Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Леаніда Барткевіча даў паказаньні пра Ігара Пцічкіна


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

У суд па справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна ў менскім СІЗА № 1 сёньня прывялі сьведку Рычарда Леанідавіча Барткевіча (паводле зьвестак з суду, сына «песьняра» Леаніда Барткевіча).

Рычарду каля 30 гадоў, ён худы, вышэйшы за сярэдні рост, курносы, тварам бледны. Адбывае прысуд у 13 гадоў зьняволеньня ў Шклоўскай калёніі за наркотыкі.

Сьведка добра памятае Ігара Пцічкіна, як яго прывялі ў камэру № 50, гэта было 2 жніўня. Памятае, як прапанаваў яму печыва і той паеў, але больш да сярэдзіны наступнага дня нічога ня еў.

Потым паводзіны Пцічкіна, паводле сьведкі, сапсаваліся. У яго пачалася «манія перасьледу», ён баяўся, што яму адпомсьціць адзін зь вязьняў 48-й камэры, дзе ён раней сядзеў. «Ён грукаў у „кармушку“, хацеў выйсьці з камэры. Яму было блага, паводзіў сябе неадэкватна. Шмат піў вады. Прыйшоў у камэру з плястыкавай бутэлькай і пастаянна піў зь яе ваду». Сьведка прыгадаў, што Пцічкіна выводзілі адзін раз да абеду і потым ён вярнуўся. Сам Пцічкін яму не казаў, што ўжывае наркотыкі, але пра гэта яму казалі сукамэрнікі.

Таксама сьведка згадаў, што пасьля наведваньня мэдычнай часткі «Валадаркі» Пцічкін казаў, што яму зрабілі нейкую іньекцыю, а што дакладна, ён ня памятае. Барткевіч ня памятае таксама, каб Пцічкін у камэры «кідаўся рэчамі, скакаў на адной назе» (як казаў сьведка Кулаковіч). Цялесных пашкоджаньняў на целе Пцічкіна Барткевіч ня бачыў, яму Пцічкін ня скардзіўся на пабоі з боку сукамэрнікаў. Пра целасклад Пцічкіна сьведка сказаў: «Ён быў худы і вышэйшы за мяне ростам».

Суд убачыў супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкі на судзе і падчас сьледзтва. Пракурор зачытаў спрэчныя месцы паказаньняў Рычарда Барткевіча. Паводле іх Пцічкін, як толькі яго прывялі ў камэру, адразу зь яе выскачыў, а потым вярнуўся. (У судзе ён такога не казаў). Спачатку, паводле сьведкі, ад Пцічкіна было ўражаньне адэкватнага чалавека, але ён шмат пацеў і не сядзеў на адным месцы. Барткевіч тады прыгадаў, што Пцічкін казаў пра ўжываньне спайсаў цягам 6 год, што ён адмаўляўся ад ежы, бо тая нібыта была атручаная. (Гэтага ў судзе сьведка таксама спачатку не згадаў). Увесь час Пцічкін, паводле паказаньня сьведкі на сьледзтве, піў ваду і ня клаўся на ложак, шмат курыў. Паводле Барткевіча, Пцічкін раніцай пачаў трызьніць, што яго заб’юць, раздаваў усім цыгарэты, «бо яны больш яму не спатрэбяцца».

«Пасьля сьняданку стан Пцічкіна яшчэ больш пагоршыўся. Ён казаў, што знаходзіцца ў краме «Беларусь», яму трэба ехаць на аўтамабілі. Пасьля вываду ў мэдычную частку, паводле тых паказаньняў Пцічкіна, яму стала блага. (У судзе казаў, што наадварот, яму стала лепей). Ён бачыў «вялікае чырвонае вока», да абеду яму не стала лепей. Пасьля абеду, каля 16 гадзінаў, сукамэрнікі выклікалі дзяжурнага, і тады Пцічкіна з рэчамі вывелі з камэры. Яшчэ паводле тых паказаньняў сьведка казаў, што Пцічкіну «альбо далі таблетку, альбо зрабілі іньекцыю». (У судзе пра таблетку сьведка не казаў).

Супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкі Барткевіч патлумачыў тым, што мінула шмат часу і ён горш памятае падзеі тых дзён.

Паказаньні на сьледзтве сьведка цалкам пацьведзіў.

Рычард Барткевіч нічога не патлумачыў пацярпелай Жанне Пцічкінай на пытаньне, чаму, на ягоную думку, Пцічкін думаў, што заўтра памрэ і таму раздаваў свае рэчы.

Цікавая дэталь. Паводле Барткевіча, цяпер яго трымаюць у той жа 50-й камэры, дзе сядзеў у жніўні 2013 года. На пытаньне адваката абвінавачванага Міхайлава сьведка Барткевіч заявіў, што яго ніколі не зьбівалі на «Валадарцы» і ён пра такія выпадкі ня ведае. Падчас допыту Рычард Барткевіч прасіў не адпраўляць яго больш на «Валадарку», а адразу адправіць у шклоўскую калёнію, дзе ён адбывае пакараньне.

Трэці па ліку сьведка згадаў пра бойку Пцічкіна з сукамэрнікам 22 верасьня

Пасьля сьведак Кулаковіча і Барткевіча даў паказаньні былы сукамэрнік Ігара Пцічкіна Сяргей Марчанка.

Ён таксама быў дастаўлены ў Маскоўскі суд з калёніі — адбывае 4 гады за махлярства ў калёніі ў Бабруйску.

Паказаньні Андрэя Марчанкі збольшага пацьвердзілі паказаньні папярэдніх сьведкаў пра стан Ігара Пцічкіна ў 50-ай камэры: што ў таго была манія перасьледу, ня спаў, шмат піў вады, што сам распавядаў пра ўжываньне наркотыкаў. Але некаторыя зьвесткі прагучалі ўпершыню. «Казаў, што ўжываў рэагент — гэта парашок, зь якога робяць спайс», — распавёў суду сьведка Марчанка. Пры гэтым пра тое, што ў яго цяпер «ломка», Пцічкін нічога не казаў, паводле сьведкі. Пагрозаў на адрас іншых сукамэрнікаў ад Пцічкіна не было, сказаў сьведка і таксама паведаміў, што Пцічкін ня кідаўся рэчамі іншых сукамэрнікаў.

Паводле Марчанкі, тэмпэратура ў камэры была 32 градусы цяпла, але інтэнсіўнага потавыдзяленьня ў іншых, як у Пцічкіна, не было. Яшчэ новая інфармацыя, пра якую ня згадвалі іншыя сьведкі: Андрэй Марчанка згадаў, што ў камэры быў канфлікт паміж Пцічкіным і сукамэрнікам Логінавым.

«Яны счапіліся, Логінаў схапіў Пцічкіна за шыю і кідком празь бядро паваліў на падлогу. Той упаў на бок, Логінаў паваліўся на яго. Мы з Шмакіным іх расьцягнулі, яны разышліся. Нічога не казалі», — згадаў сьведка Марчанка.

Пра сінцы на твары і руках Пцічкіна сьведка сказаў, што нічога ня бачыў, а пра тое, ці былі ў яго траўмы на целе пад адзеньнем, адказаў, што гэтага ня мог бачыць. У паказаньнях Марчанкі таксама знайшліся супярэчнасьці, і ён, як і іншыя сьведкі, спаслаўся на даўніну часу і пацьвердзіў паказаньні на сьледзтве.

Сьведка Марчанка сказаў, што сьледчы загадаў яму зьмяніць час у паказаньнях пра тое, калі Пцічкіна забралі з камэры. Паводле паказаньняў, загаданых сьледчым, Пцічкіна забралі з камэры пасьля 13.30 гадзінаў 3 жніўня, а насамрэч на гадзіну раней — пасьля 12.30 . Паводле сьведкі, гэтую падмену сьледчы тлумачыў тым, што ягоныя паказаньні мусілі супадаць з паказаньнямі іншых сьведак-сукамэрнікаў. У сувязі з супярэчнасьцямі ў паказаньнях Сяргея Марчанкі з паказаньнямі Кулаковіча і Барткевіча іх вырашана дапытаць зноў. Кулаковіча вярнулі ў клетку. Распытваюць пра канфлікт паміж Пцічкіным і Логінавым, але Кулаковіч кажа, што такога ня памятае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG