Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Стомленасьць эўрапейскіх палітыкаў Беларусьсю будзе толькі нарастаць"


Карбалевіч: Па меры разьвіцьця працэсу нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з ЭЗ ён напаўняецца рэальным зьместам. Зьяўляюцца ўсё новыя пытаньні і сфэры, адносна якіх ідзе дыялёг, падпісваюцца адпаведныя пагадненьні. Першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка сказаў, што паміж Беларусьсю і ЭЗ ужо існуе дыялёг па эканоміцы і фінансах, экалёгіі, аднавіўся дыялёг па правах чалавека. Таксама прынятае рашэньне аднавіць дыялёгі па энэргетыцы, мытным супрацоўніцтве.

Гэтымі днямі адбылося некалькі падзей у беларуска-эўрапейскіх адносінах. 13–14 кастрычніка ў Менску праходзіць першы раўнд гандлёвага дыялёгу паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і генэральным дырэктаратам Эўрапейскай камісіі па гандлі. У прыватнасьці, Беларусь разьлічвае на зьняцьце нетарыфных абмежаваньняў па пастаўках тэкстылю ў ЭЗ. Гэтыя абмежаваньні былі ўведзеныя ў адказ на парушэньне правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Сытуацыя з гэтымі правамі не палепшылася, аднак, як спадзяецца сп. Еўдачэнка, з 2017 году беларускі тэкстыль, адзеньне будуць пастаўляцца на рынак ЭЗ безь якіх-колечы абмежаваньняў. Ён адзначыў, што ў пэрспэктыве мы хацелі б падпісаць альбо асобнае гандлёвае пагадненьне з ЭЗ, альбо гандлёвую частку ў рамках новага пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве.

Як любіў казаць апошні савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў, «працэс пайшоў»

Таксама 13 кастрычніка ў Люксэмбургу Беларусь і ЭЗ падпісалі дэклярацыю па супрацоўніцтве ў сфэры міграцыі і мабільнасьці. Як вядома, сёньня гэта надзвычай актуальная і балючая для ЭЗ тэма. У рамках Партнэрства для мабільнасьці будуць зробленыя захады дзеля ўмацаваньня супрацоўніцтва ў сфэрах законнай і працоўнай міграцыі, наданьня прытулку і абароны бежанцаў, у сфэры прафіляктыкі і процідзеяньня нерэгулярнай міграцыі. Зь беларускага боку дэклярацыю падпісаў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

І ў той жа дзень кіраўнікі васьмі апазыцыйных арганізацыяў Беларусі абмяркоўвалі ў Брусэлі з эўрадэпутатамі пытаньне, ці варта супрацоўнічаць з новым складам беларускага парлямэнту. У апазыцыі існуе адзінае гледзішча па гэтым пытаньні. Яна лічыць, што ня трэба. А ў Эўрапарлямэнце па гэтым пытаньні існуюць розныя пазыцыі. Вядома, што польскі сэйм дэманструе гатоўнасьць мець справу з Нацыянальным сходам Беларусі. Нямецкія дэпутаты, якія прыяжджалі нядаўна ў Беларусь, задавалі пытаньне: чаму з парлямэнтамі Кітаю ці Азэрбайджану мы супрацоўнічаем, а з парлямэнтам Беларусі — не?

Але, як любіў казаць апошні савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў, «працэс пайшоў».

Карней: Безумоўна, Беларусь трапіла ў досыць неадназначную сытуацыю. З аднаго боку, афіцыйнаму Менску, які застаўся на галодным пайку Расеі, хочацца заручыцца гарантыямі эўрапейскай апекі. Дзеля гэтага апошнім часам сапраўды робяцца беспрэцэдэнтныя захады, якіх не было цягам папярэдніх двух дзесяткаў гадоў. Цяпер застаецца пераканацца, што гэтага таксама хочуць і эўрапейцы.

Сёньня Масква «ратуе» «русскоязычных» Данбасу, заўтра на іх месцы могуць апынуцца жыхары беларускага памежжа

Зь іншага боку, прызнаючы Лукашэнку ў якасьці «рукапаціскальнага» партнэра на перамовах, сябе пад удар ставіць сама Эўропа. Досыць вялікая імавернасьць, што пад палітычныя працэсы ў рамках «Эўранэсту» нарэшце будуць легалізаваныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, што выклікае абурэньне з боку беларускай апазыцыі. На практыцы выглядае, што двух намінальных апанэнтаў улады ў парлямэнце аказалася дастаткова дзеля таго, каб зьмяніць гнеў на міласьць.

Што не выклікае сумневу, дык гэта відавочны факт: Беларусь павінна быць у складзе вялікай эўрапейскай сям’і, выходзіць на тамтэйшы рынак як у культурным, так і ў гандлёвым пляне. Тое наканавана як геаграфічна, так і гістарычна. Як запусьціць працэс збліжэньня на ўсю моц — якраз тэма для абмеркаваньня. Але з улікам падзеяў на ўсходзе Ўкраіны, з улікам таго, як сябе ўвогуле паводзіць Расея на міжнароднай арэне, цывілізацыйны выбар варыянтаў не пакідае: сёньня Масква прыйшла «ратаваць» «русскоязычных» Данбасу, заўтра на іх месцы могуць апынуцца жыхары беларускага памежжа.

У гэтым кантэксьце рух на захад — аб’ектыўны і лягічны. Іншая справа, што спроба «перавыхаваць» Лукашэнку, схіляючы яго на свой бок, наўрад ці знойдзе разуменьне ў беларускім дэмакратычным лягеры. Бальшыня праціўнікаў рэжыму лічыць, што ня трэба пускаць дыктатара ў Эўропу, бо ягоныя слоўныя рэвэрансы яшчэ не азначаюць гатовасьці інтэгравацца ў эўрапейскае грамадзтва на практыцы.

Сапраўды, цягам сваёй працяглай кадэнцыі кіраўнік Беларусі процьму разоў казаў адно, а рабіў зусім іншае. Таму і цяперашнія захады можна расцаніць як спробу перастрахавацца. У Расеі цяпер аб’ектыўна ня лепшыя часы, яе магчымасьць дапамагаць Беларусі зьменшылася. Трэба шукаць альтэрнатыўныя спосабы выжываньня.

Ці будуць пачутыя ў Брусэлі заявы, што «апгрэйд» улады мае пад сабой рэальную аснову? Складана пра нешта казаць загадзя. Як мінімум трэба пачакаць, як сябе будуць паводзіць эўрадэпутаты, увогуле палітыкі асобна ўзятых краінаў.

Нягледзячы на тое, што сытуацыя з правамі чалавека ды перасьледам апазыцыі палепшылася, агулам стаўленьне да Беларусі па-ранейшаму неадназначнае. Прынамсі, пра сыстэмныя пераўтварэньні гаворка не ідзе, бо няма ніякай гарантыі, што гайкі, якія сёньня крыху адпусьцілі, заўтра не пачнуць закручваць зноў.

Таму рух на Захад, натуральна, можна вітаць. Але ці будуць яго з такім жа імпэтам чакаць самі заходнікі, дый ці акрэсьліць яго за мэту, наступіўшы сабе на горла, Лукашэнка, — задача з многімі невядомымі.

Глод: На ўчорашняй сустрэчы ў Брусэлі я зьвярнуў увагу на словы лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі — маўляў, давайце пачакаем да мясцовых выбараў і паглядзім, ці стане Палата прадстаўнікоў рабіць крокі для ажыцьцяўленьня сыстэмных зьменаў у бок дэмакратыі.

Тут уражваюць дзьве рэчы. Першая — ну колькі ж можна жыць выбарчымі кампаніямі?! Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пачакаем да правядзеньня парлямэнцкіх. Пасьля парлямэнцкіх — да мясцовых. І так круціцца гэтае кола ўвесь час — ад адной кампаніі да наступнай.

Другая рэч — абраньне кіроўных органаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Безальтэрнатыўнае, распрацаванае адміністратыўнымі органамі. Такі ж стары сцэнар, як і ў пятым, і ў чацьвёртым, і ў трэцім скліканьні. І пасьля гэтага казаць пра нейкія спадзяваньні на сыстэмныя зьмены ў бок дэмакратыі? Дзіўна ўсё гэта.

На што спадзяюцца лідэры апазыцыі цяпер? На тое, што іх прадстаўніца Ганна Канапацкая пры падтрымцы Алены Анісім унясе ў Палаце прадстаўнікоў дзесятак новых законапраектаў. А які толк ад гэтага? Я памятаю дэпутацкую групу «Рэспубліка», якая існавала ў парлямэнце другога скліканьня. Хтосьці ўваходзіў у яе афіцыйна, хтосьці падтрымліваў яе, «не засьвечваючыся». Праз групу, як казаў мне Сяргей Скрабец, прайшло 17 дэпутатаў. Аднак нават 17, а ня 2 ня здолелі правесьці ніводнага свайго законапраекту.

Эўрапейскія палітыкі ўжо моцна стаміліся ад беларускіх спраў

Распрацоўкі папросту блякаваліся большасьцю дэпутатаў. У «Рэспублікі» не было магчымасьці нават вынесьці іх на абмеркаваньне ў Авальную залю.

Адзінае — Канапацкая, Анісім, магчыма, яшчэ нехта з дэпутатаў будуць запрошаныя на розныя міжнародныя паседжаньні, дэбаты, дыскусіі. Але хіба гэта нешта прынцыпова зьмяняе?

Для мяне ў гэтай сытуацыі цікава толькі адно — прызнае той жа Эўрапарлямэнт выбары ў Беларусі сапраўднымі ці не? І справа ня толькі ў тым, што прызнаньне выбараў адчыніць шлях дэпутатам Палаты ў «Эўранэст». Прызнаньне, безумоўна, стане перамогай беларускіх уладаў. А зьмяненьні ў «Эўранэсьце» — толькі першы крок для супрацы Захаду зь беларускімі афіцыйнымі ўладамі. Я не выключаю, што рашэньне будзе станоўчае для ўладаў. І не таму, што сытуацыя ў Беларусі зьмянілася прынцыпова ў лепшы бок. А таму, што эўрапейскія палітыкі ўжо моцна стаміліся ад беларускіх спраў. І калі нічога не зьмяняць, то гэтая стома будзе толькі нарастаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG