26 кастрычніка краіны НАТО раскрытыкавалі рашэньне Гішпаніі дазволіць групе расейскіх караблёў зайсьці на дазапраўку ў порт Сэўта. Раней генэральны сакратар НАТО заявіў, што разгортваньне авіяносца «Адмірал Кузняцоў» ва ўсходняй частцы Міжземнага мора можа прывесьці да ўзмацненьня бамбаваньняў сырыйскага гораду Алепа. У расейскім МЗС гэтую інфармацыю назвалі «недарэчнай».
«Адмірал Кузьняцоў» — адзіны ў Расеі авіяносец, можа несьці дзясяткі зьнішчальнікаў-бамбавікоў. Ён рухаецца ў суправаджэньні атамнага крэйсэра і двух супрацьлодкавых караблёў, а таксама чатырох караблёў падтрымкі.
Мальта не дазволіць дазаправіцца расейскім вайсковым караблям на чале з авіяносцам «Адмірал Кузьняцоў». Пра гэта ў інтэрвію выданьню Times of Malta паведаміў міністар замежных справаў краіны Джордж Вэла. Пра магчымую дазапраўку каля берагоў Мальты раней заявіў былы начальнік галоўнага штабу ВМФ Расеі Віктар Краўчанка.