Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы разам кажам путчыстам: Не!»


Пра падзеі жніўня 1991-га — фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выходзіць другім выданьнем у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе».

20 жніўня дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі зварот да народных дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларускай ССР, у якім пазначылі, што «дзеяньні путчыстаў у СССР зьяўляюцца крымінальным злачынствам, а створаны імі самазваны „Камітэт па надзвычайным становішчы“ — антызаконным. Таму ніякія патрабаваньні і распараджэньні змоўшчыкаў з „камітэту“ на тэрыторыі Беларусі не павінны брацца пад увагу і тым больш выконвацца. Выкананьне гэтых распараджэньняў можа расцэньвацца як спрыяньне дзяржаўным злачынцам. Заклікаем дэпутатаў усіх узроўняў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларускай ССР разам з усімі людзьмі добрай волі адстаяць сувэрэнітэт Рэспублікі, правы чалавека, законы і дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі». Падпісалі — З. Пазьняк, В. Голубеў, У. Заблоцкі, С. Навумчык, У. Станкевіч, А. Трусаў, Б. Гюнтэр, Л. Дзейка, Л. Баршчэўскі, Я. Цумараў, В. Зяленін, С. Папкоў.

Нас вельмі рашуча падтрымалі дэмакратычныя дэпутаты Менскага гарсавету, якія выступілі са зваротам да жыхароў сталіцы «захоўваць вернасьць законна абраным органам улады і дамагацца ўсімі канстытуцыйнымі мэтадамі спыненьня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы». Зварот падпісалі дэпутаты Менгарсавету Міхась Бусьнюк, Галіна Вашчанка, Андрэй Завадзкі, Рыгор Куневіч, Міхась Расолька, Міраслаў Кобаса, Міхась Пліска, Валер Несьцер, Алесь Бяляцкі — усяго 29 дэпутатаў; свой подпіс паставіў і народны дэпутат СССР Аляксандар Дабравольскі.

У Пінску гарсавет быў падзелены на дзьве дэпутацкія групы. Тая, куды ўваходзіла пераважная большасьць кіраўнікоў прадпрыемстваў, мела назоў «За грамадзянскую згоду» (камуністы любілі слова «згода»), і ў дадзеным выпадку пазыцыя гэтай групы цалкам адпавядала назову: згода з путчыстамі. Але была і група, якая складалася з актывістаў БНФ і прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў. Менавіта яны 19 жніўня сабралі патрэбную колькасьць подпісаў і прымусілі старшыню гарсавету склікаць сэсію, якая сабралася 20 жніўня. Адбылося гэта шмат у чым дзякуючы дырэктару Пінскай дзіцячай школы выяўленчага мастацтва, «фронтаўцу» Яўгену Шатохіну. На сэсіі першы сакратар райкаму партыі заклікаў «не сьпяшацца з высновамі», але для дэмакратаў высновы былі зразумелыя. Яны пераконвалі асудзіць путчыстаў, і ў выніку ім удалося сабраць належную для прыняцьця адпаведнай заявы колькасьць прыхільнікаў. «Разам з вамі я падпісаў сабе прысуд», — сказаў тады старшыня гарсавету.

Па факсе зь Віцебску я атрымаў зварот, падпісаны дырэктарам заводу заточных станкоў Я. Кісялёвым і старшынём прафкаму Я. Белагузавым, дзе ГКЧП называлася «злачыннай хунтай», а дэпутатаў заклікалі «даказаць сваю адданасьць народным інтарэсам».

Гэты настрой супраціву выявіўся ўвечары 20 жніўня на плошчы перад Домам ураду, дзе адбыўся мітынг і дзе, акрамя іншага, было абвешчана пра стварэньне БЗВ — Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

Захаваліся ўнікальныя кінакадры — у тыя дні Алесь Лукашук і Юры Гарулёў здымалі фільм пра дэпутатаў Вярхоўнага Савету, і апэратар быў у памяшканьні апазыцыі. Ён і зазьняў, як дэпутаты БНФ выйшлі на плошчу (на відэа зафіксаваныя таксама моманты працы над дакумэнтамі да сэсіі Вярхоўнага Савету, якая абвясьціла незалежнасьць — гэта адзіныя і ўнікальныя здымкі, больш у памяшканьні Апазыцыі БНФ у тыя жнівеньскія дні ніхто, здаецца, не здымаў).

У мяне захаваліся фрагмэнты стэнаграмы мітынгу 20 ліпеня на плошчы Леніна.

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Пётра Садоўскі: «У КГБ баяліся, што зьявіліся ўлёткі і людзі прыйдуць на плошчу на сустрэчу са сваімі дэпутатамі і выкажуцца, што яны думаюць супраць гэтых путчыстаў. А мы разам гаворым путчыстам: „Не!“ (галасы на плошчы „Не! Не!“)... Я хачу сказаць, што дэпутацкая Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце выступіла з ініцыятывай аб скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі, дзе мы маглі б даць ацэнку і тым падзеям, якія адбыліся ў імпэрскім цэнтры ў спробе захопу ўлады, каб мы маглі даць ацэнку тым нашым кіраўнікам Беларусі, якія яшчэ ў нядзелю лісьліва даказвалі нам, што трэба ехаць у Маскву падпісваць з Гарбачовым саюзны дагавор, і празь некалькі гадзін яны ўжо адмовіліся і пачалі служыць новым панам (сьвіст з натоўпу, воклічы „Далоў! Далоў!“). Людзі! Зараз галоўнае — арганізаваць еднасьць, згуртаваньне, змаганьне за канстытуцыйныя правы, за захаваньне ўсіх законаў, паводле якіх мы жывём, і галоўнае — пабудову нашай незалежнай Беларускай дзяржавы».

Алег Трусаў: «Я хачу вам у двух словах сказаць, што ня толькі зараз мянчане абмяркоўваюць гэтую сытуацыю, якая здарылася ў краіне, але і дэмакратычныя дэпутаты розных узроўняў у Маладэчне, Пінску, Наваполацку, Магілёве, Гомелі і ў шмат якіх іншых гарадах (Воплескі). Сярод нас прысутнічаюць таксама прадстаўнікі Смалявіч, Бабруйску ды іншых гарадоў, якія прыехалі спэцыяльна на нашу плошчу (Воплескі).Таксама зараз гэтае пытаньне абмяркоўваюць шахцёры Салігорску. Такім чынам, мы бачым, што ўсё дэмакратычнае насельніцтва Беларусі разумее, чым можа скончыцца путч. Гэта паварот да 37-га году, гэта зноў ГУЛаг. Гэта зноў зганьбаваньне ўсіх нацыянальных сьвятыняў, зноў зганьбаваньне нашай занядбанай спадчыны. І таму мне здаецца, што ў наш такі складаны час трэба не забываць, што мы беларусы, што зараз, калі пачынаецца новы навучальны год, трэба аддаваць сваіх дзяцей менавіта ў беларускамоўныя клясы, трэба разьвіваць беларускамоўную культуру. Бо толькі нацыя, якая валодае мовай, гісторыяй і культурай, можа быць незалежнай нацыяй. Жыве Беларусь!» (Воклічы «Жыве!», воплескі).

Вядоўца: Шаноўныя сябры! Слова для інфармацыі мае падпалкоўнік Статкевіч.

Мікола Статкевіч: «Заява Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. 20 жніўня ў горадзе Менску групай афіцэраў створанае Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. Мы... (Воплескі, воклічы «Ура!»). Мы, афіцэры, якія ўвайшлі ў Згуртаваньне, зьвяртаемся да беларускага народу, да Вярхоўнага Савету рэспублікі, і заяўляем наступнае. Спроба дзяржаўнага перавароту, пачатая ў ноч на 19 жніўня ў Маскве, паказала, што асобай гарантыяй незваротнасьці дэмакратычных зьмен і сувэрэнітэту рэспублікі могуць стаць толькі дэпартызаваныя нацыянальныя вайсковыя злучэньні. У сувязі з гэтым мы выступаем супраць антыканстытуцыйнага перавароту і будзем канстытуцыйным крокам змагацца за стварэньне беларускага войска (Воклічы «Ура!», воплескі). Цяпер яшчэ адзін дакумэнт, мы зьвярнуліся да вайскоўцаў Беларускай вайсковай акругі. (Далей гаворыць па-расейску). «Памятайце, вы давалі прысягу на службу Радзіме, на абарону яе свабодаў, вы не давалі прысягу абараняць намэнклятуру КПСС ад гневу народа (Воплескі). Вы ня маеце юрыдычнага права выконваць загады, якія зыходзяць ад неканстытуцыйнага органу. Мы заклікаем войска не прымаць удзел у перавароце. Сёньня вы маўчыце, заўтра вам аддадуць загад страляць у свой народ, у вашых бацькоў, маці, братоў, сёстраў. Выбар трэба зрабіць сёньня. Заўтра можа быць позна. Заўтра можа пачацца грамадзянская вайна. Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў».

Сяргей Навумчык: «Я прыгадваю, як некалькі месяцаў таму, у лютым, давялося сядзець на сустрэчы з Гарбачовым у Акадэміі навук, як Міхаіл Сяргеевіч лаяў і абражаў дэмакратаў, а за два мэтры за ім сядзелі задаволеныя, усьміхаючыся, малафеевы, камаі, кастэнкі, дземянцеі. І вось сёньня, калі ён аказаўся блякаваны путчыстамі, ніхто з гэтых людзей ня стаў у яго абарону, а «так званыя дэмакраты» — сталі. Тая пазыцыя, якую займаў Гарбачоў, лягічна прывяла да гэтых падзей. І гэта паказвае ўсю беспэрспэктыўнасьць так званага цэнтрызму, і так званай памяркоўнасьці, якую, на жаль, вызнаюць многія ў нашым Вярхоўным Савеце... Сёньня раніцай... была забароненая газэта «Знамя юности». Яна ня выйшла толькі таму, што асьмелілася ў вельмі сьціплых выразах сказаць пра ўчорашні дзяржаўны пераварот. І ня выйшла таму, што паступіў адпаведны загад, ну, вядома, адтуль, зь вядомага нам будынку на Кастрычніцкай плошчы, з будынку Цэнтральнага камітэту кампартыі бальшавікоў (галасы «Далоў!», сьвіст)... Я заклікаю блякаваць, не выпісваць ні «Правду», ні «Советскую Россию», ні "Советскую Белоруссию«ні «Звязду», калі яны будуць несьці тую лухту, якую нясуць зараз. Ніводнай працоўнай капейкі дзеля бальшавіцкай лухты! Жыве Беларусь" (Воклічы «Жыве!»«, воплескі).

Супраціў у Менску і вырашальная ноч у Маскве

Усяго празь некалькі гадоў пасьля путчу будзе стварацца міт, што ў Беларусі людзі моўчкі пагадзіліся з маскоўскім пераваротам, што не было ніякага супраціву, ніякіх масавых акцыяў. Пры Лукашэнку падзеі жніўня 1991-га пачнуць замоўчвацца, найперш з імкненьня паказаць беларусаў абыякавымі, няздольнымі на рашучыя дзеяньні. Мяркую, не апошнюю ролю адыграе і палітыка скажэньня інфармацыі пра Беларускі Народны Фронт і яго лідэраў.

З папярэдніх старонак гэтай кнігі чытач мог пераканацца, што нязгода з утварэньнем і праграмай ГКЧП (прычым — рашучая нязгода, з кваліфікацыяй дзеяньняў змоўшчыкаў як дзяржаўнага злачынства) была выказаная намі, дэпутатамі Апазыцыі БНФ, ужо ў першыя гадзіны пасьля абвяшчэньня пра ГКЧП. І адразу быў арганізаваны супраціў, які выявіўся на самых розных узроўнях. Гэта і наш ціск на кіраўніцтва Беларусі (жорсткая гутарка зь Дземянцеем, удзел у пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету з патрабаваньнем асудзіць путчыстаў, зварот Пазьняка да сілавых міністраў і генпракурора з патрабаваньнем не выконваць загады змоўшчыкаў), і арганізацыя супраціву як менскімі, гэтак і рэгіянальнымі структурамі БНФ (мітынгі, улёткі і гэтак далей).

Я параўнаў ступень арганізаванага Фронтам супраціву ў Беларусі з тым, што адбывалася ў тыя дні ў іншых рэспубліках былога СССР. Калі не лічыць рэспублікі Прыбалтыкі і Грузію, дзе супраць перавароту адразу і рашуча выступіла найвышэйшае кіраўніцтва (але там лідэры народных рухаў былі ва ўладзе), дык хіба толькі дзеяньні нацыянальна-дэмакратычных сілаў ва Ўкраіне можна параўнаць з тым, што было ў нас. У большасьці рэспублік сапраўды было ціха.

Безумоўна, лёс ГКЧП вырашаўся ў Маскве. Так, у Менску на вуліцы выйшла колькасна меней людзей, чым у Маскве, у першы дзень перад Домам ураду сабралася, як я ўжо казаў, некалькі сотняў (можа быць, дзьвесьце) чалавек.

Але вось сьведчаньне Барыса Мінаева, аўтара палітычнай біяграфіі Ельцына, пра першую ноч путчу ў Маскве: «Да ночы (першай ночы) колькасьць тых, хто сабраўся каля Белага дому, крыху паменшала, паводле майго сябра, які знаходзіўся ў гэты час у Белым доме і званіў мне па тэлефоне: „Тут усяго некалькі сотняў чалавек, ну максымум тысяча“ — так бачылася яму сытуацыя з акна будынку» (Борис Минаев, «Ельцин», Москва, 2010).

Калі параўнаць колькасьць жыхароў у той час у Маскве і Менску (9 мільёнаў і 1,5 мільёна адпаведна, пры гэтым ня будзем улічваць падмаскоўныя «гарады-спадарожнікі»), дык у прапорцыі атрымліваецца аднолькава. Калі ж улічваць і прадмесьці (да цэнтру Масквы ў той час на электрычцы можна было дабрацца за гадзіну, на аўтамабілі — за паўгадзіны), дык Менск у гэтым сэнсе выглядае лепей.

Але, вядома ж, тыя, хто тады сабраўся вакол Белага дому, у якім знаходзіўся Ельцын, адыгралі выключную ролю. Менавіта дзякуючы ім змоўшчыкам не ўдалося ажыцьцявіць свае пляны. І тут будзе дарэчы працытаваць урыўкі з кнігі тагачаснага генэральнага пракурора Расеі Валянціна Сьцепанкова і журналіста Яўгена Лісава «Кремлёвский заговор. Версия следствия» (Москва, 1992), дзе адноўленая храналёгія падзеяў ночы з 20 на 21 жніўня.

20 жніўня група КГБ «А» (больш вядомая як «Альфа») атрымала ад путчыстаў заданьне нэўтралізаваць Ельцына:

«Паводле ўдакладненага пляну дзеяньняў група „Б“ (асобны навучальны цэнтар КГБ) павінна была „апрацаваць“ 1-ы і 2-і паверхі сакрэтнай зброяй велізарнай разбуральнай сілы, — сьведчыць начальнік аддзяленьня групы „А“ Леанід Гумянны. — Пасьля такой „апрацоўкі“ абодва паверхі перасталі б існаваць. А задача арыштаваць Ельцына, якую паставіў Карпухін (камандзір „Альфы“ — С.Н.), была нерэальнай з той прычыны, што пасьля „зачысткі“, зробленай намі, усё, у тым ліку і прэзыдэнт Расеі, былі б зьнішчаныя...»

Аднак да Белага дому «Альфе» трэба было яшчэ дабрацца. А зрабіць гэта аказалася вельмі праблематычна, бо —

«Удзень, распрацоўваючы апэрацыю, ніхто ня думаў, што на абарону Белага дому прыйдзе столькі людзей. Па розных крыніцах, да вечара на плошчы перад будынкам Вярхоўнага Савету Расеі ў абароне стаяла ад 50 да 100 тысяч чалавек».

І таму прайсьці да Белага дому можна было толькі праз калідор, ператварыўшы жывых людзей у трупы. У гіганцкую колькасьць трупаў.

«Узяліся не за рукі, а пад рукі, і вельмі моцна, — прыгадвае тую ноч маскоўская пісьменьніца Марыета Чудакова. — І ўсю ноч — прыблізна да чатырох-паловы пятай раніцы — кожныя паўгадзіны з балькона Белага дому нам абвяшчалі, што, па інфармацыі чарговага лазутчыка з шэрагаў КГБ, штурм можа пачацца ў бліжэйшыя 30-40 хвілінаў. І зноў і зноў прасілі адцягнуцца ад будынку і папярэджвалі, што пры зьяўленьні любой групы мужчынаў з вокнаў Дому будзе распачаты агонь без папярэджаньня. Мы стаялі шэрагамі, моцна трымаючыся пад рукі. Напружанасьць не сьціхала да сьвітанку. Незвычайна для маскоўскага жніўня холадна. Гэткім жа незвычайным было тое, што дробненькі дождж сеяўся ўжо другія суткі, не спыняючыся ні на хвіліну...» (Мариэтта Чудакова, «Егор»).

«Каб зьнішчыць абаронцаў Белага дому, трэба было зладзіць неверагодную крывавую бойню, перад якой патухлі бы жахі плошчы Цяньаньмэнь, — пішуць Сьцепанкоў і Лісаў. — У гэтых умовах штурм, нягледзячы на велізарную перавагу, абярнуўся б значнымі стратамі і для атакуючага боку. Паводле ацэнкі начальніка аддзяленьня Леаніда Гумяннога, які ўдзельнічаў у рэкагнасцыроўцы, падчас штурму група „А“ страціла б 50 адсоткаў асабістага складу. Кожны другі б загінуў...»

Такім чынам, менавіта людзі, што сабраліся вакол Белага дому (сярод іх, між іншым, былі і жыхары Беларусі) не дазволілі захапіць кіраўніцтва Расеі, што ў выніку, уключна з іншымі фактарамі, прывяло да паразы ГКЧП.

Дземянцей і мыла

21 жніўня стаў апошнім днём путчу.

Пазьней Мікалай Дземянцей будзе казаць і нават напіша ў сваіх мэмуарах, што перад пачаткам сэсіі (насамрэч — у дзень правалу путчу, 21 жніўня, у 16 гадзін) да яго «ў працоўны кабінэт зайшла група дэпутатаў ад апазыцыі на чале з З. Пазьняком і С. Навумчыкам. Двое апошніх папярэдзілі мяне, каб я не выступаў за захаваньне Саюзу ССР, інакш можа здарыцца непрадбачанае. Я пажартаваў: „Павесіце на вяроўцы бяз мыла?“ Яны зьбянтэжыліся і, сказаўшы нешта няўцямнае, сышлі...»

Гэтак піша ў мэмуарах Дземянцей — відавочна, па памяці. Я ж занатоўваў тую гутарку ў кабінэце Дземянцея, як пазьней будзе звычкай казаць, «у рэжыме рэальнага часу».

Вось як усё выглядала насамрэч.

Нас было чацьвёра: акрамя Пазьняка і мяне былі яшчэ Валянцін Голубеў і Юрась Беленькі. Пра «саюзны дагавор» у запісах няма, але зусім магчыма, што фразу такую я проста не пасьпеў запісаць, ну а «непрадбачанае» тычылася б, вядома, ня лёсу Дземянцея, а лёсу Беларусі, якая ўцягвалася імпэрскімі гульнямі ў небясьпечныя працэсы. Вядома, у нашых словах ніякіх пагрозаў фізычнай расправы не было, як не было і зьбянтэжанасьці і няўцямнасьці: Пазьняк у канцы зрабіў Дземянцею абсалютна канкрэтную прапанову.

«Дземянцей: Добры дзень!

Пазьняк: Добры. Шаноўны Мікалай Іванавіч, мы да Вас ужо ня першы раз заходзім, і мы зварот ад дэпутатаў Апазыцыі Вам абавязаны ўручыць. Вось, калі ласка, прачытайце...

Дземянцей: Вы прысаджвайцеся.

Пазьняк: Ня трэба.

Голубеў: Ведаеце, якія зьвесткі ідуць па цэнтральным радыё? Ведаеце?

Дземянцей: Не...

(Якраз у гэтым месцы Дземянцей зьвярнуўся да мяне са словамі кшталту: „Ну што, будзеце цяпер вешаць мяне? А вяроўка будзе з мылам ці бяз мыла?“)

Навумчык: Мы ніколі не заклікалі да пятлі...

Дземянцей: Ну, добра... З мылам, бяз мыла...

Навумчык: Ніколі не заклікалі да пятлі.

Дземянцей: Ну я з вамі таксама вельмі ветліва, ветліва...

Пазьняк: Мікалай Іванавіч, калі Вам хочацца пагаварыць, то а 18-ай гадзіне мы можам пагаварыць тут, на плошчы. Калі ласка, мы Вас запрашаем...

Дземянцей: Дзякуй...»

«Калі добрыя камуністы аб’ядноўваюцца — ператвараюцца ў банду»

Натуральна, на мітынг Дземянцей не прыйшоў. Патрабаваньне ягонай адстаўкі гучала ў выступоўцаў як адно з галоўных.

Валянцін Голубеў: «Спадара Дземянцея дэпутаты Апазыцыі папярэджвалі некалькі разоў, што ён не павінен падтрымліваць путчыстаў, што ён павінен выказаць пратэст супраць таго, што робіцца, а калі ён баіцца, хай скліча сэсію Вярхоўнага Савету. Дэпутаты скажуць усё, а калі ня ўсё, то скажа Апазыцыя. Я хачу сказаць, што мы выступалі за адстаўку гэтага Прэзыдыюму, мы выступалі за роспуск гэтага Вярхоўнага Савету і зараз, ці будзе чарговая сэсія, ці нечарговая, будзем выступаць за адстаўку ў першую чаргу Дземянцея. Верыць такому чалавеку я не магу, і думаю, што вы ня можаце. Людзі! Добра, што мы ўсе разумеем, што наша будучыня — у незалежнасьці, калі мы станем усе вольнымі, калі мы станем поўнасьцю незалежнымі, то выберам таго, хто нам трэба, тых людзей, у каго мы верым, і толькі будзем спачуваць тым краінам і рэспублікам, у якіх камуністы змогуць што-небудзь зрабіць. А ў нас гэтага не павінна быць. Жыве Беларусь!»

Стэнаграма таго мітынгу 21 жніўня перадае эмацыйны настрой людзей, але эмоцыі не перашкодзілі выступоўцам ужо тады зрабіць дакладны аналіз і на дзіва трапны прагноз.

Пётра Садоўскі: «Дарагія людзі (у стэнаграме пазначана: „Прамоўцу цяжка гаварыць, бо душаць сьлёзы“). ... Прабачце, мужчыны. Далібог, нешта са мной здарылася... А я б хацеў праінфармаваць вас яшчэ раз, што ў нас адбыўся пэўны зрух, у гэты цяжкі час пазнаюцца людзі, і ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету таксама адбыўся пэўны зрух... У нас сем членаў Прэзыдыюму, у тым ліку па альфабэце: Булахаў, Карпенка, Курдзюкоў, Садоўскі, Сьлямнёў, Сасноў і Шушкевіч падпісалі заяву, паводле якой... даюць прававую ацэнку таму, што адбылося, і лічаць неабходным сабраць Вярхоўны Савет неадкладна, каб усе дэпутаты паказалі свой твар, сваю думку...»

Сяргей Папкоў: «Настаў час, калі ўсе прадпрыемствы сапраўды павінны стаць уласнасьцю нашай Беларусі, нашай незалежнай Беларусі, і гэта будзе наш уклад у стварэньне незалежнай інтэлектуальнай Беларусі. У нас хапае інтэлекту жыць самім не па ўказцы нейкіх там „цэнтраў“ і гэтак далей, не пад кіраўніцтвам ніякіх хунтаў. Я заклікаю вас, я таксама буду працаваць у гэтым накірунку. Каб наша Беларусь, маючы такі магутны інтэлект, усё ж стала свабоднай дзяржавай. Жыве незалежная Беларусь!»

Сяргей Антончык: «Мы можам сказаць пра нашую перамогу толькі тады, калі Беларусь будзе вольная ад камунізму. Таму што гісторыя паказвае, што дэмакратыя і камунізм несумяшчальныя. Паталягічнай нянавісьці няма да камуністаў, таму што сярод іх, асабліва сярод шараговых камуністаў, ёсьць шмат нядрэнных людзей. Але раптам гэтыя нядрэнныя людзі аб’ядноўваюцца ў адну арганізацыю і ператвараюцца ў самую сапраўдную банду. Небясьпечней за КПСС для нас цяпер няма, няма і няма. КПСС, менавіта КПСС. Калі мы ня зможам скарыстаць сёньняшнюю іхнюю разгубленасьць, калі не дакажам ім, урэшце не зразумеем усе, што не адхіліўшы КПСС, мы ня прыйдзем да свабоды. Калі сёньня мы будзем заклікаць да таварыша Гарбачова як да пакутніка, я думаю, што мы далёка ня дойдзем у сваёй барацьбе за дэмакратыю. Мы не абараняем Гарбачова, мы абараняем сваё права, сваю свабоду. Дзякуй за ўвагу. Менскі страйкам будзе дзейнічаць і далей».

Барыс Гюнтэр: «Вы цудоўна разумееце, што путч, які адбыўся ў Маскве, нарадзіўся ў ЦК КПСС. Гэта самае галоўнае. Вы цудоўна ведаеце: Саюз, бальшавіцкі рэжым замешаны на крыві, пачынаючы з 1917 году».

Вера Церлюкевіч: «Дарагія мае землякі-беларусы. Мне вельмі шкада, што я не магу размаўляць на сваёй роднай мове. Я выхоўвалася на Каўказе, так склаліся мае абставіны жабрацкага майго жыцьця. Таму я не навучылася размаўляць па-беларуску. У свае пяцьдзясят гадоў прыкладу ўсе намаганьні і хоць перад сьмерцю. Але навучуся. Мілая мая Беларусь! Я вельмі радая, што такое здарылася, што самазванцы пацярпелі крах. Як яны прыйшлі да гэтай улады з ганьбай, гэтак яны з ганьбай і праваліліся. Я два дні, шчыра вам скажу, ня спала. Я старшыня страйкавага камітэту трактарнага заводу. І я вельмі ўдзячная страйкамаўцам гораду Менску. Гэта людзі моцныя духам, яны верылі ў перамогу нашага народу, нашага страйкаму... У мяне вялікі калектыў — 1200 чалавек — абраў страйкам. Я ганарылася гэтым, я сёньня таксама клеіла ўлёткі на будынку КГБ, я ні пра што ня думала (воплескі). Але калі кагэбісты падышлі і пачалі пераконваць, я сказала: «Вы таксама хунта! Паколькі спрыяеце і падтрымліваеце».

Зянон Пазьняк: «Паважаная грамада! Яшчэ ідуць працэсы, дзеля якіх мы тут сабраліся. А ўжо можна рабіць высновы, я пастараюся зрабіць некалькі зь іх, таму што Народны Фронт і дэмакратычныя лідэры гаварылі пастаянна, з 88-га году, вы памятаеце, што пакуль будзе камуністычны рэжым у Беларусі, ня будзе ніякай дэмакратыі, ніякіх рэформаў, і ніякай свабоды. Слухалі, кожны думаў па-свойму. І вось гісторыя пацьвярджае правільнасьць гэтых слоў. Другое, што гаварылася пастаянна і над чым мы пастаянна думалі. Пакуль мы ня будзем свабоднымі, пакуль ня будзем мець незалежнасьць і сувэрэнітэт — ня будзем мець ні рэформаў, ні паляпшэньня жыцьця, ні разьвіцьця культуры — нічога. Таму што гэты путч — растаптаньне. Яны імкнуліся растаптаць наш гонар, нашае ўсьведамленьне незалежнасьці. Яны не лічыліся з намі, мы ня маем нічога, ні законаў неабходных канстытуцыйных, бо Дэклярацыя — гэта толькі дэклярацыя. Мы ня маем нашага войска, мы для іх ніхто, мы для іх — гразь. Яны так з намі і хацелі абысьціся. Мы павінны рабіць з гэтага высновы. Трэцяя выснова, якую мы можам зрабіць. Некалі Вальтэр казаў, што мне не падабаецца, што вы гаворыце, але я гатовы аддаць жыцьцё за тое, каб вы мелі права гэта сказаць. Гэта прынцып дэмакратыі, прынцып свабоды чалавечай, павагі. Паважаць чалавека — гэта значыць прымаць чалавека такім, які ён ёсьць. Мы не падтрымліваем палітыкі Гарбачова, мы ведаем, як яна правалілася. Яго палітыку з Чарнобылем, яго праімпэрскую палітыку з Савецкім Саюзам. Усё гэта мы крытыкавалі і паказвалі, але калі да ўлады вырашыла прыйсьці крывавая хунта бандыцкімі мэтадамі, то справа ўжо не ў палітыцы Гарбачова, а справа ў легітымнасьці яго ўлады. Справа ў дэмакратычных прынцыпах, дзеля якіх мы змагаемся і жывём. Можа стацца так, што хунта, напэўна, пацерпіць паразу. Я памыліўся, я казаў, што пратрымаюцца максымум тыдзень, але пратрымаюцца яны менш. Дык вось, на гэтай хвалі, калі былі ўжо чалавечыя ахвяры, і калі столькі разоў было напружаньне, можа здарыцца так, што саюзны дагавор, які нам пятля на шыю, будзе прыняты «на ўра»... Я хацеў бы засьцерагчы нас усіх. Таму што мы павінны памятаць, што гарбачоўская — гэта адна група, а гэтая, якая прыйшла і хацела прыйсьці — гэта другая група, яны аднаго кораня, толькі адны бандыты крымінальныя, а другая, як кажуць, мафія партыйная... Я хачу з вамі падзяліцца сваёй інтуіцыяй. Яна мяне не пакідае ўсе гэтыя тры дні, і чаму хачу падзяліцца — таму што многія мае калегі выказваюць тое, што думаю я. Шаноўныя людзі, мяне не пакідае адчуваньне нейкай д’ябальскай змовы. Вось і сёньня што адбываецца... Нешта тут нячыста, нешта было прадугледжана. А вы будзьце асьцярожнымі, хунта пойдзе, яны будуць асуджаныя, але будзем асьцярожныя, каб тыя, што вялі нас у пятлю, у сьмерць ад Чарнобылю, вялі нас у пятлю гэтага каляніяльнага дагавору, каб яны пад нашае «ўра» не завялі ў тупік...«

Гэтыя інтуітыўныя меркаваньні Пазьняка наконт «д’ябальскай змовы» потым, праз гады, неаднойчы пацьвярджаліся ў выказваньнях некаторых членаў ГКЧП, што Гарбачоў нібыта ведаў загадзя пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча і нават даў «дабро» змоўшчыкам, але потым адмовіўся ад падтрымкі путчу. На карысьць такой вэрсіі прыводзяць і словы самога Гарбачова на прэсавай канфэрэнцыі ў першыя ж дні пасьля путчу: «Усёй праўды я вам усё роўна не скажу». Як там было насамрэч (мне ўсё ж падаецца, што Гарбачоў ня меў дачыненьня да арганізацыі перавароту). пэўна, застанецца адной з таямніцаў ХХ стагодзьдзя.

Але тое ўжо — частка расейскай гісторыі.

Для беларусаў жа ГКЧП, кім бы ён ні ініцыяваўся, быў вялізнай пагрозай. Узьнікла небясьпека ліквідацыі ўсіх дэмакратычных свабодаў, якіх мы з такой цяжкасьцю дамагаліся і, галоўнае, — у выпадку перамогі путчыстаў Беларусь ня хутка здолела б вырвацца з імпэрыі.

Зрэшты, і ажыцьцяўленьне плянаў Гарбачова падпісаць «саюзную дамову» (цырымонія, нагадаю, плянавалася на 20 жніўня, ды путч перашкодзіў) не сумяшчалася з нашым імкненьнем бачыць Беларусь вольнай.

Адразу пасьля мітынгу мы прыступілі да падрыхтоўкі нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, на якой трэба было дамагчыся незалежнасьці.

Дамагчыся якімі заўгодна мірнымі сродкамі.

І якім заўгодна коштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG