Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейскі рэванш у Малдове


Дракахруст: Учора ў Малдове ўпершыню з 1996 году адбыліся ўсенародныя выбары прэзыдэнта. Лідэрам галасаваньня стаў кіраўнік прарасейскай партыі сацыялістаў Ігар Дадон, за яго выказаліся 48% выбарнікаў. Ягоная галоўная канкурэнтка, адзіны кандыдат ад правай кааліцыі Мая Санду атрымала 38% галасоў. На трэцім месцы — яшчэ адзін прарасейскі палітык Думітру Чубашэнка, ён атрымаў калі 6% галасоў, іншыя кандыдаты — менш чым 3% кожны.

Яўка на выбарах была даволі высокай — 49%.

Наперадзе другі тур, у якім будуць удзельнічаць Дадон і Санду. Перавага Дадона ў першым туры была вельмі значнай, калі яму дададуцца галасы Чубашэнкі, ён стане прэзыдэнтам.

Малдова з 2000 году была чыста парлямэнцкай рэспублікай, прэзыдэнта абіраў парлямэнт.

Апошнія два гады Малдову страсаў моцны палітычны крызіс, тысячы людзей ладзілі шматдзённыя акцыі пратэсту ў Кішынёве і іншых гарадах. Праэўрапейскую кааліцыю ўрадавых партыяў абвінавачвалі ў карупцыі, ў няздольнасьці падвысіць жыцьцёвы ўзровень насельніцтва. Пры гэтым маніфэстанты адмаўлялі ў даверы і традыцыйнай апазыцыі — камуністам, якія ўжо былі ва ўладзе. Фактычна і Санду, і Дадон былі датычныя да гэтых пратэстаў. Вяртаньне прамых выбараў прэзыдэнта былі адным з галоўных патрабаваньняў пратэстоўцаў.

У сытуацыі палітычнага крызысу нечаканы ход зрабіў Канстытуцыйны суд. У сакавіку сёлета ён пастанавіў, што скасаваньне ўсенароднага абраньня прэзыдэнта ў 2000 годзе было... антыканстытуцыйным. Краіна вярнулася на 20 гадоў назад, на 30 кастрычніка былі прызначаныя прэзыдэнцкія выбары.

Пры гэтым правыя парлямэнцкія партыі зрабілі стаўку на аднаго зь лідэраў маніфэстантаў — Маю Санду. Яны не спадзяваліся, што атрымаць посьпех можа нехта зь іх шэрагаў. Як бачым, у другі тур выйшлі фактычна ўдзельнікі і лідэры кішынёўскага Майдану — Санду і Дадон.

Дадон выступае за інтэграцыю Малдовы з Расеяй, за перагляд дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам, Санду — за працяг эўраінтэграцыі

Варта адзначыць, што спаборніцтва паміж імі ёсьць спаборніцтвам паміж дыямэтральна супрацьлеглымі выбарамі краіны: Дадон выступае за інтэграцыю Малдовы з Расеяй, за перагляд дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам, Санду — за працяг эўраінтэграцыі. Хаця асноўным акцэнтам яе кампаніі была барацьба з карупцыяй. Падтрымку некаторых праэўрапейскіх партыяў, якія асацыююцца з карупцыяй, яна сама характарызавала як «данайскі дар».

Уладныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Малдовы і пасьля вяртаньня яго ўсенароднага абраньня застаюцца досыць абмежаванымі, ён ня можа адзінаасобна вызначаць зьнешнепалітычны курс краіны, не можа распусьціць парлямэнт, у якім перавагу зараз маюць праэўрапейскія партыі.

Аднак палітычны працэс, рэальная ўлада не вызначаецца адно фармальнымі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі. Усенародны мандат — моцны палітычны інструмэнт. Калі Дадон стане прэзыдэнтам, можна чакаць калі не крутога геапалітычнага павароту Малдовы, то паглыбленьня палітычнага крызісу.

Малдаване ўжо выходзілі на вуліцу супраць парлямэнту, цяпер, калі яны выйдуць ізноў і зь імі будзе прэзыдэнт, моц пратэстаў істотна павялічыцца.

Канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове невядомыя, другі тур — 13 лістапада, але цяперашні вопыт утрымлівае пэўныя ўрокі для Беларусі. Адзін зь іх — у тым, што на постсавецкай прасторы геапалітычны выбар не зьяўляецца неабарачальным. Малдова была выдатніцай эўраінтэграцыі, яна першай атрымала бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам. Але неэфэктыўнасьць улады, яе карумпаванасьць, паставілі, як бачым, прынамсі пад пытаньне эўрапейскі выбар краіны.

І ў пэўным сэнсе менавіта пратэсты, кішынёўскі Майдан, зрабіў магчымым прыход да ўлады Ігара Дадона.

Ягоны посьпех на выбарах — моцны ўдар пра праэўрапейскіх пэрспэктывах усяго рэгіёну. Некалькі гадоў таму круты паварот ад эўраінтэграцыі ў бок Расеі зрабіла Армэнія, ўступіўшы у Эўразійскі саюз. Ці стане Малдова наступнай?

Карбалевіч: У малдоўскіх выбарах варта адзначыць некалькі важных чыньнікаў. У міжнароднай палітычнай практыцы існуе такое правіла: калі у краіне пасада прэзыдэнта зь вялікім паўнамоцтвамі, то яго выбіраюць ўсенародна, калі ж прэзыдэнт слабы, з абмежаваны паўнамоцтвамі, то яго выбірае парлямэнт.

Напрыклад, было б дзіўна, каб у Нямеччыне ці Італіі, дзе функцыі прэзыдэнта збольшага рытуальныя, яго выбіралі на ўсеагульных выбарах. У Малдове гэтае правіла парушанае. І гэта можа стаць дадатковым чыньнікам палітычнага крызысу.

Наконт тэзы пра тое, што на постсавецкай прасторы геапалітычны выбар не зьяўляецца неабарачальным, дык мы ведаем досьвед ня толькі Армэніі. Гэта было і ва Ўкраіне. Прэзыдэнт Юшчанка зрабіў рашучы паварот на Захад, моцна пасварыўся з Расеяй. Потым на выбарах перамог Януковіч і вярнуў краіну назад.

вяртаньне абсалютна прарасейскага і расейскамоўнага Прыднястроўя у Малдовы прывяло б да таго, што эўрапейскі вэктар гэтай краіны быў бы пахаваны і яна ўвайшла б у АДКБ, ЭАЭС, можа, нават у саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі

Вось яшчэ на што я зьвярнуў бы ўвагу. Ёсьць праблема Прыднястроўя. Малдаўская эліта лічыць гэтую тэрыторыю сваёй і патрабуе, так бы мовіць, вярнуць яе ва ўлоньне радзімы. Калі б кіраўніцтва Расеі было больш дальнабачнае і магло стратэгічна пралічваць сытуацыю на некалькі гадоў наперад, то вяртаньне абсалютна прарасейскага і расейскамоўнага Прыднястроўя у Малдовы прывяло б да таго, што эўрапейскі вэктар гэтай краіны быў бы пахаваны і яна ўвайшла б у АДКБ, ЭАЭС, можа, нават у саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі.

Калі ў Малдове без Прыднястроўя палова насельніцтва галасуюць за прарасейскага кандыдата, то што казаць пра сытуацыю, калі Прыднястроўе далучылася б да Малдовы? У гэтым сэнсе Прыднястроўе для Малдовы — гэта як Крым і Данбас для Ўкраіны. Бяз гэтых рэгіёнаў рэзка павялічваюцца эўрапейскі вэктар.

Думаю такія вынікі першага туру — гэта ў значнай ступені наступствы мігранцкага крызысу ў Эўропе. Яго праявай таксама быў Brexit, вось цяпер выбары ў Малдове. Баюся, што гэта яшчэ не канец гэтага сумнага фільму.

Цыганкоў: Калі беларусам здаецца, што самае цяжкае, невырашальнае ў Беларусі, то, мне здаецца, Малдова ў гэтым Беларусь відавочна апярэджвае і перамагае. Там сапраўды такіх стратэгічных праблемаў нашмат больш.

немагчыма ўявіць сытуацыю, калі частка нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі выступае за скасаваньне сувэрэнітэту і зьліцьцё сваёй краіны з суседняй. А ў Малдове так ёсьць

Перш за ўсё, немагчыма ўявіць сытуацыю, калі частка нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі выступае за скасаваньне сувэрэнітэту і зьліцьцё сваёй краіны з суседняй. А ў Малдове так ёсьць, там у розныя гады і ў рознай ступені значная частка нацыянал-дэмакратычных сілаў выступала і выступае за аб’яднаньне Малдовы з Румыніяй і такім чынам уступленьне Малдовы ў Эўразьвяз.

Пытаньне з мовай — многія малдаване заяўляюць, што ніякай малдаўскай мовы не існуе, гэта румынская мова, якую ў 1940 годзе, калі румынскую мову перавялі на кірыліцу пасьля далучэньня да СССР, пачалі называць малдаўскай. Цяпер лацінку вярнулі, але многія з гэтым не пагаджаюцца, хоць ня могуць сказаць, чым малдаўская адрозьніваецца ад румынскай.

Дадам сюды і Прыднястроўе, і гагаускую праблему, і тое, што паводле перапісу ў Малдове гэтая краіна вельмі шматэтнічная. Там яшчэ ў савецкія часы жыло 64% малдаван, даволі шмат украінцаў і расейцаў, баўгары, гагаузы.

Там самая вялікая на постсавецкая прасторы працоўная міграцыя. Паводле розных ацэнак, каля мільёна з чатырохмільённага насельніцтва Малдовы жыве і працуе за мяжой — у Расеі, Румыніі, Турэччыне, Італіі. Ім даволі лёгка працаваць у Італіі і іншых паўднёвых краінах Эўропы, паколькі малдаўская ці румынская мова вельмі блізкая да італьянскай, адпаведна і да партугальскай і гішпанскай.

Увесь гэты клубок праблемаў робіць гэтую краіну унікальнай, нават на фоне унікальнасьці іншых постсавецкіх краінаў.

А на выбарах верагодная перамога прарасейскага кандыдата кажа пра тое, што гэтыя тэндэнцыі ў постсавецкіх краінаў з часовым лагам адбываюцца абавязкова. Гэты прарасейскі адкат адбываўся ў Беларусі, ў Армэніі, ва Ўкраіне пры Януковічу.

Невядома, якую форму гэты адкат прыме ў Малдове, ці гэта будзе часова, ці створыць трэнд на дзесяцігодзьдзі. Гэта зараз вырашаецца на гэтых выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG