Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кастусёва пакаралі за Дзень волі. Ён мусіць заплаціць 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў


Намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва Савецкі суд Менску пакараў штрафам за мітынг на Дзень Волі. Паводле выраку судзьдзі Натальлі Драчовай, палітык за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве мусіць заплаціць 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Суд адбыўся без удзелу Кастусёва. Ён лічыць рашэньне неабгрунтаваным і зьбіраецца яго абскарджваць.

Судовае рашэньне Рыгору Кастусёва даслалі поштай. У ім пазначана: згодна з рапартам участковага інспэктара Савецкага аддзелу міліцыі Менску Молчана 25 сакавіка на праспэкце Незалежнасьці было выяўлена, што Кастусёў удзельнічаў у мітынгу, на які адсутнічаў дазвол Менскага гарвыканкаму.

«Гэта выявілася, — гаворыцца ў прысудзе фронтаўцу, — у сумеснай масавай прысутнасьці грамадзян, выкрыкваньні лёзунгаў».

«Зразумела, што рашэньне незаконнае. Я меў дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства на Дзень волі, — камэнтуе вырак Рыгор Кастусёў. — На гэтым мерапрыемстве я быў абазначаны бэджыкам як арганізатар. Падчас яго правядзеньня ад міліцыянтаў, якія забясьпечвалі правапарадак, не было да мяне заўваг, што ёсьць парушэньні. І раптам зьяўляецца пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня, а за ім судовае рашэньне пра маё пакараньне».

«Усё гэта выглядае абсурдна. Відаць, уладзе, супрацоўнікам міліцыі патрэбныя грошы, і яны гэтак імкнуцца папоўніць дзяржаўную казну, якая, як вядома, на сёньняшні дзень пустая. Буду абскарджваць гэтае рашэньне. Аднак, ёсьць праблема, ці прымуць маю скаргу, бо суд адбыўся яшчэ пятага траўня. Дзесяцідзённы тэрмін абскарджаньня мінуў. Хутчэй за ўсё, мая скарга прынятая ня будзе», — падсумоўвае намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Як ён сьцьвярджае, позву на разгляд сваёй справы, ня ведаючы пра гэта, ён атрымаў у дзень суда. Раней палітык паведамляў, што яму дасылалі з суда дакумэнты, але складзеныя яны былі неахайна, з мноствам памылак. Самага пратаколу цалкам разабраць ня змог. Позва з выклікам у менскую міліцыю выпісаная была на імя Касьцерава.

Шэраг удзельнікаў адзначэньня Дня Волі ўжо пакараныя штрафамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG