Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белыя мядзьведзі супраць Райху


Супрацоўнікі нацыянальнага парку «Расейская Арктыка» падчас летняга палявога сэзону дасьледавалі нямецкую сакрэтную базу, якая працавала на востраве Зямля Аляксандры зь верасьня 1943-га да ліпеня 1944 году. Падчас работ было выяўлена больш за 600 прадметаў, якія праліваюць сьвятло на дзейнасьць супрацоўнікаў гэтага сакрэтнага вайсковага аб’екту.

Востраў Зямля Аляксандры ўваходзіць у склад архіпэлягу Зямля Франца-Іосіфа. Нямецкая мэтэастанцыя Schatzgraber (Скарбашукальнік) разьмяшчалася на востраве прыкладна за пяцьсот мэтраў ад берагу на вышыні трыццаці мэтраў над узроўнем мора. І з мора была ня бачная. Зь лістапада 1943-га да ліпеня 1944-га станцыя перадала больш за сямсот сынаптычных мэтэазводак.

Экспэдыцыю на выспу Зямля Аляксандры ўзначаліў старшы навуковы супрацоўнік нацыянальнага парку «Расейская Арктыка» Яўген Ярмолаў, зь ім пагаварыў супрацоўнік расейскай службы Радыё Свабода Віктар Рэзункоў:

— Калі немцы высадзіліся на востраве Зямля Аляксандры і калі пакінулі яго?

— Дакладна вядома, што зьявіліся яны там у канцы верасьня 1943 году. Туды прыйшла адна падводная лодка ў якасці эскорту і адно транспартнае судна, якое прывезла зімоўшчыкаў і рыштунак станцыі. За некалькі дзён яны высадзілі станцыю, караблі адышлі, а мэтэаролягі засталіся. Быў пабудаваны шчытавы дом. Падобныя дамы захаваліся на іншых базах на Шпіцбэргене, таму мы цалкам можам сабе ўявіць, як яна выглядала. Шчытавы дом, неабходны рыштунак, усё было падрыхтавана да зімоўкі і там яны зазімавалі. На мацярык яны перадавалі мэтэазводку, у іх была радыёстанцыя. Была наладжаная сетка абарончых збудаваньняў па пэрыметры станцыі, а таксама былі зробленыя запасныя збудаваньні на выпадак магчымага нападу. Жылі яны там спакойна да вясны 1944 году.

Рэшткі нямецкай вайсковай станцыі
Рэшткі нямецкай вайсковай станцыі

Увесну яны забілі мядзьведзя. Бо ж яны жылі на кансэрваваных прадуктах, а гэта было даволі сумна, і яны захацелі сьвежага мяса. Сярод іх знайшоўся паляўнічы. Ён застрэліў белага мядзьведзя. Прыгатавалі яго мяса, але пасля ў іх выявіліся прыкметы трыхінэлёзу, заражэньня нэматодамі. Мяса, мабыць, было не да канца вываранае, і паразыты, якія жывуць у мясе белага мядзьведзя, трапляюць у чалавека і разьвіваюцца ўжо ў ім. Даведаўшыся пра тое, што пэрсанал станцыі заразіўся, нямецкае камандаваньне распачало спробу эвакуаваць іх адтуль. Быў пасланы вялікі чатырохматорны самалёт «Кондар». Пілёту было загадана скінуць доктара на парашуце, але ён паспрабаваў пасадзіць самалёт на востраве. Пасадка аказалася няўдалай, зламалася шасі. У выніку празь некалькі дзён ім прывезьлі новае шасі са Шпіцбэргену. Яны адрамантавалі самалёт і эвакуавалі людзей.

Узьніклі легенды пра тое, што, нібыта, на стале на станцыі ляжалі нейкія сьвежыя газеты, люлькі, якія ледзь не дыміліся, стаялі кубачкі з кавай

Але сама станцыя засталася. Немцы рабілі спробы прабіцца скрозь ільды да Зямлі Аляксандры ўлетку 1944 году, але з-за ледзяной абстаноўкі гэта не ўдалося, таму станцыя засталася ў першапачатковым выглядзе. Выявіў яе лётчык Акуратаў у 1947 годзе падчас авіявыведкі. І ўжо пасьля гэтага ўзьніклі легенды пра тое, што, нібыта, на стале на станцыі ляжалі нейкія сьвежыя газэты, люлькі, якія ледзь не дыміліся, стаялі кубачкі з кавай, а на сьценах «шмайсэры» віселі... І такія рэчы перадаюцца з вуснаў у вусны, як ні дзіўна. Але ёсьць дакумэнтальна пацьверджаны факт таго, што станцыя была закінута ў 1944 годзе. Ужо ў 1952 годзе туды высадзіўся пэрсанал савецкай палярнай станцыі, яны жылі менавіта ў гэтай нямецкай станцыі таму, што гэта ўжо быў гатовы будынак капітальны, было зручна. Затым яны пабудавалі сваю палярную станцыю, сваю базу, а гэтая нямецкая была разбураная.

— Чаму база атрымала назву «Скарбашукальнік»?

— Гэта тыповая традыцыя для нямецкіх апэрацый. Ім давалі кодавыя назвы. Дый у Савецкім Саюзе такая практыка была распаўсюджаная і ня толькі падчас вайны, але і пазьней.

— Ці былі знойдзены ў ходзе вашага дасьледаваньня нейкія дакумэнты, рэгістрацыйныя кнігі, якія праліваюць сьвятло на прызначэньне базы?

Ёсьць кнігі, звычайная мастацкая літаратура, выданьні пачатку 40-х гадоў, падручнікі па мэтэаралёгіі зь пячаткамі бібліятэкі Kriegsmarine

— Мы і так уяўлялі, чым яна займаецца. Прадметы, якія мы знайшлі і ўзялі з сабой, наўпрост паказваюць на прыналежнасьць гэтага аб’екту немцам, вайсковае і мэтэаралягічнае яго прызначэньне. Супрацоўнікі гэтай базы займаліся мэтэаназіраньнямі. Там ёсьць фрагмэнты мэтэазондаў, фрагмэнты надзіманых шароў, якія запускалі ў атмасфэру для вызначэньня хуткасьці ветру, вымярэньня ціску, тэмпэратуры... там ёсьць тэрмомэтры, ёсьць астранамічныя табліцы, якія неабходныя пры гэткіх назіраньнях, ёсьць уласнаручна запоўненыя немцамі журналы з мэтэададзенымі. Ёсьць кнігі, звычайная мастацкая літаратура, выданьні пачатку 40-х гадоў, падручнікі па мэтэаралёгіі зь пячаткамі бібліятэкі Kriegsmarine — Вайскова-марскога флёту.

Нямецкія тэрмомэтры, знойдзеныя на станцыі
Нямецкія тэрмомэтры, знойдзеныя на станцыі

Хоць станцыя была разбураная, засталося вельмі шмат прадметаў, фрагмэнтаў. Па-першае, там вельмі шмат сьмецьця, пакінутага яшчэ немцамі. Усякая тара разнастайная з-пад паліва, з-пад кансэрваваных прадуктаў. Вельмі шмат фрагмэнтаў дрэва, мабыць, рэшткі шчытавога дома, лыжы, лыжныя палкі, прадметы побыту, грабенчыкі. Фрагмэнты абмундзіраваньня. Захаваліся скокавыя міны Sprengmine 35 ад сеткі мінных загародаў, фрагмэнты ручных гранат М-24, вялікая колькасьць патронных скрыняў, гільзы да вінтоўкі Mauser 98, скрынкі для патронных стужак ад кулямёта MG-34. Шмат акумулятараў, фрагмэнтаў радыёапаратуры. Увогуле, усё, што можа прывезьці з сабой чалавек, усё, што можа спатрэбіцца яму для жыцьця.

— А што зь сябе ўяўляе сёньня база «Скарбашукальнік»?

— Па сутнасьці гэта руіны. Яна была разбураная мэтанакіравана ў канцы 50-х гадоў, зьнішчана. І цяпер там засталіся месцы разьмяшчэньня жылога дома, складзкіх памяшканьняў, сетка абарончых збудаваньняў па пэрымэтры станцыі. Адзін дзот. Рэшткі запасных збудаваньняў.

— Як вядома, тэрыторыя вакол базы «Скарбашукальнік» была замінаваная. Калі і як удалося пазбавіцца ад мінаў?

— У нас ёсьць некаторыя матэрыялы, якія пакінуў зімоўшчык гэтай базы нямецкі метэаролаг Рудольф фон Гарбаці. Адразу пасьля вайны ён склаў схему разьмяшчэньня станцыі і мінных палёў. І ў канцы 80-х гадоў нарвэская дасьледніца Арктыкі Сюзэн Барт перадала гэтую карту савецкаму ўраду. Далейшы лёс гэтага дакумэнту мне не вядомы. Цяпер па тэрыторыі станцыі можна цалкам бясьпечна перамяшчацца. Калі міны і прысутнічаюць, то толькі ў выглядзе фрагмэнтаў.

— А ці была раней нейкая інфармацыя аб існаваньні базы на востраве Зямля Аляксандры або вас можна назваць першаадкрывальнікамі?

— Безумоўна, інфармацыя была. Вядома пра яе яшчэ з 1947 году, калі яна была знойдзена ў выніку авіявыведкі. Існаваньне станцыі не было сакрэтам. Далей на востраве ўвесь час жылі савецкія палярнікі, вайскоўцы, памежнікі. Зразумела, яны ведалі пра гэтую станцыю, хадзілі, глядзелі на яе. І крыху, зусім крыху ў гістарычнай літаратуры ёсьць пра яе дакладнай інфармацыі.

— Арктычныя базы нацыстаў даўно выклікаюць пільную ўвагу ня толькі гісторыкаў, але і рознага роду містыфікатараў. Цыркулюе мноства чутак пра тое, што на гэткіх базах, якія існуюць ледзь не да гэтага часу, пасьля вайны хаваліся высокапастаўленыя нацысты, а затым і іх дзеці. Як вы ставіцеся да гэткай інфармацыі?

Можа, там яшчэ да гэтага часу Борман жыве, і там золата Райху пахавана ... Там — падземныя бункеры і падводныя лодкі ў нейкіх гротах

— Калі шчыра, то стаўлюся вельмі скептычна. І мне вельмі непрыемна, што цяпер вакол базы «Скарбашукальнік» на востраве Зямля Аляксандры раптам узьнік гэткі арэол. Незразумела адкуль зьяўляюцца неверагодныя факты, мне невядомыя, прыкладна такога самага зьместу. Нібыта, гэтая база была яшчэ Гітлерам да вайны наладжана. Можа, там яшчэ да гэтага часу Борман жыве, і там золата Райху пахавана... Там — падземныя бункеры і падводныя лодкі ў нейкіх гротах... Мне гэта ўсё чуць непрыемна. Ёсьць гістарычныя факты, ёсьць рэчавыя доказы, на якія мы можам абапірацца. Не адзін год я быў на гэтай станцыі. Нічога падобнага я там ня бачыў. Ёсьць гістарычныя сьведчаньні, якія ўсё гэта не пацьвярджаюць. Займацца гэткай міфатворчасьцю, як найменей, неэтычна, некарэктна.

— Гэта значыць, тыя чуткі пра існаваньне нейкай падскальной базы нямецкіх падводных лодак на востраве Зямля Аляксандра — гэта ўсяго толькі чуткі?

— Я вам скажу так. Востраў Зямля Аляксандры хоць і адзін з самых буйных на архіпэлягу, але не такі ён і вялікі. Складзены ён з базальту. Гэта даволі кепская парода, пячоры ў ёй утвараюцца вельмі рэдка. Глыбіні там хоць і дазваляюць знаходзіцца падводным лодкам, як у бухце Паўночная, але берагі там вельмі спадзістыя. І проста геаграфічна, фізічна немагчыма там разьмясціць нейкі аб’ект, тым больш падводную базу, падземную, падскальную для рамонту падводных лодак. Я вельмі ў гэтым сумняваюся. Прынамсі, я сваімі крокамі прайшоў вялікую частку не аледзянелай часткі вострава (а там ёсьць два буйныя леднікі на захадзе і на ўсходзе, і толькі пярэсмык паміж імі вольны ад лёду), я нічога падобнага не знайшоў. Я дасьледаваў і берагавую лінію, і ў глыбіні вострава ўсё абышоў. Нічога падобнага я ня бачыў і ў мяне ў галаве не ўкладаецца, што нешта падобнае можа там быць.

— Якія, калі не сакрэт, работы сёньня вядуцца на Зямлі Аляксандры ў рамках усё большай цікаўнасьці да Арктыкі — ня толькі навукоўцаў і вайскоўцаў, але і ў цэлым?

Зямля Аляксандры — традыцыйнае месца размнажэньня белых мядзьведзяў, там мядзьведзіцы ладзяць свае бярлогі

— Будучыня будзе цікавая таму, што вяртаюцца і вайскоўцы, вяртаецца і навука. Вайскоўцы ў якасьці вялікай вайсковай базы, якую будуе Міністэрства абароны, навука — у якасьці нацыянальнага парку «Расейская Арктыка», у якога там ёсьць цяпер круглагадовы стацыянар. Там штогод праводзяцца навуковыя дасьледаваньні. Як правіла, яны зьвязаны з марскімі сысунамі: з ірландскім кітом, з маржамі, зь белым мядзьведзем. Зямля Аляксандры — традыцыйнае месца размнажэньня белых мядзьведзяў, там мядзьведзіцы ладзяць свае бярлогі, выношваюць і выкормліваюць сваіх медзьведзянятаў. На выспе ўжо два гады працуе пункт турыстычнага пагранічнага пропуску. Туды прыходзяць турыстычныя судны, памежнікі праводзяць пашпартны кантроль, і турысты, ня робячы шматкілямэтровых пераходаў, атрымліваюць магчымасьць агледзець архіпэляг Зямля Франца-Іосіфа. З-за гэтага мы назіраем усплёск наведваньняў турыстамі архіпэлягу ў цэлым, бо стала прасьцей яго наведваць, — кажа Яўген Ярмолаў.

Некалькі словаў пра вайсковую базу на Зямлі Аляксандры. З траўня 2007 году на востраве разьмяшчаецца база памежнай службы ФСБ «Нагурскі». У тым самым годзе на востраве пачалося будаўніцтва вайсковай базы «Арктычны трылісьнік». З 2014 году на тэрыторыі базы дысьлякуецца падразьдзяленьне супрацьпаветранай абароны Паўночнага флёту Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG