Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Службовыя твары сінявокай рэспублікі


Білборд на мяжы
Білборд на мяжы

Калі ўяжджаеш у Польшчу, цябе сустракаюць шчыты з рэклямай. Дзе «хускварну» прадаюць, дзе мэблю, дзе сантэхніку. Калі ўяжджаеш у Беларусь — ніякіх вольнасьцяў, ніякага табе «купі-прадай». Тут сустракаюць цябе вялікія партрэты.

Краіна паступова апартрэчваецца, дадаючы да галоўнага твару, што ў кабінэтах, залях і казармах пад дахам, іншыя — на паветры. На вуліцах, уздоўж дарог рэспубліканскага і міжнароднага значэньня.

Беларусь перажыла кароткую рэвалюцыю твараў: 1991-1995. Вось гэта Зянон Пазьняк! З БНФ. А гэта Ігар Гермянчук! Рэдактар «Свабоды». З хаўтурамі рыцара, які быў абагульненым абліччам новай незалежнай краіны, яе візытнай карткай, начальства вярнула Беларусь у ранейшы стан савецкай рэспублікі.

Твары ў БССР прысутнічалі. Партрэты дзядоў з Палітбюро і ўзоры гегемона — маляваныя сталявары, будаўнікі, хлебаробы з кулакамі. І «тры асілкі» — Ленін, Маркс ды Энгельс. Жывыя таксама існавалі: твары на бэтонных «дошках гонару», зробленыя па канонах фотаатэлье. Іншых людзей на вуліцах не рэклямавалі, нават касманаўтаў і хакеістаў, якія дазвалялі СССР спаборнічаць з ЗША, даганяць хоць у нечым. Агульнавядомым было толькі аблічча Пугачовай. А перад ёй — Высоцкага.

Што праўда, твары прысутнічалі таксама ў кіёсках «Саюздруку» у выглядзе чорна-белых здымкаў артыстаў савецкага кіно. Пазьней зьявіліся нават паасобныя каляровыя. Мая стрыечная сястра іх зьбірала, мела цэлую скрынку з-пад туфлікаў. Твары артыстаў тыражаваліся, але памеры мелі сьціплыя, Палітбюро прадавалася ў кнігарнях: фарматамі А4, А3, а Ленін нават А1, як прасьціна галоўнай газэты «Правда», дзень друку якой сучасная РБ упарта працягвае адзначаць 5 траўня.

Калі ў краіне стаў адзін гаспадар, начальства пачало падазрона ставіцца да іншых твараў. Таму спачатку былі толькі каляровыя плякаты ў савецкім стылі: ідуць з букетамі вэтэраны. Пазьней іх уразнастаілі: 90-гадовы салдат у пілётцы з праўнукам. Або з унукам, які служыць, скажам, у Амоне. Паявіліся амонаўцы ў бурачковых бэрэтах. Спартоўцы таксама.

Ёсьць твары на вуліцах. Але разам з выявамі памежнікаў на білбордах гэта ўсё твары «служылых», як любіць гаварыць драбнейшае начальства, людзей. Сапраўды так, бо спартоўцы таксама людзі не прыватныя, у некаторых можа і званьне быць — ад лейтэнанта да маёра.

Паявілася сэрыя сацыяльных білбордаў «роднай зямлі адданыя». Шчырыя твары, але калі безназоўна, то не зусім аўтарытэтна, мне здаецца.

У Польшчы дзяржава для чалавека, у нас па-ранейшаму наадварот. У палякаў на постэрах, шыльдах мы завочна знаёмімся з канкрэтнымі людзьмі. Нават калі гэта будзе не партрэт, то прозьвішча: вы прачытаеце ў шыльдах — дзе чый ў Польшчы гатэль, аўтасалён, прыватнае прадпрыемства. Захоўваецца і старая агульная традыцыя: «Рылко і сыны», напрыклад. У нас гаспадар першага прыватнага гатэлю на ўездах у горад паставіў свае рэклямныя стэнды з прозьвішчам, бо яно ў назьве, і спачатку свой здымак зьмясьціў, але здымка цяпер няма.

Дзе твары прадпрымальнікаў, гаспадароў аграсядзіб, мэцэнатаў, людзей, якія зрабілі штосьці значнае, дзякуючы якім за мяжой пачулі пра Беларусь?

Не спрачаюся: дасягненьне, што далі адмашку на мастацкія партрэты гістарычных асобаў, паставілі ўздоўж дарог. Гэта, як на Беларусь, проста гіганцкі скачок. Але наша апошняя навіна: далі ў рукі новыя грошы, але сваіх знакамітых людзей мы на іх так і ня ўбачылі. Краіна, а дакладней, ясна, начальства — пабойваецца вядомых твараў і прозьвішчаў. Каб заставацца краінай аднаго партрэта. Пастаяннага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG