Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая каўбаса


Баба, складзеная з каўбасы, у буфэце на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка, – нібы паганскі стод, які прысутнічаў у думках беларуса ўвесь апошні час.

Гэта мастацка-кулінарны выраз патаемных мараў, якія аднак пабляклі. Сэляві.

Такую бабу на выбарах Пазьняку ці Шушкевічу – цаны б ёй не было. Ды каб на кожным участку, ды каб усім ахвотным хапіла! У 1994-м. Бо, як вядома, на першых прэзыдэнцкіх выбарах выбіралі паміж незалежнасьцю і абацянкамі дзяшовай каўбасы, поўных вітрынаў. І хоць на каляровым плякаце Пазьняка таксама прысутнічалі каўбасныя нізкі, Лукашэнка аказаўся больш пераканаўчым, бліжэйшым да народу, якому хацелася, што не сакрэт, есьці. А зусім не незалежнасьці.

І Лукашэнка заваліў каўбасою. Народ здаволіўся, народу больш каўбасы ня хочацца. Вось калі б самы час галасаваць за прэзыдэнта-незалежніка! За каўбасу народ спакойны, можа нарэшце памарыў бы й аб прыўкрасным, адарваўся б ад заземленых сваіх думак. Але ўсё: цягнік ту-ту, сышоў назаўсёды, пераадолеўшы тэрмін Брэжнева (18 гадоў), начальства мае наперадзе тэрмін Сталіна Ёсіфа Вісарыёнавіча (30 гадоў з гакам). Каб потым наогул пайсьці на рэкорд.

Цікава, што не адразу ўсьвядомілі мы, што чэргі па каўбасу зьніклі. Пакрысе, нібы ручай перасох. Ёсьць у нас у цэнтры каўбасна-мясная крама, «фірмовая» ад аднаго камбінату. Два прылаўкі з каўбасамі-шынкамі, адзін мясны: не дастаяцца было. Натоўп пастаянны! Цяпер пуста. А другі каўбасны прылавак нават зьліквідавалі. І так паўсюль. Зрэшты, гэта працэс двухбаковы. Скараціліся апэтыты, горшай стала якасьць, бо не разьбіраюць, псуецца ў вітрынах. Зайшоў нейк у «фірмовую», думаю – можа колца якой кракаўскай узяць. Але ўсе колцы – толькі другога гатунку. Пытаюся: а што, першага ўжо не бывае? Рэдка.

А наш выкладчык савецкай эканомікі на журфаку некалі вучыў: вышэйшага гатунку каўбаса можа ісьці за мяжу, першы прызначаны для ўнутрысаюзнага спажываньня. А другі? А другі, вучыў ён, падлягае зьняцьцю з вытворчасьці. Чалавек гэтаму вучыў чорт знае калі. Мінула ўсяго 35 гадоў, другі гатунак запоўніў вітрыны. Прычым нават фірмовых гастраномаў.

Так што чаго дзівіцца, што выбарчая каўбаса больш не выклікае радасьці, захапленьня, прагі галасаваць за каго заўгодна на выбарах у палату. Людзей у буфэце — нікога. Выбарчая каўбаса больш не кусаецца з колішнім імпэтам, больш ня лезе ў горла. Такія ў мяне зрабіліся каўбасныя высновы з апошніх выбараў.

У палякаў ёсьць тэлесэрыял «Жыцьцё паводле Кепскіх». Кепскія — паспалітая сям’я вечнага беспрацоўнага вусача Фэрдка, які праводзіць жыцьцё перад яшчыкам з бляшанкай піва ў руцэ. На Фэрдка гне сьпіну жонка, працавітая мэдсястра Галінка. Выдатная сэрыя была прысьвечаная, між іншым, польскім выбарам.

Старшыня жыльлёвага каапэратыву Казлоўскі шукае падтрымкі жыхароў. Зазірае да Фэрдка, які заўсёды ў хаце, з бутэлькай «выборовэй». Кепскі прыдумвае сходу выбарчы лёзунг: «Галасуй за старшыню Казлоўскага! Будзе добра і вясёла!» Казлоўскаму падабаецца, але робіць заўвагу: трэба дадаць «выбарчай каўбасы», каб яшчэ больш пераканаўча гучала. Кепскі пачынае ламаць галаву і штосьці прыдумвае.

На саміх выбарах па-карнавальнаму, «як ва ўсіх людзей». Сам Казлоўскі танчыць з дзяўчатамі ды выконвае куплеты:

Нарадзіўся я ў Ськернявіцах,

тэхнікум закончыў сельскагаспадарчы,

аднак не хацеў працаваць у гаспадарцы,

палітыкам заманулася стаць неадкладна!

(Пераклад мой. — СА)

Што да нашых выбараў, пра іх можна было б цэлы сэрыял зрабіць, і я нават гатовы прыкласьці руку да сцэнара. І пра выбарчую каўбасу напісаць трэба будзе, само сабой. І пра склад, з чаго яна, і пра смакавыя якасьці. І пра каўбасную бабу, пра яе — абавязкова! Гэта наш беларускі стод.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG