Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёва за Дзень Волі аштрафавалі на 420 рублёў


Рыгор Кастусёў (зьлева) і Віталь Рымашэўскі на Дні Волі-2016
Рыгор Кастусёў (зьлева) і Віталь Рымашэўскі на Дні Волі-2016

Суд Савецкага раёну Менску пакараў намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва штрафам на дваццаць базавых велічыняў.

Судзьдзя Марына Фёдарава пастанавіла, што палітык удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сваёй віны Кастусёў не прызнаў і зьбіраецца вырак абскарджваць у гарадзкім судзе Менску.

«Як і на іншых удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі, судзьдзі штампуюць абвінаваўчыя выракі пад капірку. Такім чынам ідзе папаўненьне казны. Суд зарабляе сабе і міліцыянтам. Абвінавачаньні на мой адрас рассыпаліся, бо яны былі непраўдзівымі, але суд пастанавіў 20 базавых мне ўляпіць», — пракамэнтаваў вырак Рыгор Кастусёў.

У выраку Фёдаравай пазначана, што 25 сакавіка на праспэкце Незалежнасьці было выяўлена, што Кастусёў удзельнічаў у мітынгу, на які не было дазволу Менскага гарвыканкаму. На мітынгу ён выкрыкваў лёзунгі.

Супраць Кастусёва сьведчылі супрацоўнікі міліцыі Васіль Моўчын і Аляксандар Ёрш. Суду міліцыянты сваю бязьдзейнасьць у прадухіленьні правапарушэньня Кастусёвым патлумачылі нежаданьнем «ствараць напружанасьць» падчас масавага мерапрыемства.

Паводле Кастусёва, супрацоўнікі міліцыі ня здолелі прыгадаць, якія менавіта гучалі лёзунгі на мітынгу.

Кастусёў адзначае, што пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня, які ў матэрыялах справы, цалкам адрозьніваецца ад той копіі, якую яму даслалі поштай. У некаторых дакумэнтах адміністрацыйнай справы, кажа палітык, ягонае прозьвішча пададзенае няправільна.

Справу Кастусёва суд Савецкага раёну разглядаў некалькі разоў. Першы раз палітыка судзілі безь ягонай прысутнасьці і пакаралі на 30 базавых велічыняў.

Фронтавец абскардзіў вырак, і судзьдзя Валеры Камісараў з увагі на памылкі, дапушчаныя ў пратаколах і падчас судовага пасяджэньня, пастанавіў скасаваць рашэньне пра штраф і накіраваць справу на перагляд. Судзьдзя Марына Фёдарава паставіла сваю кропку ў справе, пакараўшы намесьніка старшыні партыі БНФ на 20 базавых велічыняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG