Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў пра магчымасьць перапрацоўкі іранскай нафты ў Беларусі. Экспэрты разважаюць, ці гэта патрэбна

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Нацыянальным сходам
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Нацыянальным сходам

Беларусь вядзе перамовы зь Іранам пра пастаўкі нафты, заявіў Аляксандар Лукашэнка 7 кастрычніка на сустрэчы з Нацыянальным сходам мінулага і новага скліканьняў.

Паводле кіраўніка краіны, гэта робіцца з прычыны складанасьцяў у перамовах па нафце і газе з Расеяй.

«Мы вядзём перамовы зь Іранам, які кідаецца ў пошуках для пастаўкі нафты і які зьнізіць нам цану. Аж да таго, што мы ім дамо ўсе магчымасьці на Мазырскім або іншым заводзе: перапрацоўвайце сваю нафту і прадавайце дзе лічыце патрэбным», — падкрэсьліў ён.

Паводле Лукашэнкі, перад урадам пастаўлена задача па пошуку альтэрнатывы расейскай нафце.

«Мы дамовіліся, сёньня загружаны танкер ідзе ў Адэсу, і пачнём пастаўляць праз Украіну на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», — цытуе БелТА кіраўніка Беларусі.

Лукашэнка загадаў ураду вярнуцца да праекту нафтаправоду з Балтыкі і «неадкладна скончыць мадэрнізацыю» Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу.

Справа не ў самой нафце, а ў газавым канфлікце

Камэнтуючы гэтую заяву Лукашэнкі, эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак адзначыла, што справа тут не ў самой нафце, а ў газавым канфлікце з Расеяй:

«Мы разумеем, што справа не ў самой нафце, а ў газавым канфлікце. Ці ўдасца Беларусі зноў жа націснуць такім чынам на Расею, каб неяк падштурхнуць да пошуку кампрамісу ў гэтым пытаньні. Магчыма, гэта і ёсьць той рычаг, які дапаможа дамовіцца пра больш спрыяльныя ўмовы імпарту расейскага газу для Беларусі. Раней такія спробы падштурхнулі беларускіх і расейскіх нафтавікоў да перамоваў».

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак адзначыла, што пасьля вэнэсуэльскай гэта ўжо другая спроба прыцягнуць на беларускія НПЗ альтэрнатыўную нафту.

«Такая магчымасьць у Беларусі зьявілася. Трэба рабіць сурʼёзныя падлікі, каб пераканацца, што гэта больш выгадна параўнальна з пастаўкамі расейскай нафты. Расея ўжо заявіла, што яшчэ больш зьмяншае пастаўкі ў Беларусь у чацьвёртым квартале. У гэтай сытуацыі справа ідзе не пра альтэрнатыву расейскай нафце, а пра тое, каб забясьпечыць поўную загрузку беларускіх НПЗ. Беларусь сёлета меркавала перапрацаваць на двух заводах 24 мільёны тон нафты. А з улікам гэтага расейскага нафтавага сэквэстру, магчыма, перапрацоўка складзе каля 18 мільёнаў тон. Таму ёсьць такі прафіцыт і спэцыялісты прапрацоўваюць магчымасьць перапрацоўкі іранскай нафты.

Нядаўна на нафтавай канфэрэнцыі я гутарыла з украінскім экспэртам, які казаў, што ў Беларусі зьявілася выдатная магчымасьць прыцягнуць іранскую нафту. Бо Ўкраіна на афіцыйным узроўні ўжо прапрацавала магчымасьць пастаўкі такой нафты праз Украіну па трубаправодзе Адэса — Броды, потым чыгункай на польскія НПЗ. Украінскія экспэрты рабілі спэцыяльныя разьлікі. Па тэхналягічным узроўні і па цане іранская нафта прыкладна адпавядае расейскай. Таму ёсьць выдатная магчымасьць замясьціць 20-30% расейскай нафты на беларускіх НПЗ. Гэты нафтавы калідор, лягістыка раней крыху адпрацаваныя, калі былі пастаўкі вэнэсуэльскай, пазьней азэрбайджанскай нафты — праз Адэсу, потым па нафтаправодзе Адэса — Броды да НПЗ у Мазыры. Тады па трубе было пастаўлена каля мільёна тон нафты. Таму такія магчымасьці ёсьць. Калі якасьць іранскай нафты прыкладна адпавядае расейскай, то істотных праблемаў для перапрацоўкі нафты зь Ірану на Мазырскім НПЗ ня ўзьнікне. Праблем зь фізычнымі абʼёмамі пастаўкі нафты таксама ня ўзьнікне».

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што іранская нафта для Беларусі — гэта «стратэгічна вельмі добра, каб пазбавіцца ад нафтавага пракляцьця».

Але наколькі верагодна, што Лукашэнка зможа выканаць гэты плян?

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Гэтую нафту можна даставіць, калі ёсьць дамоўленасьць з Украінай. І калі ёсьць цана. Сёньня Іран, безумоўна, дэмпінгуе, робіць зьніжкі на нафту на 15-20%, таму Лукашэнка думае, што гэта будзе яму добра. Але калі ён пачне гэта, то гарантавана, што Расея падвысіць цану на сваю нафту і інакш будзе ставіцца да таго, што на беларускіх НПЗ зьявілася канкурэнцыя. Тым больш што Мазырскі НПЗ амаль напалову належыць расейскаму акцыянэру „Роснефть“, зь якім гэтую справу давядзецца ўзгадняць. Таму такія дамовы з Іранам будуць ісьці поруч з канфліктамі з Расеяй у нафтавай сфэры. І, як бачым, ніводзін канфлікт з Расеяй яшчэ ня вырашаны».

Паводле Раманчука, тэарэтычна пастаўкі іранскай нафты ў Беларусь магчымыя.

«Трэба найперш даставіць да Адэсы танкерамі, а потым праз нафтаправод. З гледзішча дывэрсыфікацыі крыніц пастаўкі нафты ў Беларусь было б добра распрацаваць такую лягістычную схему. Бо калі ёсьць канкурэнцыя — гэта вельмі добра. І трэба было б пасьлядоўна пазбаўляцца ад гэтага таннага нафтавага наркотыку, на які Лукашэнка разам з нафтавымі баронамі Расеі пасадзілі нашу краіну ад пачатку 2000-х».

Лукашэнка загадаў ураду вярнуцца да праекту нафтаправоду з Балтыкі і «неадкладна скончыць мадэрнізацыю» Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу. Яраслаў Раманчук так пракамэнтаваў гэтыя ініцыятывы:

«Гэта патрэбна, каб зрабіць свой нафтаправод з Балтыйскага мора да Чорнага, мінаючы тэрыторыю Расеі. Тады можна дамовіцца з НПЗ у Мажэйках, дабавіць беларускую частку і ўкраінскую. Я бачу, што беларускія ўлады сёньня хутчэй змогуць дамовіцца з Украінай, чым з расейскімі алігархамі.

Калі Лукашэнка кажа, то ён можа гэта зрабіць. Калі была справа з вэнэсуэльскай і азэрбайджанскай нафтай, то, параўнальна з расейскай, Беларусь пераплаціла больш за мільярд даляраў. І сёньня расейская нафта самая танная. Таму, калі мы будзем карыстацца іншымі крыніцамі, трэба вельмі добра лічыць. Але стратэгічна для нашай краіны, для ліквідацыі шэрай нафтавай сфэры, для пазбаўленьня ад нафтавага пракляцьця, вельмі добра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG