Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін стварыў Нацыянальную гвардыю і прызначыў яе дырэктарам свайго былога ахоўніка


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі таксама ліквідаваў як самастойныя структуры Фэдэральную службу па кантролі за абаротам наркотыкаў (ФСКН) і Фэдэральную міграцыйную службу.

Гэтыя ведамствы ўвойдуць у склад Міністэрства ўнутраных спраў. На базе ўнутраных войскаў МУС Уладзімір Пуцін загадаў стварыць Нацыянальную Гвардыю.

Гэтыя заявы Пуцін зрабіў на сустрэчы з кіраўніком МУС Уладзімірам Калакольцавым, кіраўніком ФСКН Віктарам Івановым і камандуючым Унутранымі войскамі МУС Віктарам Золатавым.

Пуцін растлумачыў, што Нацыянальная гвардыя — гэта новы орган, які будзе займацца барацьбой з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасьцю.

«Рашэньне прынятае, мы ствараем новы фэдэральны орган выканаўчай улады на базе Ўнутраных войскаў МУС, ствараем Нацыянальную гвардыю, якая будзе займацца барацьбой з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасьцю, у цесным кантакце з МУС працягне выконваць тыя функцыі, якія выконвалі падразьдзяленьні АМАП, спэцыяльныя атрады хуткага рэагаваньня і гэтак далей », - сказаў Пуцін.

Дырэктарам Фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі прызначаны былы ахоўнік Пуціна Віктар Золатаў. Раней ён узначальваў ўнутраныя войскі МУС РФ. У лістападзе 2015 году Золатаву прысвоілі званьне «генэрал арміі».

Былы ахоўнік Сабчака і Пуціна

Вялікую частку кар’еры Золатаў правёў у Фэдэральнай службе аховы. 13 гадоў ён кіраваў службай бясьпекі прэзыдэнта Расеі. Да пераезду ў Маскву Золатаў працаваў ахоўнікам мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака, дзе і пазнаёміўся з Уладзімерам Пуціным. Паводле зьвестак РБК, першай працай Золатава ў пецярбурскай мэрыі была ахова Ксеніі Сабчак.

Два сілавых ведамствы, аб магчымай ліквідацыі якіх СМІ пісалі з канца мінулага году, пазбавіліся самастойнасьці і пяройдуць у падпарадкаваньне МУС.

«Што тычыцца барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю ў сфэры незаконнага абароту наркотыкаў, то, як мы і казалі, адну з прапаноў мы рэалізуем: мы ФСКН пераводзім у сыстэму МУС», — заявіў Пуцін.

«Тое ж самае тычыцца міграцыйнай службы», — дадаў Пуцін.

Упершыню пра ідэю ліквідацыі ФСКН і ФМС як самастойных ведамстваў распавяла расейская газэта «Ведомости» больш за год таму, у канцы студзеня 2015 году.

Выданьне са спасылкай на свае крыніцы пісала, што ў органах улады абмяркоўваюцца прапановы аб ліквідацыі ФСКН як самастойнага органу і перадачы часткі яе асабістага складу ў МУС. Па словах супрацоўніка цэнтральнага апарата МУС, такія абмеркаваньні вяліся ў сувязі з плянамі бюджэтнай аптымізацыі.

Дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн тады сьцьвярджаў, што на скарачэньні шляхам зьліцьця сілавых ведамстваў настойвае міністэрства фінансаў. Перадаць ФМС у структуру органаў унутраных спраў таксама прапанаваў Мінфін, казаў дэпутат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG