Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знакаміты фэстываль гумару ў Аўцюках перанесьлі ў Калінкавічы


Аўцюкоўскі лёзунг
Аўцюкоўскі лёзунг

8 ліпеня на скрыжаваньні дарог у вёсцы Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёну распачаўся YIII Рэспубліканскі фэст народнага гумару «Аўцюкі-2016».

Вядоўцы — Каласок і Калінка — запрашаюць «гасьцей мілейшых і гаспадароў тутэйшых, жанчын прыгожых і мужчын цьвярозых» ды розных іншых сваякоў у Рэспубліку Сьмеху, дзе зьлева — Вялікія Аўцюкі, справа — Малыя, а пасярод — Сырод.

Удзельнікі фэсту
Удзельнікі фэсту
Драгічынскае сьмехаўё
Драгічынскае сьмехаўё

Гасьцей на сьвяце гумару ці ня больш, чым саміх аўцюкоўцаў, — з Мазыра і Гомеля, Валожына і Драгічына, Краснадарскага краю Расеі ды Малдовы. Грамаду вітаюць намесьнік міністра культуры Васіль Чэрнік і старшыня Калінкавіцкага райвыканкаму Віктар Піліпец.

Гісторыя вёсак
Гісторыя вёсак

Невялікі гумарыстычны экскурс у 500-гадовую гісторыю Малых і Вялікіх Аўцюкоў, выкладзены Каласком і Калінкай, дае ўсім зразумець, што нарадзіліся ў гэтых мясьцінай людзі з характарам — і «свайго ня ўпусьцяць, і чужака не прапусьцяць». І вось торгалі яны мяжу туды-сюды, пакуль ажно не ўтварылася рэчка Закаванка. Яна й разьдзяліла вяскоўцаў — адны сталі жыць пажываць і дабро нажываць у Вялікіх Аўцюках, іншыя — у Малых. Але ж Малыя Аўцюкі насамрэч большыя за Вялікія. Ад таго і спрэчка: хто важнейшы і мажнейшы?

Восьмы фэст запар спрачаюцца за першынства старшыні сельскіх саветаў — Вялікааўцюкоўскага — Пётар Гаркуша і Малааўцюкоўскага — Міхаіл Дулуб.

Сустрэча «аўтарытэтаў»
Сустрэча «аўтарытэтаў»

Сцэнарысты сельскім «аўтарытэтам» прыдумалі сёлета сустрэчу на байках. З дывановай дарожкі на шашы Гомель-Кобрын у суправаджэньні спэцназу накіроўваюцца на сцэну, якая стала на некаторы момант рынгам.

«Царыца» на трактары
«Царыца» на трактары

Мірыць іх зьбіраецца не князёўна, не матулька з татулькам, а «царыца» — старшыня Сыродзкага сельскага савету Галіна Бічан. Гэта акурат той Сырод, «дзе не расьце й асот, затое — багата чырвоных памідораў». Глянуць на «царыцу» — і чырванеюць. «Царыца» едзе ў «карэце», то бок на трактары, каб быць у суперніцтве рэфэры-міратворцам.

Вечныя супернікі
Вечныя супернікі

Вечныя сябры й супернікі скідваюць свае атлясныя халаты, застаючыся ў баксёрскіх пальчатках. Правяраючы гатовасьць супернікаў да паядынку, рэфэры знаходзіць у аднаго камень за пазухай. Гэта па-аўцюкоўскі! А другі — аддае з-за пазухі цагліну сам.

Каласок і Калінка даводзяць, што і камень, і цагліна — гэта не для суперніка. Старшыні паставяць на іх аўтографы, а заўтра ў Калінкавічах, дзе сьвята гумару будзе мець працяг, прададуць іх як сувэніры.

Замірэньне
Замірэньне

Паядынак «аўтарытэтаў» скончыўся ўнічыю, і каб замацаваць вынік ад заснавальніка сьвята, пісьменьніка Ўладзімера Ліпскага, выдаюць пуд солі — разам зьесьці. А пасьля ўжо абодвух запрашаюць на лаву замірэньня, адмыслова пабудаваную майстрамі на раздарожжы Малых і Вялікіх Аўцюкоў. У неба б’юць «пырскі шампанскага» з пажарных брандспойтаў, а на зялёным газоне снапамі іскраў успыхваюць фэервэркі.

На замірэнчую лаву рынуліся фатаграфавацца й іншыя ўдзельнікі сьвята. Калектывы ж мастацкай самадзейнасьці паехалі па вёсках даваць свае канцэрты. На гэтым аўцюкоўская частка сьвята, можна сказаць, і завяршылася.

Традыцыйны агляд падворкаў, выступы мастацкіх калектываў, гумарыстаў, некаторыя іншыя цікавосткі — «Аўцюкоўскія алімпійскія гульні», конкурс «Міс Аўцюкі» — перанесеныя ў Калінкавічы.

Раённыя кіраўнікі лічаць, што ў горадзе «больш цывілізавана» і «больш людзей далучацца да сьвята». Самі аўцюкоўцы з гэтым ня надта пагаджаюцца.

Трактарысты Міхась Мура і Аляксандр Века
Трактарысты Міхась Мура і Аляксандр Века

«Нас выключылі са сьвята! Раней і ў Вялікіх, і ў Малых Аўцюках людзі рыхтаваліся, падворкі прыбіралі, патраўку ды іншыя пачастункі рыхтавалі, — згадвае мясцовы жыхар Аляксандр Века. — Хадзілі камісіі, выяўлялі найбольш дбайных і гасьцінных гаспадароў, хто і пачаставаць, і насьмяшыць можа. Заахвочвалі людзей. А потым праз „жартаўлівы“ масток людзі ішлі пад дубы, дзе ладзілася асноўная частка сьвята. Расказвай показку ці анэкдот — ідзі бясплатна. Не — купляй білет, плаці грошы».

Яшчэ адзін карэнны аўцюковец, які назваўся Віктарам, кажа, што сьмяюцца цяпер вяскоўцы хіба самі зь сябе: пэнсіі невялікія, працы маладзейшым няма. Колішні калгас сплюшчыўся, усох, хоць і злучыўся з сыродзкай «Дружбай». Многія вяскоўцы не дажываюць да сталых гадоў.

«От, тут хочаш сьмейся, а хочаш плач — хто як сабе прыдумае», — падрахоўвае вясковец.

Любоў Века і Параска Радзько — аўцюкоўкі
Любоў Века і Параска Радзько — аўцюкоўкі

80-гадовая бабуля Люба кажа, што ў вёсцы нават лазьні няма: «Закрыць лазьню зьбіраюцца і ў Галяніцы. То будзем ужо сюды, у копанку, прыходзіць мыцца — разам з гэтымі папяровымі «лебедзямі» плаваць, як «Каласок» з «Калінкай».

Аўцюкоўская копанка
Аўцюкоўская копанка

Шматдзетная маці Валянціна, якая выгадавала васьмярых дзяцей ці то жартам, ці то ўсур’ёз апавядае апошнюю навіну, зьвязаную з дэнамінацыяй айчыннай валюты:

«Цяпер аўцюкоўцы двойчы ў краму ідуць: адзін раз, каб купіць, а другі — каб рэшту пералічылі, якую далі пры пакупцы. Дадуць гэтыя капейкі са старымі грашыма — стачыць нельга. Мільянэрамі былі — радасьці мала было, а цяпер яшчэ мудрэй зрабілі».

Валянціна і Васіль Севярыны
Валянціна і Васіль Севярыны

Муж Валянціны Васіль настроены на мажорны лад: «Казаў табе, даражэнькая, паехалі ў Францыю, да цёткі Вольгі — цяпер бы тыя франкі ці эўра лічыла. Цётка яе ў Ліёне жыве. Вунь куды аўцюкоўцаў занесла! А нам тут усё абяцалі: „Зробім фэст ваш міжнародным, міжнародным“. А цяпер — у Калінкавічы перацягваюць. Лепш бы ўжо ў Ліён — да цёткі».

Валянціна дае мужу лёгкага кухталя, і ён пераключаецца на іншую хвалю: «Сьмеху варта — нашы аўцюкоўцы жэняцца, а праз год ці два — яны ўжо вольныя, у разводзе. А мы з табою, Валюха, сорак ці ўжо пяцьдзесят разам? Дзесяць дзяцей нарадзілі, двое, на жаль, памерлі. А васьмёх гадуем — чатыры хлопцы, чатыры дзяўчыны. Сіла!»

Суразмоўнік хітравата ўсьміхаецца і пытае: «А ці ведаеш, браце, чаму ацюкоўцы бусла праз кладку не перавялі?»

Паціскаю плячыма: «Пэўна, не злавілі?»

«Э, не! Балота асушылі, і кладкі прыбралі. Гэта табе на дарогу — пра наш фэстываль гумару».

Сьвята гумару
Сьвята гумару

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG