Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінінградзкі сайт даказаў, што новым кіраўніком рэгіёну стаў адзін з ахоўнікаў Пуціна


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, супрацоўнік ФСО Яўген Зінічаў (справа), невядомы супрацоўнік ФСО (зьлева). Фота: Уладзімер Смірноў / ТАСС
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, супрацоўнік ФСО Яўген Зінічаў (справа), невядомы супрацоўнік ФСО (зьлева). Фота: Уладзімер Смірноў / ТАСС

У афіцыйнай біяграфіі Яўгена Зінічава сказана, што ён «служыў на розных пасадах у органах дзяржаўнай бясьпекі».

Сайт «Новы Калінінград» сабраў фатаграфіі часовага выканаўцы абавязкаў кіраўніка вобласьці Яўгена Зінічава. Чалавек, чыя афіцыйная працоўная біяграфія складаецца з аднаго радка, суправаджаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Гэта вынікае з кадраў, апублікаваных агенцтвам ТАСС.



На першай апублікаванай фатаграфіі Яўген Зінічаў стаіць за сьпінамі Пуціна і Віктара Золатава. Фота зроблена ў 2006 годзе, у той момант Золатаў быў начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта. У 2016 годзе яго прызначылі кіраваць створанай Нацыянальнай гвардыяй. Кадар зроблены падчас візыту ў Яраслаўль.



Другое фота зроблена ў 2010 годзе падчас паездкі ў Іванава. Зінічаў знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад Уладзімера Пуціна.


Трэцяе фота таксама зроблена падчас візыту ў Іванава. Паміж Пуціным і Зінічавам стаяць віцэ-прэм’ер Аляксандр Жукаў і губэрнатар Іванаўскай вобласьці Міхаіл Мень.

Чацьвёртае фота (глядзець загалоўнае фота) таксама зроблена ў Іванаве ў 2010 годзе. Уладзімера Пуціна затуляюць Яўген Зінічаў і яшчэ адзін супрацоўнік ФСА, які пакуль яшчэ не атрымаў месца кіраўніка расейскага рэгіёну.

Яўген Зінічаў з чэрвеня 2015 году, знаходзячыся ў чыне генэрал-маёра, узначальваў ўпраўленьне ФСБ па Калінінградзкай вобласьці. Яго біяграфія, апублікаваная на сайце ўраду рэгіёну, ляканічна пераказвае працоўную біяграфію выхадца з ФСА: «З 1987 па 2015 год cлужыў на розных пасадах у органах дзяржаўнай бясьпекі».

Адначасова з Зінічавам пост часовага выканаўцы абавязкаў губэрнатара атрымаў яшчэ адзін выхадзец з ФСА: Яраслаўскую вобласьць ўзначаліў намесьнік міністра ўнутраных спраў Дзьмітрый Міронаў.



У лютым 2016 году кіраўніком Тульскай вобласьці стаў яшчэ адзін былы ахоўнік Пуціна — Аляксей Дзюмін. Згодна з публікацыямі у «Газете.ру» і «Коммерсанте», у 2007 годзе Дзюмін быў начальнікам аховы прэм’ер-міністра Расеі Віктара Зубкова. Калі пост прэм’ер-міністра заняў Пуцін, Дзюмін пайшоў на павышэньне і стаў асабістым ад’ютантам кіраўніка ўраду. Дзюмін разам з Пуціным гуляў у хакей у «Начной хакейнай Лізе»: стаяў на варотах.

У СМІ апублікавалі зьвесткі пра тое, што Дзюмін нібыта асабіста ратаваў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча пасьля перамогі Майдану. Новы кіраўнік Тульскай вобласьці назваў гэтую гісторыю «легендай».

У ЦВК абвясьцілі, што выбары ў Калінінградзкай і Яраслаўскай абласьцях, дзе зьмяніліся губэрнатары, адбудуцца больш чым праз год — у адзіны дзень галасаваньня ў верасьні 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG