. Яго гаспадыня, застаўшыся ў дзеўках з-за невыканальных умоваў сватаньня, удзень зьбірае на дне возера атрутныя зёлкі, каб загубіць усё жывое, апоўначы ж выходзіць з вады і сустракаецца з Вужыным царом. Ёсьць Сінія азёры і на Меншчыне, і ў Магілёўскай вобласьці.

Сугучная сіняму колеру і назва аднаго з найвялікшых азёраў Расоншчыны. Вада ў возеры Сіньша чыстая і празрыстая, у пэўнае надвор’е выглядае насычанай сіняй. Імя возера стала назвай ляндшафтнага заказьніка, куды акрамя Сіньшы ўваходзяць вялікія і прыгожыя Волаба, Пліса, Дрыса, Глыба, Ямно. Уздоўж возера цягнуцца экалягічныя сьцежкі, якімі ідуць турысты ў пошуках блакітных караляў Расонаў.

Прытокамі буйных рэк цякуць па Беларусі Сіняя рака, Сінюха, Сіняўка і Сіні ручай, які яшчэ называюць Салаўіным.

5. Блакітныя азёры

Блакітнымі называюць Балдуцкую групу азёраў на Беларускім Паазер’і. Каб захаваць і абараніць унікальнасьць Мёртвага, Балдука, Белага, Ячмянька, Глублі, Глубелькі і іншых, але меншых азёраў, у 1972 годзе тут быў створаны аднайменны ляндшафтны заказьнік. Пад аховай апынулася складаная сыстэма озавых градаў і камавых узгоркаў сярод запоўненых вадою глыбокіх упадзінаў. Азёры адметныя глыбінёю і чыстай вадою.

Верагодна, блакітны колер у назьве азёраў зьявіўся з-за маляўнічых Глублі і Глубелькі. Згодна паданьню, яны ўтварыліся падчас сваркі і спаборніцтва суседзяў, якія імкнуліся выкапаць вадаём як мага больш глыбокі і прыгожы. Каб азёры сталі блакітнымі, гаспадары ўначы крышылі і сыпалі на дно вапнавыя камяні. Сапраўды, вада возера Глублі мае выразны і насычаны блакітны колер, што ідзе ад сьветлых карбанатных парод, якія высьцілаюць дно возера. Колер вады ў возеры даў назву заказьніка — Балдукскую групу азёраў перадусім ведаюць як Блакітныя азёры. Гэта адзінае ў Беларусі месца, дзе расьце меч-трава, туліпан лясны і чарнакорань голы. Запаведная тэрыторыя штогод прыцягвае пасьлядоўнікаў Блакітнага Патрулю, аматараў вывучэньня прыроды і рыбных багацьцяў краіны, прыхільнікаў актыўнага адпачынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG