Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як крута быць беларусам


Зміцер Бартосік
Зміцер Бартосік

1 лістапада. Бельск-Падляскі. Ліе дождж, вечар. Дзень памяці продкаў. Закрытыя крамы, кавярні і сэрвісы.

І менавіта ў гэты бязьлюдны вечар мы на сваёй сямейнай машыне адным неасьцярожным націскам на пэдаль газу ўмомант разнастаілі наша падарожжа па Падляшшы. Здаючы назад, на здаравенную бэтонную пліту, якая мірна ляжала на траве. Узьехаўшы на тую пліту і, па гуку мне здалося, успароўшы ўсе, якія магчыма, аўтамабільныя вантробы.

Як высьветлілася па зьезьдзе з «пастамэнту», у машыне быў варваны паліўны радыятар і, адпаведна, перарваны паліўны правод. Салярка ўпэўненым струмянём вылівалася на мокры асфальт. Мы з жонкай і дзецьмі сумна праводзілі гэты струмень вачыма. А я маляваў сабе бліжэйшую пэрспэктыву. З даражэнным эвакуатарам. З сэрвісам на некалькі дзён. Бо што ўзяць зь небаракаў з-за Бугу, акрамя трайной аплаты? З доўгаю дарогаю дадому. Спачатку цягніком да Беластока, потым аўтобусам да Горадні. І чым далей, тым настрой усё больш станавіўся абыякавым.

А далей пачаўся цуд. Цуд беларускай салідарнасьці. Жонка згадала, што муж яе сястры Сяргей родам з Падляшша. Ягоны дзед пакінуў родную вёску Мокрае ў 1946-м, заваблены ў сталінскі рай савецкімі агітатарамі. Што ў Бельску жыве ягоны аднавясковец! Не сваяк, але ж зямляк. Чалавек з самога Мокрага! Даведаліся нумар, патэлефанавалі.

І тут жа былі запрошаныя ў госьці.

А зямляк, дабрадушны таўстун у акулярах, зь дзіўнай беларуска-польска-расейска-падляскай мовай, да нашага прыходу ўжо накрыў стол і падрыхтаваў ложкі для начлегу. А далей зьвязаўся зь нейкім Андрэем, знаёмым вадзілам-дальнабойшчыкам. «Людзі зь Беларусі пацярпелі крушэньне». А той Андрэй пазваніў сваёму брацельніку-аўтамэханіку. Але той брацельнік быў ня дома і параіў свайго швагра. А той швагер брацельніка Андрэя азваўся дапамагчы. Толькі каб па яго заехалі ў недалёкую ад Бельска вёску. Андрэй пагнаў свой рэно з хуткасьцю «хуткай» дапамогі пад пераробленую верасоўскую «Завіруху», перапетую ў больш хуткім тэмпе. «Гэта Радыё Рацыя»? – спытаў я. «То не, – адказаў Андрэй, – гэта дыск. Купіў у Беластоку. Нейкія беластоцкія пяюць нашы песьні». А швагер Павал ужо чакаў нас апрануты ў рабочае адзеньне. І праз паўгадзіны машына была гатовая. Паліўны провад злучаны. На маё пытаньне – «колькі?» адказам былі ўсьмешкі. Маўляў, свае людзі, колькі той працы, не пераймайся.

Я глядзеў на ўсё, што адбываецца і адчуваў проста неверагодны гонар за беларусаў. Я ж не чачэнец. Не армянін. І не таджык. Не прадстаўнік якой іншай нацыі, дзе крэўная салідарнасьць не пусты гук. Але што гэта такое на смак мне было прадэманстравана на Падляшшы. І я не магу сказаць, што мне гэта не спадабалася. У дзень, калі ў Польшчы зачыненыя амаль усе дзьверы, мы былі адрамантаваныя, абагрэтыя, накормленыя і ўладкаваныя. Зь Пятром мы прагаманілі амаль да раніцы.

Беларусы! Не кідайце адзін аднаго! Ні на дарозе, ні ў хаце. Быць беларусам – гэта крута! Ну і на мяне можаце разьлічваць! Заўжды!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG