Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны палітык — трошкі Януковіч, — найважнейшае пра ўкраінскую кампанію электроннага дэкляраваньня


Палітычная карыкатура

Ва Ўкраіне з 2011 году можна было атрымаць інфармацыю пра даходы дзяржаўных службоўцаў і кіраўнікоў органаў мясцовага самакіраваньня. Дэклярацыі ў абавязковым парадку падаваліся і публікаваліся кандыдатамі ў прэзыдэнты і дэпутатамі ў часе выбарчых кампаніяў, а потым — і на афіцыйных старонках дзяржаўных установаў ды парлямэнту. Але такога ажыятажу вакол заробкаў і заможнасьці ўкраінскіх палітыкаў, як пасьля ўвядзеньня электроннага дэкляраваньня, ва Ўкраіне яшчэ не было.

І футры, і храмы

Футры, каштоўнасьці з дарагіх мэталяў, калекцыі сьвятых мошчаў, вінаў, самавараў, старадаўніх кніг, абразоў, зброі, марак, жывапісу і нават храмы. Дзяржаўныя службоўцы ўсіх узроўняў маюць паказаць усё, што нажылі за сваё жыцьцё, бо, калі пададзеная чыноўнікам інфармацыя будзе адрозьнівацца ад рэальнасьці на 160 тысяч грыўняў (крыху больш як 6 тысяч даляраў у эквіваленце), штраф можа дасягнуць 43 тысяч грыўняў (1,5 тысячы даляраў). Калі ж ён «памыліцца» на 400 тысяч грыўняў (больш як 15 тысяч даляраў), гэта ўжо злачынства, якое караецца пазбаўленьнем волі на два гады.

Чаму ва Ўкраіне зьявілася электроннае дэкляраваньне

Увядзеньня такога дэкляраваньня патрабаваў Эўразьвяз для атрыманьня Ўкраінаю бязьвізавага рэжыму. Потым да аналягічнай умовы далучыўся і Міжнародны валютны фонд, зьвязваючы яе наўпрост з выдзяленьнем чарговага крэдыту краіне. Але супраціў электроннаму дэкляраваньню ва Ўкраіне чыніўся ад пачатку распрацоўкі гэтай ініцыятывы.

Зьмены ў закон «Аб папярэджаньні карупцыі», датычныя электроннага дэкляраваньня, Вярхоўная Рада ўхваліла сёлета 16 лютага, але, як высьветлілася, у часе абмеркаваньня ініцыятыў дэпутаты выключылі найбольш істотныя нормы гэтай працэдуры. У выніку Эўразьвяз заявіў, што закон не адпавядае ўзятым Украінаю антыкарупцыйным абавязаньням, а прэзыдэнт Пятро Парашэнка вымушаны быў вэтаваць першы варыянт закону. Яшчэ празь месяц, з другой спробы, парлямэнт ухваліў новы закон.

Але і на гэтым «прыгоды» электроннага дэкляраваньня ва Ўкраіне не завяршыліся. Практычна за некалькі дзён да яго ўвядзеньня выявілася, што праграмнае забесьпячэньне для запаўненьня і захоўваньня дэклярацый (гэты тэндэр, дарэчы, праводзіла Праграма разьвіцьця ААН) не гатовае да эксплюатацыі. Некалькі дзяржаўных органаў і кампанія-распрацоўшчыца абвінавацілі адно аднаго ў сабатажы і некампэтэнтнасьці, а сыстэму ўдалося запусьціць са спазьненьнем на два тыдні, і то пасьля асабістага ўмяшаньня ў сытуацыю Пятра Парашэнкі.

Ад 1 верасьня сыстэма нарэшце запрацавала, а да 30 кастрычніка дзяржаўныя службоўцы ўсіх рангаў абавязаныя былі запоўніць электронныя дэклярацыі. Аднак і гэта аказалася няпростаю справаю: сыстэма штодня «завісала» ад вялікай колькасьці заходаў, а падлічанымі мусілі быць ня толькі рухомая і нерухомая маёмасьць, але і каштоўныя падарункі, і гатоўка.

Электронная дэклярацыя ўключае 16 разьдзелаў. (Можна паглядзець тут) Канфідэнцыйнымі ёсьць толькі першыя два, у якіх дэклярант паведамляе інфармацыю пра сябе і сваіх сямейнікаў (падатковы нумар, адрас рэгістрацыі і фактычнага пражываньня). Усё іншае мае публічны статус — абʼекты нерухомасьці і незавершанага будаўніцтва, каштоўная рухомая і нерухомая маёмасьць, каштоўныя паперы, карпаратыўныя правы, нематэрыяльныя і грашовыя актывы, фінансавыя абавязаньні, даходы і падарункі, праца па сумяшчальніцтве і сяброўства ў арганізацыях і іх органах.

Што праўда, статус публічнасьці намагаліся зьмяніць і ўжо ў часе работы сыстэмы. На пачатку кастрычніка лідэр фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» (БПП) Ігар Грыніў зарэгістраваў для разгляду ў парлямэнце законапраект пра абмежаваньне доступу грамадзкасьці да зьвестак пра нерухомасьць, падарункі і наяўныя грошы вартасьцю больш як 160 тысяч грыўняў. Але пасьля асабістай размовы з Пятром Парашэнкам дэпутат адклікаў свае ініцыятывы.

Скарбы дзяржаўных чыноў ды мільёны гатоўкі

Як жартуюць у сацыяльных сетках, ацэньваючы дэклярацыі палітыкаў, «знайшліся 25 „КаМАЗаў“ даляраў, якія скраў Януковіч».

Прэм’ер-міністар Уладзімер Гройсман задэкляраваў тры гадзіньнікі жонкі і дзевяць сваіх: па два Rolex, Breguet ды Girard-Perregaux і па адным — Parmigiani, Audemars Piguet, Ulysse Nardin, а разам зь мільённымі зьберажэньнямі на банкаўскіх рахунках яшчэ і гатоўку ў грыўнях, далярах і эўра — усяго больш як 1,5 мільёна даляраў.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў задэкляраваў 758 тысяч даляраў у банкаўскіх установах і 735 тысяч даляраў гатоўкай, а таксама 27 старадаўніх царкоўных кніг, 12 карцін і аўтарскія правы на літаратурныя творы і манаграфіі.

Аляксандар Турчынаў
Аляксандар Турчынаў

Сьпікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій задэкляраваў тры кватэры і дом (праўда, яны належаць ягонай жонцы), два аўтамабілі. Грашовыя актывы ўдзельніка Эўрамайдану таксама невялікія ў параўнаньні зь іншымі службоўцамі — усяго 225 тысяч грыўняў і 28,5 тысячы даляраў.

Згаданы вышэй кіраўнік фракцыі БПП Ігар Грыніў, апроч вялікай колькасьці гатоўкі, банкаўскіх рахункаў і зямельных участкаў, задэкляраваў восем абразоў ХІV-ХVІІ стагодзьдзяў ды дзьве ўнікальныя кнігі — «Апостал» і «Астрожскую Біблію», выдадзеныя Іванам Фёдаравым у 1574 і 1581 гадах. І хоць вядома пра 90 экзэмпляраў выданьня «Апостал», журналісты ў сувязі з гэтым прыгадалі травеньскую гісторыю, калі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Ўкраіны імя Вярнадскага зьнік падобны старадрук.

А ў дэклярацыі ягонага намесьніка Анатоля Мацьвіенкі, былога прэм’ер-міністра Крыму і першага сакратара ЦК камсамолу Ўкраіны ў савецкія часы, у дэклярацыі — храм Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы (плошчай 40,9 кв. м), разьмешчаны ў вёсцы Бырліўка Бершадзкага раёну Віньніцкай вобласьці.

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка мае ў супольнай уласнасьці з жонкай, сынам і братам кватэру ў Роўна; дзьве кіеўскія кватэры знаходзяцца ва ўласнасьці ягонай жонкі Ірыны. Як і іншыя дзяржаўныя службоўцы, на банкаўскіх рахунках ён трымае істотна меншую суму грошай (6 472 даляры, 469 эўра ды 12 514 грыўняў), чым гатоўкай (150 тысяч грыўняў).

Кіраўніца Нацыянальнага банку Ўкраіны Валерыя Гонтарава, якая летась у студзені заклікала ўкраінцаў не набываць валюты, каб не прычыніцца да валютнага крызісу, трымае свае зьберажэньні пераважна ў далярах — згодна зь яе дэклярацыяй, на рахунку ва «Укрэксімбанку» знаходзіцца 1,831 мільёна даляраў, а ў «Ашчадбанку» — 61,9 тысячы грыўняў. Валерыя Гонтарава стала ці не адзінаю асобаю, якая ня мае вялікіх сумаў наяўных грошай.

— У нас на руках у насельніцтва каля 90 мільярдаў наяўнай валюты, але вось толькі гэтае «насельніцтва» любіць займаць пасады ва ўрадзе, Вярхоўнай Радзе, Адміністрацыі прэзыдэнта і Нацыянальным банку і расказваць нам пра рэформы і пра тое, што цэны ва Ўкраіне на газ павінны быць, як у Эўразьвязе, — кажа эканамічны экспэрт Аляксандар Ахрыменка.

Два жартаўнікі і два аматары віна

Несур’ёзна да дэклярацыі паставіліся народныя дэпутаты Уладзімер Парасюк і былы камбат «Айдару» Сяргей Мельнічук. Першы задэкляраваў гадзіньнік Samsung Gear s2 вартасьцю 8 тысяч грыўняў, нібыта атрыманы ім у падарунак ад сьвятога Мікалая, а другі — адзін трыльён наяўных грыўняў (пры тым, што ўвесь абʼём грашовай масы ва Ўкраіне складае 355 мільярдаў грыўняў). Але ці будуць яны прыцягвацца да адказнасьці ў сувязі зь непраўдзівымі зьвесткамі, унесенымі ў дэклярацыю, няясна.

Уладзімер Парасюк
Уладзімер Парасюк

Вялікімі калекцыямі вінаў валодаюць міністар унутраных спраў Арсен Авакаў і 27-гадовы народны дэпутат-радыкал Андрэй Лазавы. Апошні задэкляраваў яшчэ й калекцыю халоднай зброі ХІХ-ХХ стагодзьдзяў, а таксама крыж-энкалпіён са сьвятымі мошчамі ХІІІ стагодзьдзя.

Парашэнка, Клічко, Цімашэнка дэкляравалі апошнімі

Практычна апошнімі — за дзьве гадзіны да сканчэньня вызначанага тэрміну — «падаліся» Юлія Цімашэнка, мэр Кіева Віталь Клічко і прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Лідэрка партыі «Бацькаўшчына» дагэтуль зарэгістраваная ў Дняпры ў кватэры, якая ёй не належыць, і разам з мужам арандуе дом плошчай амаль 600 квадратных мэтраў пад Кіевам. Мае чатыры пары завушніц з жэмчугам і каштоўнымі камянямі, амаль паўмільёна грыўняў на банкаўскіх рахунках і крыху больш як 300 тысяч грыўняў гатоўкай.

Віталь Клічко аказаўся эстэтам — апроч 7 ровараў, антыкварнага гадзіньніка мае яшчэ і белы раяль Yamaha коштам амаль адзін мільён грыўняў. Пры гэтым мэр Кіева задэкляраваў параўнальна невялікую суму наяўных грошай (195 тысяч даляраў ды 42 тысячы эўра) і мільёны, пазычаныя трэцім асобам — 8,5 мільёна эўра і крыху больш як 700 тысяч даляраў.

Пятро Парашэнка мае дом больш як 1000 квадратных мэтраў пад Кіевам (у тым жа элітным паселішчы, дзе Юлія Цімашэнка арандуе жыльлё), некалькі зямельных участкаў і пяць каштоўных гадзіньнікаў. У сваім допісе на Facebook ён удакладніў, што ўсю рухомую і нерухомую маёмасьць набыў да прэзыдэнцтва, хоць апошнія некалькі гадоў Пятро Парашэнка працаваў ва ўрадзе.

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

«Я прынцыпова захоўваю сродкі ў банках — 27 мільёнаў даляраў, з кожнага цэнта якіх выплачаныя падаткі ў бюджэт Украіны. Усё гэта адлюстравана ў маёй дэклярацыі за 2015 год. Хоць і ёсьць некаторыя наяўныя сродкі — 800 тысяч грыўняў і 60 тысяч даляраў. Лічу, што палітыкі павінны дэманстраваць прыклад і давяраць банкаўскай сыстэме», — кажа Пятро Парашэнка.

Сын прэзыдэнта, народны дэпутат Аляксей Парашэнка выглядае вельмі сьціпла ня толькі ў параўнаньні са сваім бацькам, але і зь іншымі палітыкамі: ён задэкляраваў 77 тысяч грыўняў заробку і 77 тысяч грыўняў у якасьці выдаткаў, зьвязаных з дэпутацкай дзейнасьцю. Ён зьяўляецца ўладальнікам офісу ў Віньніцы плошчай 178,5 кв. м, а таксама часткі кватэры ў Кіеве плошчай 80,66 кв. м (напалам са сваёй маці Марынай Парашэнкай). Аляксей мае тры аўтамабілі, у банках трымае ўсяго 15 тысяч эўра, а гатоўкай — 187 тысяч грыўняў, 141 тысячу даляраў ды 88 тысяч эўра.

Тыдзень ажыятажу мінуў. Што далей?

Нельга казаць, што ўкраінцы наіўна думалі, што ва ўладу ідуць бедныя і бяздольныя. Але маштабы авуараў усё ж зьдзівілі, асабліва на фоне сталага павелічэньня тарыфаў на газ і жыльлёва-камунальныя паслугі, а таксама заробкаў для чыноўнікаў. І найбольш — вялікія сумы гатоўкі, якія палітыкі трымаюць пад матрацамі.

— У той час, як звычайныя грамадзяне зь 2014 году перадавалі апошнія грошы на фронт, палітыкі трымалі свае грошы пад падушкай. Гэта цынізм. Я ведаю, што ў Яварыўскага (украінскі пісьменьнік, былы народны дэпутат. — РС), у Міколы Таменкі (былы народны дэпутат, апошні раз абіраўся паводле сьпісаў «Блёку Пятра Парашэнкі», але яго пазбавілі дэпутацкага мандату за парушэньне партыйнай дысцыпліны. — РС), Анатоля Грыцэнкі (былы міністар абароны Ўкраіны. — РС) такіх грошай вы не пабачыце. Гэта розныя каштоўнасьці і розныя мэты знаходжаньня ў палітыцы, — кажа былы народны дэпутат Украіны Мікола Кацерынчук, які цяпер займаецца адвакацкай практыкай. У часе акцыяў пратэсту 2013-2014 гадоў, прызнаецца Кацерынчук, ягоная сям’я ахвяравала на падтрымку ўдзельнікаў Майдану каля 120 тысяч даляраў.

Мікола Кацерынчук
Мікола Кацерынчук

Разам з тым, на думку Міколы Кацерынчука, пэўная частка адказнасьці за такую сытуацыю ляжыць і на грамадзянах.

— Я не хачу сказаць, што ўсе гэтыя людзі дрэнныя. Іх такімі зрабілі выбаршчыкі, якія дазволілі гэта ўсё. Я дзесяць гадоў выбіраўся па мажарытарнай акрузе. Іду на выбары, і ідзе прадстаўнік Партыі рэгіёнаў, раздае па 200 грыўняў і перамагае ў мяне на выбарах. Усё, — тлумачыць ён.

Ці варта чакаць нападаў і крадзяжоў?

Пасьля абнародаваньня даходаў палітыкаў ва Ўкраіне зноў пачаліся дыскусіі пра неабходнасьць унясеньня зьменаў у закон «Аб папярэджаньні карупцыі», каб прадугледзець сыстэму праверкі задэкляраваных палітыкамі сродкаў і магчымага абмежаваньня доступу да такой інфармацыі.

Юры Луцэнка
Юры Луцэнка

— Калі грамадзтва сьмяецца і часам ненавідзіць найвышэйшых службовых асобаў, якія запаўняюць такія дэклярацыі, то трэба памятаць, што іх будуць запаўняць яшчэ і простыя людзі, напрыклад кіраўніца ўпраўленьня адукацыі ў якім-небудзь раённым цэнтры, якая пакажа, дапусьцім, заробкі мужа, які вярнуўся з працы ў Польшчы. Ёсьць тысячы іншых простых людзей. Нават не пра дом гаворка, а пра дзіця, якое ходзіць у школу. На жаль, кіднэпінг становіцца ўсё больш распаўсюджанай зьявай, — кажа генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка, камэнтуючы магчымае павелічэньне злачыннасьці, зьвязанай з крадзяжамі, пасьля публікацыі дэклярацый.

Луцэнка падкрэсьліў:

— Я ніколі не любіў алігархаў, але я ніколі ня буду падтрымліваць тых, хто лічыць, што ўсе павінны быць беднымі. Калі чалавек зарабіў за 20-30 гадоў сумленнай працы — гэта добра для краіны, для людзей, грамадзян. Вядома, трэба падзяліць законныя даходы і незаконныя, але ні ў якім разе не зьнішчаць маральна людзей, якія сумленна зарабілі на дом, аўтамабіль, зьберажэньні ў банку, таму што з усяго гэтага выплачаныя падаткі. Калі падаткі не аплачаныя, запрацуюць сумесныя сьледчыя групы Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро і Генпракуратуры. Гэтыя дэклярацыі зьяўляюцца вельмі добрым матэрыялам для аналізу. Але ўжо сёньня ўсіх агульна ненавідзець я не рэкамэндую.

Палітоляг, сузаснавальнік і старшыня праўленьня Цэнтру сацыялягічных і паліталягічных дасьледаваньняў «Соціовимір» Сяргей Таран разглядае два магчымыя варыянты ўплыву вынікаў электроннага дэкляраваньня на грамадзкія настроі — аптымістычны і пэсымістычны.

Сяргей Таран
Сяргей Таран

— Пры першым варыянце людзі ўсьведамляюць, што асноўная праблема ня ў тым, што палітыкі маюць высокія даходы, а ў тым, што існуе неадпаведнасьць паміж іх даходамі і выдаткамі. Вынікам будзе ўзмацненьне палітычнай адказнасьці і вяршэнства права. Пры другім, пэсымістычным, варыянце падглядваньне за чужымі даходамі ператвараецца на ўзмацненьне «шарыкаўшчыны», на жаданьне дзеля справядлівасьці ўсё адабраць і падзяліць. Вынікам стане масавая рэінкарнацыя камуна-сацыялістаў, хоць называцца яны будуць па-іншаму, але любую лібэралізацыю эканомікі будуць блякаваць. Наша агульная адказнасьць — знайсьці правільныя словы і давесьці грамадзянам важнасьць першага варыянту, хоць, вядома, для многіх лягчэй будзе давесьці другое, — сьцьвярджае Сяргей Таран.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG