Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень дэсантніка


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Ідуць угрэтыя з ранку дзецюкі ў блакітных барэтах, рэюць сьцягі з парашутамі, нешта крычаць. Прыслухаўся – Слава дэсанту! І ў адказ – Героям слава!

Ну так, падумалася мне, у асяродзьдзі беларускіх дэсантнікаў украінскі лёзунг таксама набыў папулярнасьць.

Я пабег далей і задумаўся пра гэты дзень і пра дэсантнікаў увогуле.

Першае дзіцячае ўражаньне было, калі ў сярэдзіне 1970-ых з войска вярнуўся сваяк Саша і, выпіўшы, распавядаў, як на вучэньнях скакаў з парашутам з самалёту, і ў кагосьці той парашут не раскрыўся.

– Падбеглі да яго, кранулі, – распавядаў Саша пра свайго няўдалага саслужыўца, а ён ляжыць, вочы расплюшчаныя і цела калыхаецца – як студзень, бо паламанае ўсё.

Пазьней, калі сам патрапіў у войска, на перасыльным пункце ў Мар’інай Горцы на пошту хвацка падкацілі на матацыкле «Ўрал» два сяржанты мар’інагорскага спэцназу. Выгляд іхны быў папросту захапляльны. Крэпкія, упэўненыя, нахабныя й жыцьцярадасныя дзецюкі. Грузін і беларус.

– Эй, Дато, – заклікаў беларус грузіна, – пакажам маладым, чаго варты мар’інагорскі спэцназ!

Яны тутака ж, проста перад будынкам пошты зладзілі трэніровачны бой. Халера, лепшай рэклямы для навабранцаў цяжка было сабе ўявіць. І калі на перасыльны пункт па «маладых» прыбылі «купцы» з Будапэшцкай дэсантна-штурмавой брыгады і прамовілі: спартоўцы, крок наперад, я зрабіў той крок зь лёгкасьцю. Але стаць мне дэсантнікам перашкодзілі дзьве рэчы: па-першае, я апынуўся разявакам, бо ня ўзяў сваю заліковую спартовую кніжку, дзе было пазначана, што я кандыдат у майстры спорту па боксе; па-другое, я ўзяў кніжку пра сканчэньне школы ДТСААФ, дзе мая спэцыяльнасьць была ў сфэры вайскова-паветраны сілаў.

Капітан, што набіраў каманду ў ДШБ, заявіў мне, што да паходу ў войска таксама трэба рыхтавацца. Я быў страшна расчараваны, бо ўжо ўяўляў сябе падобным да тых дзецюкоў-спэцназаўцаў каля пошты.

У самалёце мой прыяцель Саша Францкевіч, хлопец з Маладэчна, намаўляў мяне падысьці да кэпа яшчэ раз, бо кэп быў пад шафэ і можна было гэтым скарыстацца, але я не наважыўся на другую спробу.

Яшчэ болей я расчараваўся, што не апынуўся ў складзе дэсантнай каманды наступным ранкам, калі нас прывезьлі з вайсковага аэрадрому ў Будапэшт. Выйшаўшы з нэтраў мэтро, я атрымаў культурны шок, бо праз Дунай на нас глядзеў палацавы комплекс аўстра-вугорскага парлямэнту. Дзесяць хвілін, што мы йшлі па ўзьбярэжнай, я неадрыўна глядзеў на гэтае хараство архітэктуры, згадваючы словы Сашы Францкевіча, што ДШБ месьціцца ў Будапэшцкім прадмесьці і ў звальненьне дэсантнікаў пускаюць у гэты старажытны горад.

Трэці раз я пашкадаваў пра маю ненастойлівасьць тады, калі пасьля войска, на сустрэчу аднаклясьнікаў мой прыяцель Сяргей Акуліч прыйшоў у блакітным барэце і распавядаў, як ён служыў у той самай Будапэшцкай ДШБ і расьпісваў прыгажосьць Будапэшта. Нашы дзяўчаты слухалі яго зь непрыхаваным захапленьнем.

Што праўда, быў момант іншы. Пазьней, калі навучаўся ў інстытуце фізкультуры, неяк запытаў прыяцеляў-аднакурсьнікаў, што служылі ў дэсанце ў Афганістане пра тую вайну, разьлічваючы пачуць аповед у стылі Рэмба. Але адзін зь іх, Андрэй Белазёраў прымусіў мяне паглядзець на зваротны бок дэсантнага мэдаля.

– Ведаеш, – неяк пахмурна й шчыра заўважыў ён мне. – Вайна такая штука, што ў цябе страляюць, ты страляеш… і бывае трапляеш не туды й не ў таго. А пасьля з гэтым прыходзіцца жыць. Далей ён не расшыфроўваў.

Трошкі пазьней, калі пачалася «перестройка и гласность», я пачытаў у часопісе «Огонёк», як тая вайна круціла ў вузлы лёсы жаўнераў, у тым ліку і перадусім – дэсантнікаў.

Але былі гісторыі весялейшыя. Запомнілася, як прыяцель інстытуцкі Валера Рыбак, што служыў у дэсантнай вучэбцы пад Коўнам, распавядаў, як лаяліся на іх літоўскія вяскоўцы, калі курсанты залазілі па яблыкі ў іхныя агароды.

– Есьці хочацца, залезеш у сад, набярэш яблыкаў і дай бог ногі, а ўсьлед чуеш гаспадарскае: ат блядас, курвас, парашутыстас!

Альбо вясёлая заўвага гарадзенскага журналіста Віктара Сазонава, што праходзіў службу ў ДШБ у Чэхаславакіі. Віктар распавядаў, што ім было заданьне на вучэньнях перасякаць незаўважна чэхаславацка-германскую мяжу, што яны неаднойчы з посьпехам рабілі. Пасьля гэтыя навыкі яму прыдаліся ў дзевяностыя, калі ён быў гандляром-чаўнаком і яму прыходзілася перасякаць шматлікія эўрапейскія межы, не заўжды маючы адпаведную візу.

Сьведкам адной вулічнай замалёўкі на Дзень дэсантніка ў Маскве быў я сам. Выкупаўшыся ў фантанах, «галубыя барэты» нешта не падзялілі з амонаўцамі. Пачалася бойка, як кажуць, сьценка на сьценку. Але сярод дэсантнікаў таксама быў дзейсны амонавец, які, відаць, выгадаў сабе выходны на сваё сьвята.

– Іван, табе ж заўтра на службу, – даводзілі рацыю амонаўцы свайму п’яному й разьятранаму калегу.

– Мне заўтра на службу, а сёньня не замінайце мне сьвяткаваць, засранцы, – крычэў амонавец-дэсантнік у мокрым, скрываўленым, разьдзертым цельніку, кідаючыся ў бойку на сваіх саслужыўцаў, што былі пры выкананьні.

Вяртаючыся ў сёлетні Дзень дэсантніка ўвечары дадому, я разгаварыўся з хлопцамі ў цяльняшках, што весела сьвяткавалі за столікамі, каля Цэнтральнага ўнівэрсаму.

– Сёньня ваш дзень, хлопцы. С сьвятам!

– Как сказать, і да, і нет. В Беларусі нет нашего дня, і рода войск такого нет. Есть сілы спецоперацій, поэтому сьвяткуем, как в Россіі.

Кранулі Данбас у размове.

– У нас можа пачацца? – запытаў я.

– Сёньня ўсё можа быць, – адказаў адзін.

– Калі пачнецца, то выбіраць ня прыйдзецца, бо свой цельнік бліжэй да цела, – дадаў другі.

Разьвіталіся. Я йшоў і думаў, што слушна было б беларускай дзяржаве й беларускім збройным сілам прызначыць свой дзень для гэтых хлопцаў.

Дзень Беларускага Дэсантніка! Гэта было б правільна й справядліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG