Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе высьвятляюць, як у СІЗА памёр вязень Пцічкін


Фэльчар "Валадаркі" Аляксандар Крылоў
Фэльчар "Валадаркі" Аляксандар Крылоў

У Маскоўскім судзе Менску працягваецца працэс па справе сьмерці на «Валадарцы» ў 2013 годзе менчука Ігара Пцічкіна.

У неаказаньні Пцічкіну мэдычнай дапамогі, што спрычынілася да ягонай сьмерці, абвінавачваецца фэльчар СІЗА № 1 Аляксандар Крылоў, які не прызнае сябе вінаватым.

Вязьня Пцічкіна ў СІЗА трымалі зьвязаным больш за 10 гадзінаў

16 верасьня Аляксандар Крылоў пачаў даваць паказаньні. Фэльчар не прызнае сябе вінаватым і тлумачыць, што на ягоны загад Пцічкін быў зьвязаны, бо паводзіў сябе неадэкватна. Нібыта Крылоў спачатку плянаваў разьвязаць Ігара Пцічкіна празь 2 гадзіны, але ў выніку вязьня пратрымалі гэтак больш за 10 гадзінаў.

Таксама Крылоў сьцьвярджаў на судзе, што ўвёў Ігару Пцічкіну моцны супакаяльны прэпарат галапэрадон, але ня змог патлумачыць, чаму, паводле экспэртызы, гэты прэпарат ня быў знойдзены ў крыві памерлага Ігара Пцічкіна. Сёньня пракурор Вадзім Кісель працягне допыт абвінавачанага Аляксандра Крылова. Чакаецца, што пасьля пракурора пытаньні Крылову зададуць маці Пцічкіна Жана, яго сястра Ірына і адвакат Аляксандар Галіеў.

Фэльчар расказаў, як у СІЗА памёр Пцічкін

Пракурор прапанаваў Крылову вярнуцца да падзеяў раніцы 4 жніўня:

«У 6.30 вы, як кажаце, увялі праз укол Пцічкіну галаперадол. Што было далей?»

Крылоў сказаў, што праз 30 хвілінаў пасьля ўколу прыйшоў да Пцічкіна ў камэру і пераканаўся, што прэпарат пачаў дзейнічаць: Пцічкін, паводле яго слоў, супакоіўся, перастаў казаць трызьненьні.

«Такім чынам, у мяне зьявіўся час, каб выклікаць адмысловага лекара-псыхіятра. Паводле Крылова, сьлядоў галаперадолу ў крыві Пцічкіна не знайшлі таму, што ў яго добра працаваў арганізм, і прэпарат быў цалкам перапрацаваны.

Але і да 9 гадзінаў раніцы Крылоў гэтак і ня выклікаў лекара-псыхіятра. Чаму? — «Бо сымптомы псыхічнага захворваньня зьніклі».

— «А чаму ня выклікалі лекара-тэрапэўта?»

— «Бо не было неабходнасьці, паводле інструкцыі мусім выклікаць тэрапэўта толькі ў выключных выпадках», — адказаў Крылоў.

Абвінавачаны згадаў, як падчас праверкі камэраў ён праходзіў міма 27 камэры, якая была адчыненая: Пцічкін ляжаў спакойна, з расплюшчанымі вачыма, паглядзеў на мяне. Гэта было а 8-ай гадзіне раніцы. А ў 8.20 яму сказала дзяжурная, што, паводле сукамэрнікаў Пцічкіна, у яго «пачаў цямнець твар». Вось тады Крылоў упершыню пазваніў тэрапэўту, бо «гэта дрэнная прыкмета».

«Толькі я паклаў слухаўку, як да мяне падбегла дзяжурная і сказала, што Пцічкін нібыта ня дыхае».

Паводле Крылова, тады ён кінуўся да камэры, загадаў адчыніць дзьверы, пачаў званіць, каб прыехала група мэдыкаў. Пульсу ў Пцічкіна не было, дыханьня таксама не было, рэакцыі вачэй на дотык не было. Крылоў пачаў рабіць Пцічкіну масаж сэрца, пры гэтым прызнаў, што рамяні, якімі быў зьвязаны вязень, не былі зьнятыя. Рабіць масаж было нязручна, бо Пцічкін ляжаў на ніжнім ярусе двух’яруснага ложку, і тады Крылоў загадаў санітару прынесьці нож, каб разрэзаць рамяні. На гэта пайшло яшчэ некалькі хвілінаў.

Што было далей, падрабязна Крылоў згадаць ня можа:

«Бегаў кантралёр, бегаў... (называе прозьвішча)... Я не сыходзіў з працы, мне не было зразумела, чаму ён памёр. Нічога ж не ўказвала на такую верагоднасьць».

Прыкладна а 11-ай гадзіне Крылоў напісаў тлумачэньне кіраўніцтву СІЗА пра тое, што адбылося. Пракурор спытаў, чаму Крылоў нідзе не пазначыў, што даваў прэпарат Пцічкіну? Крылоў адказаў, што гэтага ня трэба было рабіць, бо гэта не прэпарат строгай справаздачнасьці.

Чаму рэчы Пцічкіна былі ў мачы?

Паводле экспэртызы, на якую спасылаецца пракурор, мача была на штанах, майцы, шкарпэтках, але не на трусах Пцічкіна. Як гэта патлумачыць? — Крылоў дапусьціў, што было адвольнае мочаспусканьне, але сам зьдзівіўся, што мачы не было на трусах.

«Гэта магло быць у стане, калі чалавек ня можа кантраляваць свае фізыялягічныя патрэбы». Пры гэтым Крылоў прызнаў, што кантралёры яму не паведамлялі пра тое, што Пцічкін у камэры ў прывязаным стане абмачыўся.

Допыт Крылова пачаў адвакат Галіеў

Адвакат: Хто вам дапамагаў 3-4 жніўня ў абыходжаньні з Пцічкіным?

— Саракавік, Трацэўскі, магчыма, яшчэ нехта быў.

— Хто яшчэ ўтрымліваўся ў камэры 27 мэдычнай часткі, дзе трымалі зьвязанага Пцічкіна? І якія ў іх былі дыягназы?

— Мурашка і яшчэ адзін вязень, Крэмень. Ён быў таксама спайсавым наркаманам, за ім быў нагляд. А Мурашка — ў яго была траўма хрыбетніка і хранічны алькагалізм.

— Хто яшчэ заходзіў у камэру?

— Дзяжурны зьмены Грабавец, астатніх пэўна ня ведаю. Хто яшчэ мог зайсьці туды, ня ведаю. Раз на 10-15 хвілінаў дзяжурныя падыходзяць да камэры і назіраюць.

Крылоў распавёў, што прапаноўваў Пцічкіну яшчэ 3 жніўня ўкол галаперадолу, але той адмовіўся. Ампулу ад гэтага прэпарату, які ён набраў у шпрыц, Крылоў выкінуў.

Адвакат: Пцічкіна трымалі зьвязаным каля 21 гадзіны. Вы ў яго пыталіся цягам гэтага часу, як ён да гэтага ставіцца, ці ня хоча, каб яго адвязалі?

— Ён нічога не адказваў, не ішоў на кантакт, адварочваўся. Але спачатку ён сам лёг. Сказалі легчы на сьпіну, і ён лёг.

Хто дакладна сказаў Пцічкіну легчы, Крылоў ня памятае: «Фіксацыя была яму прапанаваная, каб засьцерагчы яго ад шкоды яму ад іншых асобаў і ад яго самога», — патлумачыў Крылоў.

Адвакат: Але калі ён быў спакойны, пагаджаўся на ўсё — навошта вы яго прывязвалі?

— Бо ён мог ускочыць і пабегчы зноў.

Крылоў паведаміў, што раніцай 4 жніўня не пытаўся ў Пцічкіна дазволу на ўкол галаперадолу, як было 3 жніўня, а зрабіў укол без дазволу.

«Бо тады Пцічкін не ішоў на кантакт, казаў трызьненьні, размаўляў са сьцяной і нібыта езьдзіў на матацыкле».

Адвакат: Калі 3 жніўня вы зьмясьцілі Пцічкіна ў камэру 27, вы цікавіліся, калі ён апошні раз еў?

— Не. Бо ў яго не было скаргаў.

— Калі апошні раз піў?

— Не.

— Калі апошні раз спаў?

— Так, ён сказаў, што дрэнна сьпіць, скардзіўся на сон, але не сказаў, як доўга гэта адбываецца.

Адвакат: А што вам вядома: ён з 3 жніўня нешта еў, піў?

— Ня ведаю.

Крылоў адмаўляе, што Пцічкіна катавалі

Крылоў таксама сказаў, што калі 3 жніўня зьмяшчаў Пцічкіна ў камэру 27, на ягоным целе бачных траўмаў не было. Ужываць фіксацыю вязьня Крылова навучаў «лекар мэдычнай часткі ці лекар-псыхіятар». Фіксацыя — не працэдура і не выхаваўчая мера, а «мэдычная маніпуляцыя». Крылоў гэтаксама рабіў фіксацыю і іншым вязьням, як Пцічкіну.

Абвінавачаны пагадзіўся, што на запясьцях і пад пахамі Пцічкін атрымаў траўмы ад наступстваў фіксацыі, бо «ў гэтых месцах праходзілі рамяні, а Пцічкін нацягваў рамяні, спрабаваў уздымацца».

Чаму Крылоў не скарыстаўся тэлефонам у дзяжурнай частцы, калі ўзьніклі праблемы са здароўем Пцічкіна? ( На адсутнасьць тэлефону 16 верасьня спасылаўся Крылоў падчас допыту пракурорам). Цяпер Крылоў кажа, што стан Пцічкіна ня быў небясьпечны.

Як кроў Пцічкіна магла патрапіць на яго трусы?

— Ня ведаю, магчыма, калі рабіў укол.

— А на абутак?

— Ня ведаю.

Крылоў казаў, што яму вядомыя міжнародныя дакумэнты аб адказнасьці за бесчалавечнае і зьняважлівае абыходжаньне са зьняволенымі.

Адвакат: Утрыманьне Пцічкіна цягам 21 гадзіны бязь ежы, вады, без магчымасьці выконваць натуральныя патрэбы, нарэшце безь ягонай згоды — гэта не зьняважлівае абыходжаньне?

— Пцічкін даў згоду на фіксацыю. Закон ня быў парушаны,— сказаў падсудны.

Адвакат: Хто выклікаў у камэру 27 спэцгрупу аховы?

Крылоў прызнаў, што ён.

— А што адбылося з тымі рамянямі, якімі фіксавалі Пцічкіна?

— Спачатку яны былі ў камэры, потым былі ў сэйфе, а потым ах забралі.

— Хто?

— Верагодна, Сьледчы камітэт.

Маці Пцічкіна задае пытаньні падсуднаму

Пытаньні Крылову пачала задаваць маці Пцічкіна Жана.

— Вы сказалі, што спачатку сказалі схаваць рамяні ў сэйф. А навошта? Вы ж кажаце, што сын сам памёр, вы яго не забівалі. Дык навошта — у сэйф?

Крылоў адказаў, што сам распарадзіўся схаваць рамяні. Але потым яны чамусьці зьніклі.

Жана Пцічкіна: Чаму вы не дазволілі майму сыну нават піць? Было 30 градусаў сьпякоты, а яму нават піць не давалі? Чаму?

Крылоў: У такім стане мы не рэкамэндуем прывязанаму чалавеку піць.

Маці пытаецца пра ранейшыя паказаньні Крылова, што Пцічкін «пабег па калідоры», але сам сказаў, што было «ўсяго 4 мэтры».

— Гэта магчыма?

— Ён ня толькі бег, а яшчэ і скакаў,— аказаў Крылоў.

— Навошта вы яго прывязвалі, калі самі кажаце, што быў спакойны?

— Спачатку быў спакойны, потым — не. У нас проста так не прывязваюць.

Жонка Пцічкіна спрабуе высьветліць, як дакладна называюцца рамяні, якімі фіксавалі Ігара Пцічкіна, што гэта — вяроўкі, рамяні ці стужкі?

Крылоў сказаў, што насамрэч гэта баваўняныя стужкі, але іх завуць па-рознаму. ПАВОДЛЕ КРЫЛОВА, НАЙБОЛЬШ ЧАЛАВЕКА НА ВАЛАДАРЦЫ ТРЫМАЛІ ПРЫВЯЗАНЫМ ДА ЛОЖКА 2 ДНІ. Тады усё было добра, сказаў Крылоў.

Падкладваць «вутку» пад Пцічкіна цягам тых 21 гадзінаў, што ён быў прывязаны, у Крылова, паводле яго слоў, «не было магчымасьці».

У Крылова спыталіся, ці ведае ён, каб ў выніку фіксацыі рамянямі ў чалавека ламаліся запясьці рук? Ён адказаў, што ў ягонай практыцы такога не было і ён такога ня ведае.

«Вас ўжо параўналі з Ота Скарцэні»

Пытаньні пачаў задаваць Міхайлаў, адвакат Крылова. Спачатку спытаўся пра прычыну сьмерці Пцічкіна. Крылоў адказаў: «Вострая сардэчная недастатковасьць, і я меркаваў таксама, што ў яго расстройства адаптацыі і „сындром адмены“ (гэтак званая ломка). Псыхіятры мусяць мець мінімум дзень, каб паставіць дакладны дыягназ». Крылоў нагадаў, што Пцічкін яму паведаміў толькі пра ўжываньне «траўкі», а калі б сказаў, што ужывае спайсы і псыхатропы і што ў яго ломка, дык ён бы выклікаў да яго адразу адмысловага лекара.

Адвакат працягваў: «У мэдыях прайшлі зьвесткі, што вы нібыта як Ота Скарцэні — катуеце сваіх хворых, не даяце ім есьці-піць. Скажыце як лекар: калі робяць апэрацыю хвораму, ці бывае яна без фіксацыі?» Крылоў: «Апэрацыі бяз гэтага не бываюць». Адвакат: «Зь якой мэтай вы ўжывалі мяккую фіксацыю?» Крылоў: «Толькі ў мэдычных мэтах. Гэта мэдычная маніпуляцыя». Адвакат: «Калі хворыя ў стане фіксацыі, ім лекары даюць ежу і пітво?» Крылоў: «Не. Гэта можа выклікаць трапляньне ежы ў стрававод, хворы можа задыхнуцца і памерці». Адвакат: «А мог бы памерці за 18-21 гадзін мяккай фіксацыі чалавек, які ні на што не хварэе?» Крылоў: «Не, ніякім чынам».

Судзьдзя спыталася , ці падаюць хвораму ў рэанімацыі ежу і пітво? Крылоў адказаў, што адназначна ня ежу, але піць даюць.

Адвакат Крылова: «3 і 4 жніўня вы Канстытуцыю выконвалі?» Крылоў адказаў: «Так».

Паводле Крылова, устанавіць дыягназ і аказаць клінічную дапамогу Пцічкіну мусілі лекары, а ня ён, фэльчар. «Гэтага я ня мог і не абавязаны быў рабіць».

Адвакат Міхайлаў спытаўся, калі Пцічкіну быў пастаўлены канчатковы дыягназ? Крылоў: «Праз 2 гады. А ад мяне патрабуюць выставіць дыягназ цягам 18 гадзінаў. Гэта немагчыма. Пратакол аб аказаньні дапамогі хворым з псыхічнымі расстройствамі — гэта рэкамэндацыя для лекараў псыхіятраў, мы ім не карыстаемся, мы карыстаемся пратаколам дапамогі даросламу насельніцтву», — патлумачыў суду Крылоў.

Прывязваньне да ложка называецца ў дакумэнтах «захадам фізычнага стрыманьня».

«Тазікам па галаве»

А што магло здарыцца з Пцічкіным у камэры № 27, калі б ён ня быў прывязаны і працягваў бы сябе «рэактыўна паводзіць»? — спытаўся адвакат Міхайлаў у Крылова. Паводле Крылова, Пцічкіну ў камэры маглі пагражаць сукамэрнікі. «Мяркую, Крэмень мог узяць тазік і добра ўдарыць Пцічкіна па галаве»...

Тут уголас абурыліся Жана Пцічкіна, адвакат Галіеў і пракурор Кісель. Судзьдзя прапанавала сьцішыцца і працягваць допыт.

Крылоў ня згодны з экспэртамі, якія ўстанавілі, што ў Пцічкіна ў выніку фіксацыі зьявілася «значнае зьнясіленьне арганізму і значнае парушэньне водна-салявога балянсу».

Паводле Крылова, за час фіксацыі — да 21 гадзіны — гэтага не магло адбыцца. Крылоў засумняваўся ў высновах экспэртаў таму, што «яго цягам доўгага пэрыяду ня ўзважвалі і не праводзілі хімічнага аналізу».

З прычынай сьмерці Пцічкіна «ад вострай сардэчнай недастатковасьці» Крылоў таксама ня згодны — «гэтак хутка і незаўважна такое не адбываецца». У тым ліку з-за гэтага Крылоў не прызнае сябе вінаватым. Таксама ён ня згодны, што не надаваў дапамогі хвораму Пцічкіну, не паставіў яму дакладны дыягназ.

У судзе перапынак да 14.15.

Допыт аднавіўся

Пасьля абеду паседжаньне аднавілася. Працягваецца допыт абвінавачанага фэльчара «Валадаркі» Аляксандра Крылова.

Зноў пытаньне задае пракурор Вадзім Кісель. Ён спытаў, чаму ў дакумэнтах Крылоў не пазначыў увядзеньне прэпарату? Крылоў адказаў, што не палічыў патрэбным. Таксама пракурор прасіў назваць, дзе ў мэдычных інструкцыях, якімі ён мусіць кіравацца, пазначаная такая мера як фізычнае стрыманьне рамянямі. Крылоў сказаў, што гэта прадугледжана ў пэўных выпадках з псыхічна хворымі, але дакладную норму не назваў. «Ёсьць станы, пры якіх паказаныя захады фізычнага стрыманьня», — сказаў Крылоў.

Крылоў сказаў суду, што да сьмерці Пцічкіна ён не распытваў ягоных сукамэрнікаў пра ягоны стан, а вось кантралёраў распытваў, і тыя казалі, што ён паводзіў сябе неспакойна.

Маці Ігара Пцічкіна: Аддала на «Валадарку» маладога, забірала з моргу старога

Жанна Пцічкіна, маці памерлага вязьня СІЗА № 1 Ігара Пцічкіна, дала паказаньні ў судзе на працэсе над фэльчарам Аляксандрам Крыловым, які абвінавачваецца ў неаказаньні дапамогі, што прывяло да сьмерці вязьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG